Па Ашмянах курсіруе незвычайны аўтобус

75 лет Гродненской области 75-летие освобождения Беларуси Культура

Напярэдадні Дня Перамогі супрацоўнікі краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча сумесна з філіялам “Аўтамабільны парк № 13 горада Ашмяны” ААТ “Гроднааблаўтатранс” увасобілі ў жыццё цікавы і ўжо вядомы ашмянцам і гасцям горада праект “Маршрут памяці”.

Святочны аўтобус, які курсіраваў па маршруце №4 “Плошча 17 Верасня – Бальніца” сустракаў гасцей песнямі ваенных часоў, аўдыёэкскурсіяй і гістарычнай выставай. У сераду першыя пасажыры накіраваліся па маршруце “Ашмяны — Астравец” і “Ашмяны – Бенюны”, у Дзень Перамогі па дарогах памяці змаглі праехаць жыхары горада.

Дзякуючы старанням і працы супрацоўнікаў музея аўтобус выглядаў святочна не толькі звонку. Унутры вокны ўпрыгожылі партрэты і інфармацыя аб нашых земляках — героях вайны, копіі архіўных дакументаў, чорна-белыя фотаздымкі, якія знаёмяць з багатай гісторыяй жыцця города і раёна ў гады вайны.
Выстава на колах – гэта даніна памяці героям вайны: салдатам, лётчыкам, партызанам, падпольшчыкам, загінуўшым і тым, хто вярнуўся з той далёкай вайны жывым… На чорна-белых здымках застылі гета, месцы масавага пахавання яўрэяў і брацкіх магіл, дзе ў камені можна разглядзець імёны тых, каму было наканавана не вярнуцца дамоў. Побач з фотаздымкамі памерлых пры вызваленні горада – здымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Пасажыры аўтобуса, які накіроўваўся па маршруце памяці, убачылі на фотаздымках знаёмыя вуліцы і будынкі горада і даведаліся, як яны выглядалі ў часы нямецкай акупацыі.
Са змястоўнай і грунтоўнай аўдыёэкскурсіі можна было даведацца шмат новага і цікавага з ваеннай гісторыі горада і раёна, а таксама пачуць знаёмыя з дзяцінства мелодыі ваенных кампазіцый. Прыйшлося пастарацца, каб не праехаць свой прыпанак, таму што погляд і ўвага былі накіраваныя на фотаздымкі і невялікія гістарычныя нататкі, а голас з дынамікаў зачароўваў змястоўнымі і цікавымі расказамі.

Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *