Чым зацікавіў Ашмянскі музей начных наведвальнікаў?

Культура

У дзень, які музейныя работнікі лічаць сваім прафесійным святам, дзверы музеяў цэлага шэрагу краін свету не зачыняюцца да позняй ночы. Менавіта 18 мая “дом муз” запрашае зацікаўленых людзей да сябе на “Ноч музеяў”.

Насычаную і змястоўную праграму падрыхтавалі для сваіх наведвальнікаў і ашмянскія музейшчыкі. На гэты раз, што не можа не радаваць, мерапрыемства сабрала не толькі людзей старэйшага ўзросту, але і моладзевую аўдыторыю. Вучні гарадскіх школ, Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, аграрна-эканамічнага каледжа з задавальненнем слухалі канцэртную праграму, былі захоплены майстар-класам госця вячэрняй праграмы Уладзіміра Сайко – мастака і педагога Бараўлянскай дзіцячай школы мастацтваў і Мінскай мастацкай майстэрні жывапісу, малюнка і кампазіцыі. Даспадобы моладзі прыйшлася і мастацкая карціна “Паміж жыццём і смерцю”, галоўную ролю ў якой сыграў Яўген Сідзіхін, аднак, што найбольш выклікала цікавасць, – здымаўся фільм у Гальшанах. А вечарам, калі сцямнела, удзельнікі “Ночы музеяў” змаглі адкрыць для сябе таямніцы экспазіцыі з дапамогай ліхтарыкаў: пакоі музея пагрузіліся на кароткі час у цемру.

Не адзін год далучаюцца да мерапрыемства ў музеі выкладчыкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Выступленне народных ансамбляў “Хорошее настроение” і “Карусель” стварала атмасферу ўрачыстасці і цудоўнага настрою ў гэты майскі перадвыхадны дзень і заклікала ашмянцаў на свята. Калі калектыў музычнай школы ашмянцам ужо даўно і добра вядомы, то вакальна-інструментальны ансамбль аграрна-эканамічнага каледжа пад кіраўніцтвам Аляксандра Абрамовіча стаў сапраўдным адкрыццём. Анжаліка Келекеева (флейта), Ілья Мурашка (акустычная гітара), Кірыл Андрэеў (электрагітара), Улад Канапелька-Шумковіч (электрагітара, вакал), Віялета Драгун (кахон) і выкладчык Яўген Астрамовіч (вакал) выканалі некалькі вядомых хітоў, сярод якіх “Прагулка па вадзе” гурта “Науцілус Пампіліус”. Чароўныя гукі флейты Анжалікі Келекеевай, аўтарская песня Улада Канапелькі-Шумковіча, незвычайны для нас інструмент варган, з якім пазнаёміў Яўген Астрамовіч – усё гэта адмыслова ўпляталася ў агульную канцэпцыю мерапрыемства, з якой пазнаёмілі вядучыя Настасся Навіцкая і Ірына Бусловіч. Папулярызацыя музея і гісторыка-культурнай спадчыны нашай Ашмяншчыны стала магчымай і дзякуючы праведзенаму напярэдадні пленэру юных мастакоў з Бараўлян і Ашмян. Вынікі гэтай работы былі падведзены на ўрачыстасці: госць мерапрыемства Уладзімір Сайко са сваімі вучнямі, а таксама выкладчык Ашмянскай школы мастацтваў Дзмітрый Айвазоўскі разам з Аляксандрам Місюкевічам, Аляксандрай Лукашэвіч, Алёнай Матулевіч, Ірынай Ромаш атрымалі ад краязнаўчага музея падзячныя дыпломы. Работы удзельнікаў пленэру, выстава якіх была арганізавана на пляцоўцы ля музея, папоўняць музейныя фонды разам з карцінай, напісанай Уладзімірам Сайко падчас правядзення майстар-класу.

Усім не цярпелася пабачыць, што атрымаецца на палатне: так жвава і ўпэўнена хадзіў па ім пэндзаль мастака. Гэтак жа хутка і незаўважна госць завалодаў аўдыторыяй: распавядаў пра сябе, распытваў пра вядомых мастакоў, даваў моладзі слушныя парады, жартаваў.

Уладзіміру Сайко, ураджэнцу Валожына, усяго толькі 28 год, аднак ён ўжо многага дасягнуў у сваім жыцці. Скончыў рэспубліканскі каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. Вучыўся ў Маскоўскай акадэміі мастацтваў імя Сурыкава, Беларускай акадэміі мастацтваў на кафедры станкавага жывапісу. Спасцігаў тонкасці жывапісу ў вядомых майстроў Беларусі і Расіі.

Яго карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Швейцарыі, Германіі, Італіі, Францыі, Кітая, ЗША, Эквадора, Венесуэлы, Лівана, Ірана і ЮАР.

Адна з яго самых вядомых і даволі вялікіх (170 см x 310 см) батальных работ аўтара — «Сібірскія стралкі» экспанавалася ў Дзяржаўным музеі ваеннай гісторыі Беларусі.

Навучаючы асновам жывапісу дзяцей і дарослых, арганізуючы выставы сваіх работ, сустракаючыся з моладдзю, Уладзімір Рыгоравіч імкнецца да таго, каб падрастаючае пакаленне не толькі ведала, але і захоўвала культурную спадчыну сваёй краіны, імкнулася не толькі бачыць, але і перадаваць прыгажосць пры дапамозе фарбаў і пэндзля.

— Мастак павінен быць лекарам чалавечых душ, — лічыць Уладзімір Сайко. – Асноўная задача творцы – несці сваё слова так, каб яно супадала з думкамі і жаданнем грамадства. Тады ўсё атрымаецца.

Атрымалася ўсё і падчас “ночы ў музеі”. Наведвальнікі не хацелі разыходзіцца. Яны зрабілі для сябе ў гэты вечар шмат адкрыццяў і атрымалі падарункі: Уладзімір Рыгоравіч Сайко ўсім жадаючым намаляваў партрэт.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *