У музеі прайшла сустрэча з ашмянскім паэтам Пятром Шаколам

Образование

Натхненне  да творчасці прыйшло ў яго дзесьці ў класе пятым-шостым. Так, па крайняй меры, лічыць сам паэт,   Пётр  Валяр’янавіч Шакола. З той пары шмат вады ўцякло і шмат твораў выйшла з-пад яго нястомнага  пяра. Аб гэтым сведчаць зборнікі  вершаў, паэмы і гумарэскі-карацелькі, якія “пякуцца” ў аўтара, як блінкі на патэльні, а пасля разыходзяцца па людзях. Сёння многія ашмянцы ў сваёй бібліятэцы маюць яго кнігі, атрыманыя ў знак дружбы і сяброўства, сумеснай вучобы альбо працы,  добрага суседства ці проста шчырай сімпатыі да чалавека.  За 65 год свайго жыцця ў Ашмянах Пётр  Шакола   набыў шмат сяброў. З маленства дружыць ён з раённай газетай. Аб тым, як пачалося гэта знаёмства, аўтар нават склаў верш:

І помню, як у першы раз

Сваё імя ў газеце ўбачыў,

Хадзіў тады ў шосты  клас, —

Даслаў заметку, на удачу…

Добрыя творчыя адносіны склаліся ў Пятра Валяр’янавіча  з цэнтральнай раённай бібліятэкай, якая часта запрашае яго на  сустрэчы з чытачамі.  Не мінае  мясцовы  паэт   будынка  краязнаўчага музея Францішка Багушэвіча, дзе знаходзіць адказы на шматлікія  пытанні па гісторыі роднага краю, а затым увасабляе гэтыя веды ў сваіх творах.  Не раз прыйшлося звяртацца яму да гістарычных крыніц пры напісанні паэм “Беларусы”, “Ашмяны” і “Гальшаны”.  Як сапраўдны патрыёт беларускай зямлі, ён заходзіць у музей, каб абмеркаваць спрэчныя пытанні гісторыі, падзяліцца думкамі наконт  новых фактаў і звестак,  ці каб у чарговы раз прайсціся па яго залах:

Я заходжу ў музей, дзе і проста, і чынна.

Супрацоўнікі тут – апантаныя значнасцю справы сваёй –

Мне ўсё шчыра раскажуць-пакажуць –

І ўсплывуць прад вачамі карціны

Векапомных гадоў шматпакутнай і слаўнай Радзімы маёй.

Зусім нядаўна Пётр Валяр’янавіч завітаў у музей крыху  па іншай  справе. Музейныя работнікі  наладзілі  для свайго  сябра  творчую сустрэчу “Завітаю ў запаснікі памяці”, прымеркаваную да 65-годдзя  паэта і краязнаўца.  На мерапрыемства сабраліся  родныя, знаёмыя і сябры віноўніка ўрачыстасці, таму і атрымалася яна па-хатняму ўтульнай і гасціннай.

Па сцяжынах жыццёвых скрыжаляў паэта   правяла  гасцей  супрацоўніца музея Вольга Вінцаловіч. Памочнікам вядучай у гэтай справе стаў  сямейны альбом Пятра Валяр’янавіча, мультымедыйная ўстаноўка і  паэзія аўтара.

Большасць вершаў ашмянскага паэта  лірычныя, таму, менавіта,  і блізкі яму па духу  Максім Багдановіч.  А лірыка, як вядома,  вельмі добра кладзецца на музыку. Гэта акалічнасць  паспрыяла ўзнікненню творчага тандэму з   кампазітарам Мікалаем  Розенбергам.  Супрацоўніцтва двух творчых асоб вылілася ў цэлы зборнік  песень, якія гучаць сёння на раённых святах і мерапрыемствах. Таму Мікалай Рыгоравіч з задавальненнем прыйшоў на мерапрыемства, каб павіншаваць чалавека, з якім яго  звязваюць  доўгія гады  шчырага  сяброўства.

У сям’і Шаколаў   дзеці  цягнуліся да адукацыі. Усе яны сталі настаўнікамі.  Пётр скончыў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы: Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.  Больш дваццаці год  настаўнічаў у школах раёна, а таксама быў дырэктарам Янканцаўскай няпоўнай сярэдняй,  Анкудскай базавай і Цудзенішскай сярэдняй школ.  Павіншаваць Пятра Валяр’янавіча  з юбілейнай датай прыйшлі вучні  цяпер ужо Цудзенішскага вучэбна-педагагічнага комплексу, а таксама  СШ №1, дзе ён вучыўся. У гэтых навучальных установах ён заўсёды жаданы госць, дарэчы, як і ў іншых. Паэта часта запрашаюць на мерапрыемствы як установы адукацыі, так і культуры. Паэзія  падаравала яму сяброў і сярод калег па пяры. Сваё прысвячэнне старэйшаму таварышу  падрыхтаваў выхавацель інтэрната аграрна-тэхнічнага каледжа Яўген Куст. Ад раённай газеты “Ашмянскі веснік”  павіншавала юбіляра  намеснік галоўнага рэдактара   Аліна Санюк.   Шчырыя словы-пажаданні здароўя і доўгіх год жыцця выказала малодшаму брату сястра  Надзея, якая жыве ў Кальчунах. Тут яна на працягу многіх год выкладала ў мясцовай школе рускую мову і літаратуру. Падарункі і віншаванні  прымаў Пётр Шакола ад арганізатараў імпрэзы – супрацоўнікаў краязнаўчага музея. Дырэктар Жанна Іванова  падкрэсліла, што  сёння складана знайсці чалавека больш  аптымістычнага і прагавітага да жыцця, чым Пётр Шакола. Яго душа ніколі не ведае спакою. Гэты нястомны рупліўца ўвесь час вучыцца. Свае веды ён перадае і нам: праз  зборнікі сваіх твораў, якія  выхоўваюць у нас любоў  і павагу да роднай зямлі і лечаць нашу душу.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



1 комментарий по теме “У музеі прайшла сустрэча з ашмянскім паэтам Пятром Шаколам

  1. От всей души поздровляю юбилеем талант дан свыше а трудолюбия тебе не занимать твори и живи долгие годы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *