Праца нарыхтоўшчыка: навошта яму столькі чарніц?

Общество

Лета — час нарыхтовак. Грунтоўна займаецца гэтай справай і жыхарка вёскі Міхайлоўшчына Валянціна Ганусевіч. Другі год запар яна ў неабмежаваным аб’ёме нарыхтоўвае дзікарослую прадукцыю. Каб даведацца, навошта ёй столькі, нашы карэспандэнты накіраваліся ў аддаленую вёску.

На дагледжаным, акуратным падворку, які патанае ў кветках, нас сустрэла гаспадыня з сынам Яўгенам.

— Вось мой галоўны нарыхтоўшчык, — кіўнула ў бок юнака жанчына. — Пакуль я з суседкамі ў лесе чарніцы збіраю, ён ад насельніцтва грыбы і ягады прымае. Чарніц сёлета няшмат, ды і дробныя яны. Збіраць іх толькі-толькі пачалі — дождж перашкаджаў. Таму прыносілі пераважна лісічкі.

У суботні пагожы дзень нарыхтоўка ідзе добра. Сонца яшчэ высока, а ў «фондзе» Ганусевічаў ужо 60 кілаграмаў чарніц і 25 — лісічак — акуратныя рады скрынь стаяць на ганку. Аднак гэта далёка не «рэкорд», адзначае Валянціна. У мінулым годзе па 180 кілаграмаў чарніц здавала.

Чарніцы ад насельніцтва яна прымае па 3,50 рубля за кілаграм, лісічкі — па 6 рублёў. Праўда, цана вагаецца. На вядры чарніц, такім чынам, зборшчыкі зарабляюць 18 — 20 рублёў. Незайздросны дзённы заробак, калі ўлічыць, колькі трэба пагнуць спіну, пакарміць аваднёў і назойлівых камароў. У сённяшніх умовах, калі афіцыйна дазволена карыстацца ручным камбайнам, можа, і не прыходзіцца кланяцца кожнай ягадцы, аднак справа гэта ўсё ж няпростая. «Чорнае золата» патрабуе цярпення і акуратнасці — мокрыя, пачаўленыя чарніцы хутка псуюцца, таму і каштуюць менш.

— За мінулы сезон, — расказвае Яўген, які вядзе ўсю бухгалтэрыю, — зарабілі дзесьці 700 рублёў. — Летась вялі нарыхтоўку не толькі чарніц, але і лісічак, баравікоў.

Сёлета, па ўсім бачна, ягадны ўраджай будзе бяднейшым. А вось грыбнікоў лес і спрыяльнае надвор’е, можа, яшчэ парадуюць.

Людміла ВЕРАС.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *