З добрымі песнямі і адкрытай душой. Таленавіты спявак з Навасёлак

Культура Молодежная политика

Сціплага і сур’ёзнага вучня Навасёлкаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Арцёма Гружэўскага часта можна ўбачыць на раённай сцэне. Таленавіты спявак, творчая і актыўная асоба, якая ніколі не спыняецца… Арцём заўсёды ў пошуку новых ідэй, мілагучных песень, яскравых уражанняў і цікавых заняткаў.

Гэта цяпер артыст упэўнена выходзіць на сцэну, моцна трымае ў руках мікрафон і не губляецца ад гучных апладысментаў, але так было не заўсёды. Творчыя здольнасці хлопчыка пачалі развіваць у школе. Білет у чароўны  свет музыкі першакласніку Арцёму дала Святлана Уладзіміраўна Ганусевіч. Першае “сур’ёзнае” выступленне адбылося ў другім класе, тады маленькага хлопчыка адорвалі шчодрымі апладысментамі. Арцём прызнаецца, што любоў да творчасці яму перадаў дзядуля – выдатны баяніст і вакаліст. На жаль, дзеда не стала, калі хлопчыку было дзевяць гадоў, але памяць аб ім працягвае жыць у песнях унука.

З самага дзяцінства Арцём удзельнічаў у розных конкурсах і станавіўся прызёрам, выступаў на раённых мерапрыемствах і святах. Сярод творчых “спаборніцтваў” пачэснае месца займаюць конкурс патрыятычнай песні “За любімую Беларусь” і конкурс дзіцячай творчасці “Вясковы жаваронак”. Не кожны нават прафесійны музыкант можа пахваліцца, што даваў сольны канцэрт! Цяжка паверыць, што дзевяцікласнік самастойна складае творчую праграму, умее выдатна трымацца на сцэне і дорыць людзям песні, якія абавязкова спадабаюцца кожнаму гледачу ў зале.

— У маі я спраўдзіў сваю маленькую мару, — дзеліцца Арцём, – даў сольны канцэрт у Семярніцкім сельскім клубе. Вяскоўцы не шкадавалі апладысментаў, падпявалі і нават танцавалі. Можна смела лічыць, што дэбют атрымаўся і гэта не апошні канцэрт.

Таксама Арцём спрабаваў свае сілы ў тэатральных пастаноўках, а на адным з канцэртаў выступіў у складзе сямейнага ансамбля “Граўжанцы”. У рэпертуары юнага музыканта ў асноўным кампазіцыі ў стылі “шансон” і вядомыя хіты, але найчасцей у выкананні Арцёма гучаць меладычныя беларускія творы. Таму, нават не вагаючыся, музыкант вырашыў паступаць на народнае харавое аддзяленне Гродзенскага каледжа мастацтваў.

— Я мару стаць артыстам,  але… — дапаўняе Арцём, – не такім вялікім, з сусветнай славай, а заставацца простым і звычайным чалавекам, які будзе дарыць радасць людзям.

Юнак паспявае дапамагчы матулі з надзённымі клопатамі, пагуляць з аднакласнікамі ў футбол. На летніх канікулах Арцём разам з сябрам пачаў ствараць  песню, якую плануе прэзентаваць на адным са сваіх канцэртаў.  Юнак упэўнены, што яго мары абавязкова спраўдзяцца ў будучыні, а цяпер ён крочыць па жыцці з дэвізам: “З добрымі песнямі, з адкрытай душой”.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *