Гальшанскую школу наведалі студэнты Купалаўскага універсітэта

Общество

Гальшанскую сярэднюю школу наведалі выкладчыкі, студэнты і рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. Падчас сустрэчы госці ўручылі школе турыстычнае абсталяванне — падарунак ад Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі.

Рашэнне ўручыць школе спартыўны інвентар было прынята яшчэ ў сакавіку, падчас працоўнага візіту міністра адукацыі на Ашмяншчыну, якая пачалася з наведвання Гальшанскай сярэдняй школы. Даведаўшыся аб тым, што ў навучальнай установе актыўна развіваецца турыстычны рух, Ігар Карпенка паабяцаў перадаць школе палаткі і спальныя мяшкі. Гэта даручэнне напярэдні ІІ Еўрапейскіх гульняў і выканалі купалаўцы.

Дырэктар школы Марына Віктараўна Гайдукевіч адзначыла, што ў Гальшанах любяць спорт, а вучні часта становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Многія выпускнікі звязалі сваё жыццё са спортам, сярод выпускнікоў навучальнай установы — навучэнцы школы алімпійскага рэзерву, майстры спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы і спартыўнай хадзьбе, а таксама кандыдаты ў майстры спорта.

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы падрыхтавалі для школьнікаў цікавую і насычаную праграму, прадэманстравалі відэаролік аб універсітэце, арганізавалі шэраг майстар-класаў, студэнткі факультэта — кандыдаты і майстры спорту  па спартыўнай гімнастыцы выступілі з яркім і захапляльным нумарам “Аэробіка – гэта жыццё”. Запатрабаваную ў сучасным свеце спецыяльнасць “Турызм і гасціннасць” прэзентавалі студэнткі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.

Дэкан факультэта фізічнай культуры Андрэй Навойчык, яго намеснік Віталь Тарасаў разам са студэнтамі прэзентавалі элекронны дапаможнік па турызме і відэаматэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для навучання розным тэхнікам  пешаходнага турызму. Разам са студэнтамі школьнікі асвоілі тэхніку вязання турыстычных вузлоў, пераадолелі “навясную пераправу” і скарылі дыстанцыю фігурнага кіравання на веласіпедзе.

Загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Уладзімір Ляўшук  падарыў школе кнігі аб этна-турызме “Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчызны: энцыклапедычны даведнік”.

— Мы ўражаны Гальшаншчынай, а таксама гасціннасцю і цеплынёй, з якой нас тут сустрэлі настаўнікі і дзеці, — адзначыла рэктар Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. – Сапраўды, гэта шчырая любоў да малой Радзімы і Бацькаўшчыны, якая перадаецца праз эмоцыі, зацікаўленыя вочы дзяцей, мову і гісторыю, якая  старанна захоўваецца ў школьным музеі. Мы вельмі рады, што прыехалі сюды, таму што не заўсёды ўніверсітэт можа “дайсці” да кожнай школы, каб адчуць і ўбачыць яе патэнцыял.  Несумненна, самае вялікае багацце – гэта дзеці, якія, спадзяемся, у будучым стануць нашымі студэнтамі.

Сустрэча з купалаўцамі на гэтым не завяршылася – госці з Гродна наведалі народны гісторыка-краязнаўчы музей імя Эдуарда Корзуна і  руіны Гальшанскага замка.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *