Таямніца старой царквы ў Гардзіеўцах

Год малой родины Культура

Задума напісаць матэрыял пра малавядомую царкву ў Гардзіеўцах з’явілася пасля знаёмства з артыкулам А.Каранеўскага “Святыні мінулага, святыні сённяшняга”, які пабачыў свет на старонцы газеты ў далёкім 2003 годзе. Слынны ашмянскі краязнаўца тады ўвёў у навуковы зварот наступныя звесткі пра невядомы для мяне храм: “Цікава і тое, што ўніяцкая царква існавала і ў Гардзіеўцах. Яе знішчылі ў час скасавання Брэсцкай царкоўнай уніі ў 1839 годзе, а вернікаў прыпісалі да касцёла ў Табарышках. Будынак царквы згарэў у час Першай сусветнай вайны, а цудатворны абраз Гардзіеўскай (Ільінскай) Маці Божай быў перададзены царкве ў Міхнова (каля Тургеляў). Магчыма, там ён знаходзіцца і сёння”. Сёлета Аляксандру Рыгоравічу Каранеўскаму споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння. Невялікае даследванне прысвячаецца светлай памяці гэтага творчага чалавека, які сваёй руплівай дзейнасцю ўзнавіў шмат забытых старонак нашага мінулага, натхніў іншых на краязнаўчы пошук.

Кердзеяўская праваслаўная царква, пачатак 20-га ст.

Распачаць аповед пра царкву св.Прарока Ільі ў Гардзіеўцах варта з той мясціны, дзе лёсам храму вызначана было з’явіцца. Са старажытных часоў усе паселішчы паабапал вытокаў ракі Мерачанкі займелі назву Мерач. Каб іх не блытаць і ўдакладніць месцазнаходжанне, да галоўнага тапоніма далучалася назва ўладальніка. Такім чынам у XVII стагоддзі гэтая мясціна ўзгадваецца пад назвай Мерач Кердзееўская. Яе першы вядомы ўладальнік, ашмянскі гарадскі суддзя і земскі пісар, каралеўскі рэвізор з 1631 года Ян Кердзей увайшоў у гісторыю дзякуючы праведзенай ім рэвізіі татарскіх маёнткаў, якую ў далейшым назвалі “рэвізіяй Кердзея”.

8 сакавіка 1641 года ён складае фундуш на Кердзееўскую царкву. Праз сем дзён гэты дакумент быў прызнаны ў галоўным трыбунале ВКЛ. Кердзей гербу “Бэлты” быў жанаты на Ганне Саковічаўне. Пасля сваёй смерці запісаў ёй на Мерачы Кердзееўскай у Ашмянскім павеце 6 тысяч злотых, пажыццёвае там пражыванне і палову вёскі Бікяны. Але з такім пераходам маёмасці не пагадзіліся яго браты: троцкі кашталян Яўстахі і гарадзенскі земскі пісар Уладзіслаў. У 1644 годзе справа дайшла да трыбунала, і на судзе яны пагадзіліся выплаціць Г.Саковічаўне завяшчаныя грошы за Кердзеяўцы і 4 тысячы злотых — за Бікяны. У далейшым мясцінай валодаюць спадкаемцы Яўстахія Кердзея, яго сын — ашмянскі чашнік Аляксандр, потым ўнук — ашмянскі падстараста Міхал Ян, напрыканцы XVII стагоддзя ўласнікам Кердзееўцаў з’яўляецца пан Аляшкевіч.

Карта Ваенна- Геаграфічнага Інстытута ў Варшаве 1921г.

Даведацца аб тагачасным стане царквы дае магчымасць “рэестр маёмасці Мерачскай Кердзееўскай царквы”, складзены 19 лютага 1696 года. У сувязі са старасцю і хваробаю мясцовага святара айца Яна Васілеўскага, а таксама з перадачай у арэнду царкоўнага маёнтка, мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсей Русі Рускай уніяцкай царквы Леонам Шлюбіч-Заленскім быў назначаны для складання вопісу царкоўнай маёмасці спецыяльны прадстаўнік у асобе прэсбітара царквы св.Мікалая ў Вільні, віленскі пратапоп Ян Бобр. У Кердзееўскай царкве на той час у белай скрынцы знаходзілася даволі багатае начынне ў выглядзе ахвяраванага панамі Кердзеямі срэбнага посуду, рэлігійных рэчаў, аксамітнага адзення. Пералічаны ў рэестры шэсць царкоўных кірылічных кніг, у тым ліку апраўленае ў аксаміт і срэбра друкаванае Евангелле з гербам Кердзеяў і копія фундуша на гэтую царкву разам з пратэстацыяй, г.зн. сведчаннем аб наданні фундуша. На той момант у царкве адсутнічалі метрычныя кнігі шлюбаў і хростаў.

Паўразбураная старая царква не мела званоў, яе вялікія вокны былі разбітыя, сапсавана зялёная плітка падлогі, хор не меў сходаў. Трапіла ў вопіс досыць цікавая звестка аб тым, што пад царквою былі змураваны два скляпы. У правым ад уваходу ў храм знаходзіліся пахаванні паноў Кердзеяў. Сярод іншых пабудоў царкоўнага маёнтка пералічвалася плябанія з чорнай печчу і шклянымі вокнамі, пякарня, свіран з засекамі, лазня, бровар, невялікая хата з сяньмі, хлявы, гумно і вароты з драўляным замком.

Месца былой царквы. Гарадзішча ў Гардзіеўцах

Праз стагоддзе, у 1796 годзе інфармацыя пра размешчаную ў Ашмянскім дэканаце Віленскага ваяводства Кердзееўскую парафіяльную царкву трапляе на старонкі судовай справы. Гэтым разам царкоўнае ўладанне, ці бенефіцыя, перадавалася ад памерлага мясцовага святара Яна Макржэцкага да айца Яна Місевіча пры ўмове захавання ў далейшым цэласці фундушовых наданняў. Таксама ўзгадвалася, што стараннямі прызначанага адміністратара новазбудаваная кердзееўская царква разам з закрыстыяй былі аздоблены ўнутры, а пабудова плябаніі адрэстаўравана.

Пасля скасавання царкоўнай уніі ў 1839 годзе царква св. Прарока Ільі пераходзіць у падначаленне праваслаўнага ведамства: спачатку ў Віленскае благачынне, а пасля — у новаўтворанае асобнае Шумскае благачынне Віленскага павета. Большая частка жыхароў навакольных вёсак і саміх Кердзеяўцаў былі запісаны палякамі, г.зн. вернікамі рымска-каталіцкага абраду і прыпісаны да Табарышскага касцёла. З-за малалікасці прыхаджан, а іх у 1864 годзе налічвалася 218 мужчын і 125 жанчын, робіцца спроба прыцягнуць да царквы вернікаў з аддаленых мясцін. У сувязі з чым павышаецца статут вёскі, сюды з Табарышак пераносіцца валасное праўленне. 12 верасня 1865 года адбываецца асвячэнне новага гмаха царквы св. Ільі, у гэты ж дзень Кердзеяўцы пераймяноўваюцца ў Ільіно і становяцца цэнтрам Ільінскай воласці. Новаўтвораная воласць утрымлівае 7316 жыхароў, складаецца з 117 вёсак, ёй падпарадкоўваюцца 11 вясковых акругоў, у тым ліку такія значныя як Тургелі, Анжадава, Паўлава.

Пра ўрачыстасць асвячэння храма св. Ільі паведаміў гісторыка-літаратурны часопіс “Въстник Западной России” у 1 томе за 1865 год. У нядзелю, 12 верасня, у 10 гадзін раніцы ад сядзібы Э.М.Важынскага ў Табарышках да Кердзеяўцаў выправіліся хросным ходам запрошаныя на мерапрыемства прадстаўнікі царкоўных і цывільных уладаў, шматлікія вернікі. Наперадзе калоны паломнікі неслі старадаўні абраз Іверскай Маці Божай з Кердзеяўцаў, які папярэдне вельмі прыгожа быў падноўлены мастаком Меліхавым, а жонкаю Важынскага ўпрыгожаны мастацкай рызай з срэбнага глазету. За палову вярсты адбылася сустрэча з другім ходам, у якім прысутнічалі першасвятар, сабор святароў, хор мітрапалітных пеўчых і частка прыхаджан. Усе падышлі да пагорка сярод вёскі, на вяршыні якога ўзвышалася збудаваная нанова царква. Пасля асвячэння храма пад адкрытым небам на царкоўным пляцы, так як храм не ўмяшчаў усіх вернікаў, урачыста прамовіў архімандрыт Мадэст. Пасля літургіі грамада прысутных перайшла да пабудаванага валаснога праўлення, дзе таксама адбылося асвячэнне. Мерапрыемства прайшло з удзелам начальніка губерніі, ваенных і грамадскіх начальнікаў павета, міравых пасрэднікаў сумежных участкаў, ашмянскіх гасцей: ваеннага начальніка і сяброў паверачных камісій, валасных і сельскіх улад. На заканчэнне ўрачыстасці адбылося частаванне смажанымі быком і некалькімі баранамі, іншымі прысмакамі спярша народа, а потым і гасцей.

На ўзнаўленне хрысціянскай святыні Віленскім камітэтам па адбудове цэркваў было выдзелена 1800 рублёў. Знешні выгляд храма адлюстраваны на фотаздымку пачатку мінулага стагоддзя, праўдападобна з 1903 года, арыгінал якога захоўваецца ў аддзеле старадрукаў і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі. Кампазіцыйна будынак складаўся з прамавугольнага ў плане зруба і падоўжанага пяціграннага прыруба апсіды, агульны двухсхільны гонтавы дах над якой пераходзіў у вальму. Вільчак даху па цэнтры завяршаўся васьмігранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. З паўднёвага боку да апсіды была прырублена рызніца пад пакатым пакрыццём, бакавыя фасады рытмічна чляніліся белымі паўарачнымі вокнамі. Побач з царквою, па левы бок ад уваходу, размяшчалася драўляная трохярусная шатровая званіца.

Далучэнне да праваслаўя ў прыходах Шумскага благачыння галоўным чынам адбывалася на працягу 1865-1866 г.г. Цывільныя ўлады ў той час вельмі шмат садзейнічалі гэтаму далучэнню і нават былі галоўнымі рухавікамі ўтварэння праваслаўных прыходаў, якія складаліся ў асноўным з былых каталікоў і ўніятаў. Узнікшае рэлігійнае напружанне, пасля выхаду імператарскага ўказу аб верацярпенні ад 17 красавіка 1905 года, прыводзіць да адыходу ад праваслаўя 781 асобы Кердзееўска-Ільінскай царквы і пераходу іх у каталіцтва. Канчаткова спыняецца жыццё мясцовага прыходу ў час Першай сусветнай вайны, калі будынак царквы згарэў. Як узгадвалі сведкі той падзеі, пажар быў такой моцы, што абгарэлыя лісты царкоўных кніг даляталі да Мікулішак, а гэта наўпрост прыклада 5 км ад Кердзеяўцаў.

Протаіерэй Понцій Рупышаў

У пасляваенны час паспрабаваў аднавіць тутэйшы прыход наш зямляк, ураджэнец Ашмян, унук духоўніка Ашмянскага благачыння Данііла Стэфанавіча Пятроўскага, вядомы святар Понцій Пятровіч Рупышаў (1877- 1939). Будучы з 1922 года настаяцелем Побеньскай Мікалаеўскай царквы і хатняй царквы спадароў Карэцкіх у Мерачы-Міхнова, ён 24 студзеня 1924 года прызначаецца таксама настаяцелем Кердзееўска-Ільінскай царквы. Але без падтрымкі праваслаўных вернікаў, якіх на той час ужо не было ў вёсцы, і адсутнасці матэрыяльных рэсурсаў узнаўленне спаленага храма было немагчымым і немэтазгодным. Таму чалавек высокай культуры айцец П.Рупышаў згуртоўвае вакол сябе абшчыну міран у Мерачы-Міхнова, стаўшы для іх тым духоўным ідэалам, якога яны трымаюцца і сёння. Міхноўская абшчына працягвала дзейнічаць у савецкі перыяд, перажыла ўсе ліхія часы, а пасля абвяшчэння незалежнасці Літвы захавалася пад назвай “Сельскагаспадарчая хрысціянская абшчына Мікнішкес”.

Магчыма, менавіта ў гэтую мясціну клапатлівы святар перанёс знойдзены ацалелы цудатворны абраз Маці Божай з Кердзееўскай царквы. Напрыканцы XIX стагоддзя знаны краязнаўца і археолаг Ф.Пакроўскі занатаваў ад кердзееўскага святара два паданні адносна паходжання гэтага каштоўнага абраза. Згодна з першым, заснавальнік сяла Кердзей, знаходзячыся ў маскоўскім палоне, прыняў там праваслаўную веру і вярнуўся на бацькаўшчыну з узгаданым абразом. На месцы паселішча ён пабудаваў царкву. Па іншай пагалосцы, пасля паразы ў бітве з супернікам Кердзей заблукаў у лесе і заснуў. Прыснілася яму, што ён пачуў голас: “Устань, вазьмі ва ўказаным месцы абраз і ідзі з ім да таго месца, пакуль ён не спыніцца”. Паступіўшы такім чынам, абраз прывёў Кердзея да пабудаванай царква, у якую і быў змешчаны абраз. Гэтыя паданні, як і іншыя звесткі, сведчаць пра значную гісторыка-культурную каштоўнасць абраза і варта было б паспрабаваць узнавіць яго далейшы лёс.

У сярэдзіне ХХ стагоддзя адбылося чарговае перайменаванне вёскі, гэтым разам яна набыла добравядомую сёння назву Гардзіеўцы. Пра нядаўнюю гісторыю і жыццё вяскоўцаў вельмі ўдала і падрабязна распавяла Аліна Санюк у артыкуле “Гардзіеўцы: на мяжы дзвюх дзяржаў і цывілізацыі” ад 20.08.2014 года. Магу толькі дадаць некалькі звестак, якія адносяцца да ўзнятай тэмы. Вялікі пагорак, на якім раней узвышалася хрысціянская святыня, добра бачны з любой кропкі паселішча. І гэта не дзіва, па звестках таго ж Ф.Пакроўскага тут раней знаходзілася “на ўскрайку царкоўнага лесу” старажытнае гарадзішча з курганамі. Насып называўся Замкавай гарой і па тагачасным паданні на гэтым месцы адбылася бітва са шведамі. Менавіта на гэтым археалагічным помніку былі закладзены падмурак Кердзееўскай царквы, які сёння можна пазнаць па паглыбленні ў цэнтры пагорка і рэштцы цаглянага зводу скляпення.

Наведваючы мясціну, мне пашчасціла напаткаць мясцовага жыхара Юзафа Карыцкага, які не толькі добра ведае гісторыю гэтага краю, але і ўдакладніў вядомыя мне звесткі, дабавіўшы новыя, вартыя ўвагі факты. Так, царкоўны пляц разам з могілкамі лёгка пазнаць па абвалоўцы, якая ідзе па перыметры тэрыторыі. Каб дзеці не лазілі ў захаваныя царкоўныя сутарэнні, бацькі іх засыпалі зямлёй. Раней пахаванні на могілках былі пазначаны значнымі па велічыні каменнымі помнікамі. У мітуслівы пасляперабудовачны час перад усталяваннем дзяржаўнай мяжы іх вывезлі ў суседнюю краіну і такую жахлівую інфармацыю мне прыйшлося пачуць упершыню за ўсе гады сваіх краязнаўчых вандровак. Стала зразумелым, чаму на могілках захавалася толькі некалькі паўразбураных надмагільных помнікаў. Мой суразмоўца паказаў месцазнаходжанне народнага вучылішча і адпаведна валаснога праўлення. Займаючы вяршыню маляўнічага пагорка, закінуты будынак сваім выглядам нагадвае пра былую своеасаблівую і непаўторную гісторыю Гардзіеўцаў, вылучаецца гэтым сярод іншых такіх жа пакінутых гаспадарамі пабудоў вёскі. Да прамой наезджанай вясковай дарогі ў гэтым месцы далучаецца заросшая па баках буйным хмызняком іншая малапраглядная дарога, што паднімаецца ўгору. Знаходзячыся на гэтым раздарожжы, мне падалося, што памяць пра мясціну будзе падобна на адзін з вызначаных шляхоў. Згасне і зарасце, ці захаваецца і абавязкова будзе мець працяг. Усё залежыць ад людзей.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *