Народжаныя ў 44-м. Марыя Каранкевіч

Сёлета Гродзеншчына святкуе слаўны юбілей – 75-годдзе. Наша вобласць не багатая на карысныя выкапні ці заляжы руд. Тут няма нафты, газавых скважын або вугальных шахт. Але у нас ёсць самае галоўнае багацце ─ людзі, якія аддалі сваё жыццё вобласці, паднімалі яе з кален пасля вайны, захоўвалі культурныя традыцыі і працавалі на карысць сваіх землякоў. Так, як і жыхарка Ашмян Марыя Іосіфаўна Каранкевіч.

Летам аднагодка вобласці адзначае свой 75–гадовы юбілей. Азіраючыся на дзесяцігоддзі назад, Марыя Іосіфаўна расказвае, што гэта важная дата ў яе жыцці. Яна шмат сіл, уменняў і любові аддала сям’і і рабоце. Дзе б яна ні працавала –  у быткамбінаце, у гаспадарцы “Маяк” (сучаснае КСУП “Кракоўка”) ці на ферме ў Палянах – яе вопыт быў заўсёды запатрабаваны, а праца заўсёды ўзнагароджвалася граматамі, падзякамі і рознымі заахвочваннямі.

Марыя Каранкевіч нарадзілася ў ваеннае ліхалецце, пра якое ведае толькі па аповедах бацькоў. Яна дзеліцца з намі далёкімі ўспамінамі, якія назаўсёды запалі ў душу. Падчас гутаркі ласкавая ўсмешка асвятляе яе лагодны твар, а пасля буйнымі кроплямі падаюць слёзы. На вайне загінулі яе родныя браты, пра якіх яна даведалася толькі па расказах маці і бацькі. Разам з сям’ёй яны хаваліся ад варожай бамбёжкі ў вялікай яме, на жаль, частка снараду трапіла менавіта ў гэта сховішча. Пасля вайны яе з сястрой, як і іншых дзяцей, чакалі цяжкія выпрабаванні ─ голад, разруха і хваробы…

Амаль трыццаць гадоў таму не стала мужа Марыі Іосіфаўны, галоўнай падтрымкай для яе сталі сыны Валерый і Павел, нявесткі, унукі Алеся, Саша, Арцём, Таня і праўнукі Саша, Вераніка і Дзіма. Яны часта збіраюцца разам у бацькоўскім доме на святы і не забываюць аб маці ў звычайныя дні. Сын Павел з сям’ёй нават засталіся жыць разам з Марыяй Іосіфаўнай, каб падтрымаць і дапамагчы ёй ва усіх справах і клопатах.

У лёсе гэтай цудоўнай жанчыны, клапатлівай маці і руплівай працаўніцы было шмат выпрабаванняў, але нягледзячы на звілістыя дарогі лёсу, яна, як і раней, застаецца добрай, вясёлай і жыццярадаснай. Яна ўсміхаецца і адзначае, што галоўнае ў жыцці ведаць, што з роднымі ўсё добра. На заслужаным адпачынку гаспадыня не сядзіць на месцы, а завіхаецца ў двары, працуе на агародзе, займаецца надзённымі хатнімі клопатамі і, канешне, з нецярпеннем чакае, калі ў госці завітаюць унукі і праўнукі, якія яе вельмі любяць і паважаюць.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

0
Стоит почитать:

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля