Ад партызанскіх лістовак – да раённай газеты

Культура

Такой  складанай  дарогай прайшлі журналісты вайны,  супрацоўнікі газеты “Знамя Свабоды”, “Красное знамя”,  пазней — “Ашмянскі веснік”. Напярэдадні Дня Перамогі, 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дня друку і 80-годдзя раённай газеты мы ўспамінаем сваіх калег,  тых, хто каваў Перамогу на фронце, у партызанскім атрадзе і тыле ворага, а потым сілай друкаванага  слова аднаўляў разбураную вайной гаспадарку.

Яны з гонарам выканалі сваю галоўную місію ў самай жудаснай вайне, упісалі свае імёны ў гісторыю. А ў мірным жыцці, зняўшы шынялі, адклаўшы зброю, заступілі на службу слову і інфармацыі. І зноў былі на перадавой — побач з сельскімі працаўнікамі на полі, ферме, рабочымі на заводах. На архіўных старонках пажоўклых газет назаўсёды засталіся іх радкі.

Асаблівы гонар рэдакцыі – іх фотаздымкі ў кнізе Ю. Нікалаева “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны былі выпушчаны 174 нумары газеты “Знамя Свабоды”, а ў 1941 годзе – 45 нумароў. Апошні даваенны нумар падпісваў рэдактар А. Яблонскі. Сорак шосты нумар, у якім планавалася надрукаваць прамову В.М.Молатава з заклікам аб’яднацца для адпору нямецка-фашысцкім захопнікам, выпусціць не паспелі.  Раніцай 25 чэрвеня 1941 года ў горад Ашмяны ўвайшлі часці Вермахта. Пачынаўся перыяд акупацыі. Рэдактар А. Яблонскі і яго намеснік Г. Гурэвіч пакінулі горад у ліку апошніх, яны пайшлі на фронт.

Слова клікала на барацьбу

Горад Ашмяны ўжо 25 чэрвеня 1941 года, на чацвёрты дзень вайны, быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У такіх умовах газеты і іншая  друкаваная літаратура былі патрэбны як паветра, каб узнімаць народ на свяшчэнную барацьбу з ворагам. Для выканання гэтай задачы Вілейскі падпольны абкам КП(б)Б, у зону якога ўваходзіў і Ашмянскі раён, напрыканцы 1942 і пачатку 1943 года робіць пэўныя захады, каб наладзіць выпуск абласной і раённых падпольных газет. І ўжо да канца 1943 года на тэрыторыі Вілейскай вобласці выходзіла 12 раённых газет, у тым ліку і ашмянская падпольная “Знамя Свабоды”.

Узнаўленне выхаду газеты цесна звязана са стварэннем  партызанскай брыгады імя Гастэлы. У атрадзе В.А.Манохіна налічвалася вялікая колькасць мясцовага насельніцтва. У жніўні 1943 года ў размяшчэнне атрада была закінута з-за фронту паходная друкарня і пачаўся выпуск лістовак. Друкарскі набор быў партатыўнага характару: шрыфт знаходзіўся ў касе, якую сшылі з грубага шэрага палатна з кішэнькамі – у кожнай з іх была свая літара, станок – металічная пліта, некалькі валікаў, гранкі, фарба і іншыя прыналежнасці.  Друкарня магла хутка развярнуць работу на ўскрайку лесу ці ў шалашы, пад елкай. 23 жніўня 1943 года на хутары Драздоўшчына Пастаўскага раёна друкарскім спосабам была надрукавана першая лістоўка. Праз месяц Вілейскі  падполь-ны абкам КП(б)Б утварыў Ашмянскі падпольны райкам партыі. Сакратаром быў прызначаны У.І. Тубеліс. Друкаваным органам падпольнага райкама была зацверджана газета “Знамя Свабоды”, а яе рэдактарам – У.А. Бабарыкін. І менавіта тады, у лесе, каля хутара Рамана Пастаўскага раёна, 25 кастрычніка 1943 года выйшаў першы нумар падпольнай партызанскай газеты “Знамя Свабоды” колькасцю 500 экзэмпляраў. Адначасова была выпушчана лістоўка пад назвай “Усё далей, на Захад!”. З улікам абстаноўкі падполля рэдакцыя і падпольная друкарня часта мянялі сваё месцазнаходжанне. Газета і лістоўкі друкаваліся ў розных месцах, але выпускаліся без перапынку. Тыраж іх вагаўся ад 150 да 1200 экзэмпляраў. Падпольная рэдакцыя мела свой радыёпрыёмнік, што давала магчымасць штодзённа прымаць зводкі Савінфармбюро і аператыўна, праз газету і лістоўкі, паведамляць аб гэтым людзям, узнімаць іх на барацьбу з гітлераўцамі, усяляць упэўненасць у перамогу над ворагам.

Уладзімір Бабарыкін

“Знамя Свабоды” як орган райкама КП(б)Б і партызанскай брыгады імя Гастэлы выходзіла з кастрычніка 1943 па ліпень 1944 года. За гэты час падпольнай друкарняй было выпушчана 45 найменняў газеты і лістовак агульнай колькасцю 18950 экзэмпляраў. Тым жа фарматам газета працягвала выходзіць ужо ў легальных умовах да канца вайны. Да мая 1945 года выйшла яшчэ 39 нумароў.

Цяжкі перыяд  аднаўлення

Пасля вызвалення Ашмянскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 7 ліпеня 1944 года частка партызан брыгады імя Гастэлы рашэннем партыйных органаў была пакінута на тэрыторыі для аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі, вырашэння сацыяльных праблем насельніцтва, аказання ўсебаковай дапамогі Чырвонай Арміі і краіне ў перамозе над ворагам. Рашэннем Ашмянскага райкама КП(б)Б ужо на другі дзень пасля вызвалення раёна быў зацверджаны на пасадзе рэдактара газеты “Знамя Свабоды” Уладзімір Аляксандравіч Бабарыкін. Наборшчыкамі, друкарамі і карэспандэнтамі сталі былыя  партызаны, якія займаліся выпускам газеты ў падпольных умовах. І ўжо летам 1944 года газета прыйшла ў хаты і кватэры ашмянцаў.

Хто яны, журналісты вайны?

Рэдактар У.А.Бабарыкін з 17 гадоў пачаў свою працоўную біяграфію.   У першыя месяцы вайны добраахвотна ўступіў у дзеючую Чырвоную Армію, разам з групай савецкіх салдат быў перакінуты ў тыл ворага, затым  прымаў актыўны ўдзел у партызанскім руху. З 1944 па 1960 гады ён шмат робіць для ўмацавання кадравага складу рэдакцыі і друкарні, бо ў той час рэдакцыя і друкарня прадстаўлялі сабой адзіны калектыў, задачай якога было ў асноўным выпускаць газету. Побач з ім працавалі Я.Л. Юдзін,  М.С. Ціханенка, В.І.Іваноў, Г.М.Неўпакоеў, М.С. Верабей, А.Ф. Стэфановіч.  Пазней прыйшлі на працу ў газету  Я.І. Карабок, М.С.Аўсяннікаў, А.І.Пляханаў, К.І. Карпенка, А.А. Радзішэўскі, Л.Д. Яфімцава.   На жаль, падарванае ў гады вайны, у лясным неўладкаваным побыце партызанскага атрада здароўе ўсё часцей і часцей нагадвала аб сабе. Цяжкая хвароба не абышла У.А.Бабарыкіна: у маі 1960 года яго не стала, яму было толькі 47 гадоў.

Аляксандр Радзішэўскі

Але жыццё працягвалася. Ашмянскія газетчыкі, верныя традыцыям Бабарыкіна, імкнуліся праўдзіва і ўсебакова асвятляць жыццё і падзеі.

У раённую газету “Знамя Свабоды” з газеты “Пераможац” (орган палітаддзела Гальшанскай МТС) быў накіраваны Міхаіл Сямёнавіч Аўсяннікаў, для якога газета стала сэнсам жыцця, тут ён працаваў да самага выхаду на пенсію. М.С.Аўсяннікаў на доўгія гады становіцца адказным сакратаром рэдакцыі, “штабам” газеты, а пасля і намеснікам рэдактара. Франтавая закалка пакінула адбітак на яго характары, на жыццёвыя пазіцыі ва ўсім.

У 1941 годзе ён быў прызваны ў Савецкую Армію і служыў да 1948 года  ў радах  Ваенна-Паветраных Сіл. Пасля дэмабілізацыі з арміі працаваў другім сакратаром Ашмянскага райкама камсамола тады яшчэ Маладзечанскай вобласці. У хвіліны, свабодныя ад газетнай вёрсткі, калегі з задавальненнем слухалі яго аповеды пра ваенныя часы. Ён умеў так выдатна расказваць, што ў слухачоў перад вачыма ажывалі эпізоды вайны і жорсткія баі ў небе. Міхаіл Сямёнавіч быў стралком самалёта-штурмавіка ІЛ-2. А лятаць прыйшлося над Украінай, Малдовай, Румыніяй, Венгрыяй, Аўстрыяй. Пасля баявых паспяховых вылетаў байцы прадстаўляліся да высокіх баявых узнагарод. Ордэны Славы, Айчыннай вайны ІІ ступені М.С.Аўсяннікаў надзяваў падчас свят, асабліва ў Дзень Перамогі, Дзень Ваенна-Паветраных Сіл. Пасля выхаду на пенсію ён яшчэ некалькі гадоў працаваў у рэдакцыі, а затым узначальваў раённы савет ветэранаў.

Міхаіл Аўсяннікаў

У газету ў 1960 годзе прыйшоў працаваць фотакарэспандэнтам яшчэ адзін франтавік. Аляксандр Аляксандравіч Радзішэўскі  ў перыяд акупацыі быў сувязным асобага аддзела партызанскай брыгады імя Фрунзе, якая дыслацыравалася на тэрыторыі Ільянскага раёна. Затым па распараджэнні штаба брыгады быў брыгадным разведчыкам. Пасля вайны некаторы час працаваў у органах міліцыі.  Тыя чалавечыя якасці, якія загартаваліся падчас суровых выпрабаванняў, ён пранёс праз усё жыццё: адказнасць, пільнасць, дакладнасць, асцярожнасць.

На працягу 20 гадоў яго любімым жанрам у газеце былі фотаздымкі людзей працы, іх жыццё, работа, быт і характары. Фотакарэспандэнт ствараў праз партрэты людзей вобразы сапраўдных герояў. Многія ашмянцы да сённяшняга дня берагуць як рэліквію раёнку са сваім фотаздымкам і добрым словам успамінаюць Аляксандра Аляксандравіча Радзішэўскага.

Гэтыя радкі пра гісторыю газеты і журналістах той пары – прыклад адданых адносін да сваёй справы.  Толькі вельмі шкада, што не заўсёды іх аповеды пра жыццё, атмасферу таго часу і працу   занатоўваліся, каб стаць матэрыялам для замалёвак, нарысаў і апавяданняў.

 

Падрыхтавала Ганна ДАВІДОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *