Год малой Радзімы: дзе нарадзіўся, там і… гаспадар

Культура

Пасля наведвання новых мясцін заўсёды хочацца падзяліцца з чытачамі цікавымі адкрыццямі. Трапляючы ў любы раён Гродзенскай вобласці, прыходжу да высновы, што ён валодае сваімі адметнасцямі, слаўнымі традыцыямі, багатай гісторыяй, культурнымі і не толькі здабыткамі. Гэтую думку ў чарговы раз пацвердзіў прэс-тур для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, які прыняла Карэліцкая зямля.

Аграрны край

Знаёмства з раёнам распачала сустрэча са старшынёй Карэліцкага райвыканкама Віктарам Шайбаком. Паводле звестак, якія паведаміў кіраўнік раёна, Карэліччына сёння – рэгіён з сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасцю, развітой сферай гандлёвага абслугоўвання, шырокай сеткай устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры. Прычым, як падкрэсліў Віктар Леанідавіч, аграрна-прамысловы комплекс – гэта не толькі моцны падмурак мясцовай эканомікі, але і першая ўмова паспяховага развіцця сацыяльнай сферы.

У Карэліцкім раёне працуе дзесяць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, і ніводнае з іх па выніках мінулага года не стала стратным. Пры гэтым, канешне, як і ўсюды, ёсць мацнейшыя гаспадаркі, ёсць – слабейшыя. Флагманы аграрнай галіны – СВК “Маяк-Заполле”, СВК “Свіцязянка-2003”.

Спецыялізацыя раёна – мясамалочная жывёлагадоўля, вырошчванне зерневых, цукровых буракоў, ільну, рапса, бульбы. Прычым празорлівыя гаспадары ва ўсім прывыклі рабіць запас – на ўсялякі выпадак. Колькі разоў руку дапамогі працягвалі мясцовыя аграрыі суседнім раёнам, якія ў крытычныя моманты звярталіся сюды па корм для жывёлы.

Па шэрагу паказчыкаў Карэліччына займае лідзіруючыя пазіцыі на Гродзеншчыне. Напрыклад, трэцяе месца ў вобласці па пагалоўі свіней – 43 тысячы. З задачай – забяспечыць патрэбнасць мясцовых перапрацоўчых прадпрыемстваў – карэліччане спраўляюцца. Да таго ж пастаўляюць сваю сыравіну ў іншыя рэгіёны краіны, а карэліцкі лён нават ідзе на экспарт у Кітай.

Ёсць чаму павучыцца

Калег-журналістаў з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны зацікавіў не толькі сельскагаспадарчы вопыт Карэліцкага раёна, але і клопат пра сацыяльную сферу: адукацыю, медыцыну, культуру, спорт.

Стаўку тут робяць, безумоўна, на моладзь. Гэта бачна па той увазе, якую надае мясцовая ўлада заахвочванню юнакоў і дзяўчат. Імёны адораных дзяцей, нароўні з імёнамі дарослых штогод заносяцца на раённую Дошку гонару.

Тут, як і ў іншых, ёсць злабадзённыя пытанні. Узяць хаця б дэфіцыт медыцынскіх кадраў. Так, карэліччане не вынаходзяць веласіпед, але праблему кадравага голаду вырашаюць: запрашаюць пенсіянераў, ствараюць умовы для маладых спецыялістаў.

Сучаснае абсталяванне, спецыялісты розных профіляў, паспяхова праведзеныя складаныя аперацыі – усё гэта робіцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі цэнтральнай раённай бальніцы дзеля здароўя мясцовых людзей. Адным з апошніх дасягненняў карэліччане лічаць адкрыццё міжраённага аддзялення гемадыялізу.

  • Зрэшты лепш усё ўбачыць сваімі вачамі, — запрасілі гасцінныя гаспадары на экскурсію па Карэліцкім раёне, якая паспачалася з ускладання кветак да мемарыяльнага комплексу “Зорка”.

Душа ва ўсім. Нават у прасе

Аграрны накірунак развіцця стварае добрыя ўмовы для перапрацоўчай прамысловасці. Прыклад таму — Карэліцкі маслацэх ААТ “Навагрудскія дары” – структурнае прадпрыемства ААТ “Малочная кампанія Навагрудскія Дары”. Кіраўнік філіяла Ларыса Рапавец распавяла прысутным пра асноўныя этапы вытворчасці, клапатлівыя адносіны да кадраў, унікальныя старадаўнія рэцэпты сыроў і новыя тэхналогіі. Ацаніць бездакорную па якасці і смаку прадукцыю прадпрыемства прадстаўнікі СМІ змаглі падчас дэгустацыі. Шкада, аднак многія з гатункаў “навагрудскіх дароў” не так проста знайсці на паліцах крамаў – прадукцыя ідзе на экспарт.

Прыемныя ўражанні пакінула пасля сябе і наведванне аддзела ЗАГСа Карэліцкага райвыканкама, і дзіцячага садка ў гарадскім пасёлку Мір. Па ўсім бачна, што людзі адданыя сваёй справе, сваім землякам.

З кожнай новай сустрэчай усё больш пераконваліся ў гэтым. Да прыкладу ўладальнік музея-сядзібы “Мірскі Пасад” Віктар Сакель. Колькі ўнікальных старажытных рэчаў у яго калекцыі! У музеі размешчаны экспанаты з 1395 года – тады ўпершыню Мір быў узгаданы ў гістарычных хроніках. Тут багатая калекцыя фотаздымкаў, дакументаў, мэбля і посуд, асабістыя рэчы прадстаўнікоў рода Радзівілаў. Асобны пакой прысвечаны гісторыі яўрэйскага насельніцтва, якое складала асноўную частку даваеннага пасёлка. Ды і сам будынак музея – былая карчма.

А колькі ў запасе Віктара Сакеля неверагодных гісторый, якімі ён ахвотна дзеліцца з наведвальнікамі. Узяць хаця б гэтую:

  • Мы часта, асабліва ў рускай мове, карыстаемся выразамі “душэўнае цяпло”, “сагрэць душу” і нават “вынуць душу”. Але мала хто ведае, што гэтымі словазлучэннямі мы абавязаны прасу. У маёй калекцыі ёсць такі невялічкі “элегантны” прас з багатага дома часоў XVIII стагоддзя. У ім мы бачым металічны брусок-укладыш – “душу”. Яе кідалі ў печку, раскалялі і ўстаўлялі ў прас. Дзякуючы гэтаму ён грэўся і прасаваў бялізну.

Мір прыцягвае турыстаў

Наўрад ці славуты Мірскі замак мае патрэбу ў прадстаўленні або рэкламе. Гэта знакамітая кропка прыцягнення не толькі беларускіх, але і замежных турыстаў. Змястоўныя экскурсіі з інтэрактыўнымі квэст-гульнямі, маляўнічыя краявіды, багатая гісторыя, архітэктурная гармонія, удалыя ракурсы для фота- і відэаздымкаў прыходзяцца даспадобы і дарослым, і дзецям.

Зразумела, попыт нараджае прапановы. Да паслуг турыстаў – гасцінічны комплекс “Мірскі Пасад”, які прапануе ўтульныя пакоі, нацыянальную кухню і камфортны адпачынак па еўрапейскіх стадартах. Лічаныя крокі – і ты ўжо ля сцен замка. Старажытная атмасфера, якой, здаецца, пранізана паветра, вельмі падабаецца маладым – тут часта ладзяцца вяселлі.

Турысты прыязджаюць і пакідаюць гасцінны Карэліцкі край, а гаспадары – тыя, хто нарадзіўся на гэтай зямлі, хто ўвабраў яе моц, хто прыкіпеў сэрцам, застаюцца, каб дбаць пра яе дабрабыт, каб памятаць пра слынных землякоў, працягваць традыцыі.

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *