На планёрцы ў райвыканкаме: відэаназіранне ў горадзе, парадак уздоўж дарог і работа студэнцкіх атрадаў

События

Мантаж завершаны, а відэаназірання няма

У раёне назіраецца змяншэнне колькасці злачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Знізілася агульная колькасць парушэнняў закону ў сельскай мясцовасці. Нязначна, аднак таксама пайшоў на спад узровень злачыннасці ў грамадскіх месцах. Не дапушчана злачыннасці сярод непаўналетніх.

Разам з тым на тэрыторыі раёна адбылося з пачатку года два забойствы, зарэгістравана наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 5 злачынстваў здзейснена ў сферы сямейна-бытавых зносін. Адбыўся рост злачыннасці на тэрыторыі Гальшанскага і Жупранскага сельсаветаў.

Такую статыстыку падчас штотыднёвай аператыўнай нарады ў райвыканкаме прывёў першы намеснік начальніка РАУС Дзмітрый Вінцкоўскі, аналізуючы ход выканання Комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў у раёне. Сярод праблемных пытанняў, якія акрэсліў праваахоўца, былі названы маруднасць з падключэннем камер відэаназірання ў горадзе і адсутнасць дастатковай аховы (фізічнай) у дзвюх піцейных установах горада. Што тычыцца падключэння камер відэаназірання, то старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек падверг крытыцы работу РУП ЖКГ у гэтым накірунку і даў тэрмін кіраўніцтву арганізацыі да 1 ліпеня ўвесці ў строй ужо зманціраваную сістэму. Адносна парушэння грамадскага парадку ў кафэ “Стары горад” і “Вішнёвы сакрэт” у вячэрні час, намеснік начальніка РАУС выхад з праблемы бачыць у заключэннні дамовы паміж уласнікамі кафэ і аддзелам Дэпартамента аховы на фізічную пагадзінную ахову аб’ектаў, так як “трывожная кнопка” праблемы не вырашае.

Працягваючы тэму забеспячэння грамадскага парадку і змяншэння колькасці злачынстваў на тэрыторыі раёна, Міраслаў Сарасек прапанаваў падчас правядзення Дзён сельсаветаў аналізаваць работу грамадскіх пунктаў аховы правапарадку на падведамасных тэрыторыях, разам абмяркоўваць праблемныя пытанні і знаходзіць шляхі іх вырашэння.

Дарогі – наш твар

У Год малой радзімы, напярэдадні важнай для нашай краіны падзеі – II Еўрапейскіх гульняў у Мінску – неабходна забяспечыць парадак уздоўж дарог як рэспубліканскага, так і раённага падпарадкавання, адзначыў кіраўнік раёна. Трэба звярнуць увагу на абкоску прыдарожных палос, стан зялёных насаджэнняў і агароджы ў населеных пунктах, добраўпарадкаванне прыдарожных аб’ектаў. Акцэнт на гэтыя моманты зрабіў у сваім выступленні і начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Ярашэвіч. 7 чэрвеня – такі тэрмін быў устаноўлены зацікаўленым установам і арганізацыям для навядзення парадку ўздоўж дарог.

Заробак згодна з даведзенай нормай

Як будзе арганізавана ў летні перыяд работа студэнцкіх атрадаў у раёне, паведаміла першы сакратар райкама БРСМ Вольга Шыдлоўская. З арганізацыямі раёна райкам заключыў 22 дамовы. Больш за трыста маладых людзей выказалі сёлета жаданне сумясціць летні адпачынак з працоўнымі буднямі. Зыходзячы з мінулагодняга вопыту работы студэнцкіх атрадаў, старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек звярнуў увагу на сур’ёзны падыход да аплаты працы ўдзельнікаў атрадаў. Усе пытанні павінны быць вырашаны да пачатку пятага працоўнага семестра, падкрэсліў кіраўнік раёна.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *