“Экспанаты” з кветкавай калекцыі ў Гальшанах

Общество

Па польскай сталіцы на працягу чэрвеня курсіравалі сотні веласіпедыстаў, у скрынях і кошыках якіх красаваліся дзясяткі яркіх саджанцаў кветак розных відаў і формаў. Сустрэўшы такі двухколавы транспарт, кожны мог бясплатна ўзяць любую кветку сабе дамоў. “Варшава ў кветках і зеляніне” – адзінае  мерапрыемства ў Еўропе, прысвечанае азеляненню города, а ўсё дзеля таго, каб цудоўная пані Варшава стала яшчэ больш квітнеючай і зялёнай…

Гальшанцы таксама стараюцца зрабіць свой аграгарадок утульным і прыгожым, а да справы азелянення падыходзяць з энтузіязмам і фантазіяй. На вуліцы Школьнай адну з двухпавярховак дываном рознакаляровых раслін агінае вялікі кветнік сям’і Шаховічаў.

Размаўляючы з гаспадыняй Нэлі Мікалаеўнай, незнарок успамінаю, як нехта з творцаў сказаў, што ўсё прыгожае ў нашым жыцці ад жанчыны. Кветкі, напэўна, таксама. Статныя ружы, гарэзлівыя касачы, яскравыя віёлы, пяшчотныя півоні, вырашчаныя рукамі шчырай і працавітай гаспадыні, з вясны і да позняй восені ўпрыгожваюць двор і радуюць суседскія вочы.

Заходзім у палісаднік, гаспадыня паслядоўна агучвае назвы сваіх раслін. Чалавеку, які не займаецца кветкамі цяжка зразумець – як можна запомніць назву кожнай кветкі, асабліва, калі іх толькі тут каля сотні відаў! Віёлы, ружы, півоні, касачы, цюльпаны, аксаміткі, спірэя, вейгела, гартэнзія, фарзіцыя, кампсіс, клемаціс, флоксы, прымула, бальзамін… Кветкі ўпрыгожваць двор каля шматпавярховіка на вуліцы Школьнай круглы год, змяняючы адна адну. Заклікаюць пагушкацца садовыя арэлі, прывабліваюць погляд малыя архітэктурныя формы. Невялікая цапля з хітрым тварам стаіць на выкладзенай пліткай сцежцы і “адганяе” птушак-дармаедаў, якія цягнуцца за ягадамі.

Кожны куст і кожная кветка маюць сваё месца і выдатна “сябруюць” разам. Некаторыя кветкі жанчына купляе, некаторыя разводзіць і вырошчвае сама, некаторымі мяняецца са знаёмымі і сябрамі. Калі з’яўляецца новая расліна, Нэлі Мікалаеўна знаходзіць інфармацыю па догляду за ёй у кнігах ці інтэрнэце.

Упрыгожваюць двор вуліцы Школьнай не толькі кветкі, але дрэвы і кусты, якія таксама пасадзілі Шаховічы — бэз, язмін, каліна, груша, чарэшня, алыча, іва, барбарыс і нават маленькая навагодняя елка, якую падарыла дачка. Муж таксама не застаецца ў баку ад захапленняў жонкі і дапамагае добраўпарадкаваць двор. А ён у жыхароў акуратны і дагледжаны, хапае месца па-суседску адпачыць, а дзецям пабегаць і пагуляць у мяч. Дзякуючы прыкладу Нэлі Мікалаеўны “ажыў” і суседскі кветнік.

Канешне, догляд за такой колькасцю кветак аднімае нямала часу і сіл, бо за кожным з “экспанатаў” сваёй калекцыі неабходна даглядаць, каб ён аддзячыў яркім і маляўнічым суквеццем.

— У мяне ніколі не было асаблівай любові да кветак. Мама і сястра заўсёды займаліся вырошчваннем раслін, а падваконнікі ўпрыгожвалі некалькі дзясяткаў квітнеючых вазонаў, — расказвае Нэлі Шаховіч. – Сястра падорыць кактус, які асаблівага догляду не патрабуе, а я нават і яго пазаліваю. Бывае завітаем да сястры ў госці, а муж, разглядаючы  расліны, жартуе і кажа: “Спытай ці ў Нэлы ёсць вазоны!”.

Гэта цяпер толькі ў адным гасцявым пакоі Нэлі Мікалаеўны больш за сорак гаршчкоў, дагледжаныя кветнікі і агарод.

— Калі колькасць раслін у кветніку пачала расці, муж жартуючы гаварыў, што трэба ў кветніках хімпраполку зрабіць, а пасля пачаў дапамагаць, — смяецца гаспадыня.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *