“З усмешкай па родным краі”. У Крэйванцах працуе летнік з дзённым знаходжаннем

Летнее оздоровление

Шчодры сёлетні чэрвень на цёплае сонечнае надвор’е. Бадай, толькі мора не хапае для поўнага адчування замежнага курорта. Праўда, для малечы, якая стамілася пасля працяглага навучальнага года, куды важней добрая кампанія і насычаная праграма. Дадайце да гэтага сбалансаванае харчаванне і параўнальна невялікі кошт пуцёўкі і зразумееце, чаму такім попытам карыстаюцца ў хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама іх бацькоў дзіцячыя летнікі.

Крэйванцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс традыцыйна прыняў выхаванцаў летніка з дзённым знаходжаннем. Адклаўшы падручнікі і сшыткі, з першых дзён лета дзеці з задавальненнем адправіліся ў цікавую вандроўку. “З усмешкай па родным краі” – так называецца праект, які прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам у школе. Дырэктар лагера Алена Даўжук, выхавацелі Антаніна Лукша, Людміла Зарэцкая, Валерый Чарток, Марта Якубель запрасілі малечаў у незабыўнае летняе падарожжа.

— За змену мы павінны прайсці па васямнаццаці сцяжынках, якія дапамогуць нам лепш пазнаёміцца з родным краем і яго гісторыяй, — адзначаюць дзеці. – Разам з настаўнікамі мы ўжо наведалі некалькі цікавых мясцін.

З непадробным захапленнем і дзіцячай непасрэднасцю расказваюць выхаванцы пра сустрэчу са сваімі добрымі сябрамі-пагранічнікамі, з якімі школа даўно супрацоўнічае. Экскурсіі ў ваенную часць 2044 г. Смаргонь і на пагранічны пост “Крэйванцы” пакінулі пасля сябе столькі ўражанняў! Спецыяльнае абсталяванне для затрымання парушальнікаў граніцы, біноклі, вінтоўкі, сістэма відэаназірання зацікавілі не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак. А яшчэ сэрцы юных гасцей пакарылі Фларыда, Патрык, Уміда, Уна – чатырохногія памочнікі пагранічнікаў. Ахоўнікі мяжы разам з кінолагамі прадэманстравалі, што сваю справу добра ведаюць.

Патрыятычны напрамак змены працягнуў шэраг іншых мерапрыемстваў. Сярод іх – музейны занятак, віктарына “Гарады-героі”, аперацыя па навядзенні парадку ля помніка загінуўшым землякам, конкурс малюнкаў, знаёмства з выбітнымі землякамі, у ліку якіх і Франц Клінцэвіч. У рамках акцыі “Беларусь помніць”, прысвечанай вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў таксама відэажурнал “Гісторыя стварэння ваеннай песні”. Бібліятэкар мясцовай бібліятэкі Валянціна Дзядзічкіна запрасіла дзяцей на ўрок мужнасці “У баях за родны край”.

Асаблівыя ўспаміны пакінулі пасля сябе вандроўкі: пешаходная — да сядзібы ў вёсцы Вельбутова і аўтобусная – у палацава-паркавы ансамбль Агінскіх у Залессі, дзе юным наведвальнікам прапанавалі гульню-квэст і тэатралізаванае прадстаўленне.

Актыўны адпачынак у выглядзе вандровак і спаборніцтваў змяняюць заняткі ў гуртку “Лепім з цеста” з Крысцінай Міцкевіч і трэнінгі супраць шкодных звычак, па бяспецы паводзін, якія праводзіць педагог сацыяльны Юлія Укружская.

Яркія пазлы, а іх дорыць кожны дзень, гарманічна ўпісваюцца ў агульны малюнак змены, дзе ёсць месца гульням і эстафетам, падарожжам і знаёмству з нязведаным, сяброўству і шчырым усмешкам, памяці аб подзвігу герояў і гонару за краіну, якая ў сімвалічны Год малой радзімы прымае II Еўрапейскія гульні, адзначае столькі юбілейных дат.

Людміла ВЕРАС.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *