У аграгарадку Гальшаны адбылося выязное пасяджэнне клуба “Сустрэча”

Культура

У аграгарадку Гальшаны адбылося выязное пасяджэнне клуба “Сустрэча”, прымеркаванае да Года малой радзімы і 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці. Больш за дваццаць гадоў клуб аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту, аматараў чытання і творчых жыхароў Ашмяншчыны, дорыць шмат цёплых і шчырых спатканняў з таленавітымі і цікавымі людзьмі. Такіх сустрэч ашмянцы заўсёды чакаюць з нецярпеннем, бо яны пакідаюць пасля сябе добрыя ўспаміны…

Сустрэча з чалавекам года Гродзеншчыны, чалавекам года ў сферы культуры, метадыстам па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры Сяргеем Жылікам праляцела як адно імгненне. Кіраўнік клуба Святлана Галінская адзначыла, што Сяргея Аляксандравіча рэдка можна знайсці ў кабінеце, а яго дзень распланаваны літаральна па хвілінах — шматлікія камандзіроўкі, сустрэчы з замежнымі дэлегацыямі, распрацоўка праектаў… Вось і, нягледзячы на тое, што працоўны дзень амаль скончыўся, пасля сустрэчы з чытачамі Сяргей Жылік абавязкова зазірне на працу, бо трэба падрыхтавацца да візіту тэлевізіёншчыкаў, якія будуць здымаць сюжэт пра Ашмянскі раён.

Змястоўная экскурсія па Гальшанскім краі пачалася яшчэ ў мікрааўтобусе. За вокнамі аўтамабіля змяняліся пейзажы, вуліцы гістарычнага мястэчка, старажытныя яўрэйскія дамы, касцёл і царква, вадзяны млын, капліца, пра якія Сяргей Аляксандравіч можа расказваць гадзінамі. Пасажыры ўважліва слухалі аповед спецыяліста і стараліся сачыць за кожнай старонкай гісторыі, якую адна за адной гартаў краязнаўца.

Падчас экскурсіі на руінах замка ўдзельнікі клуба “Сустрэча” даведаліся не толькі аб гісторыі былой рэзідэнцыі Сапегаў, але і аб тым, як ідзе рэканструкцыя, што размесціцца ў адноўленай вежы і якія сюрпрызы падорыць аматарам сярэднявечча фестываль “Гальшанскі замак”. Работнікі аддзела культуры і вольнага часу Марына Кісліцкая, Алена Шавель і Любоў Шчарбакова прадставілі тэатралізаваную пастаноўку “Аповед Соф’і”.

Наступным пунктам у праграме выязнога пасяджэння клуба было наведванне музея Дугі Струвэ ў сельскай бібліятэцы. Дзякуючы агульным намаганням Сяргея Жыліка, аматараў гісторыі і краязнаўцаў некалькі год таму ўдалося атрымаць міні-грант на папулярызацыю геадэзічнага пункта, які аб’яднаў дзесяць краін свету. Загадчык бібліятэкі Таццяна Іванова правяла трапную экскурсію і прадэманстравала прысутным інструменты для вымярэння Зямлі, якія і цяпер прымяняюцца ў геадэзіі.

Пасля вандровак і міні-экскурсій госці гальшанскага краю сабраліся на творчай сустрэчы “Душою адданы радзіме малой” з таленавітым, творчым і ўлюбёным у гісторыю Сяргеем Жылікам. Вядучая мерапрыемства Святлана Галінская пазнаёміла прысутных з госцем, расказала цікавыя звесткі з яго жыцця.

Любоў да гісторыі і гуманітарных навук у Сяргея Аляксандравіча з’явілася дзякуючы настаўнікам СШ №3, дзе ён вучыўся. Сам хлопчык пасля ўрокаў часта бавіў час у краязнаўчым музеі, шмат часу праводзіў у старажытным мястэчку Гальшаны, цікавіўся архітэктурай і мясцовым каларытам.

Дзе б ні працаваў Сяргей Жылік – у Граўжышкоўскай школе, у аддзеле па справах моладзі райвыканкама, у ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, аддзеле адукацыі ці ў аддзеле культуры, усюды спатрэбіліся яго веды і назапашаны вопыт, любоў да гісторыі і творчыя здольнасці. Падчас работы на мясакамбінаце ён прымаў удзел у стварэнні кнігі пра гісторыю прадпрыемства, работнікаў і ўвогуле, людзей Ашмяншчыны, ініцыятарам якой стала тагачасны дырэктар Тамара Уладзіміраўна Філіповіч.

Шмат часу Сяргей Аляксандравіч прысвячае рабоце над міжнароднымі праектамі. Усё пачалося некалькі гадоў таму з музея Дугі Струвэ ў аграгарадку Гальшаны «Дуга, якая аб’ядноўвае народы і культуры». У межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь сумесна з літоўскімі партнёрамі рэалізаваны праект «Два бакі — адна гісторыя і культура». У мінулым годзе завершана работа над міні-праектам «КУТ» на тэрыторыі Мураванаашмянкоўскага сельсавета. Самым цікавым, на думку Сяргея Жыліка, атрымаўся праект пра Нявесцін камень. Гледзячы на фотаздымкі, слухаючы чароўныя легенды і спазнаючы гістарычныя звесткі аб ледніках, удзельнікі клуба “Сустрэча” запланавалі новую сустрэчу з Сяргеем Жылікам у Навасёлках.

Гасцям было цікава пачуць аповед Сяргея Аляксандравіча пра гісторыка-культурныя каштоўнасці нашай Ашмяншчыны, пра рэалізаваныя праекты, выдавецкую дзейнасць. Шмат пытанняў і водгукаў аб сваёй працы Сяргей Жылік атрымаў ад краязнаўцаў Тамары Філіповіч, Яніны Корзун, Валянціны Лабунінай і Чаславы Акулевіч.

Цікавы і прыемны суразмоўца, чалавек з мноствам захапленняў адкрыўся перад прысутнымі зусім з іншага боку. Нягледзячы на тое, што большасць часу Сяргей Аляксандравіч праводзіць на працы, ён усё роўна паспявае захапляцца творамі Уладзіміра Караткевіча, прагартаць старонкі гістарычных выданняў, чытаць вершы, выступаць у якасці вядучага на многіх раённых мерапрыемствах, займацца дызайнам на прысядзібным участку… А яшчэ з-пад пэндзаля мастака нараджаюцца чароўныя карціны. У кожнай з іх адчуваецца чулая душа майстра і нават адчуваецца, з якім настроем і захапленнем ён ствараў кожную з іх. Дарэчы, некаторыя з работ можна ўбачыць у краязнаўчым музеі імя Ф.Багушэвіча.

За кубкам чаю ўдзельнікі мерапрыемства ўважліва слухалі аповеды Сяргея Жыліка і аб падарожжах. Сярод іх вандроўкі ў краіны Прыбалтыкі і Польшчу. У студэнцкія часы Сяргей Аляксандравіч у складзе беларускай дэлегацыі пабываў на фестывалі моладзі і студэнтаў на Кубе, дзе захапіўся яркасцю і каларытам краіны, адкрытасцю і гасціннасцю мясцовых жыхароў, а таксама быў уражаны выступам рэвалюцыянера Фідэля Кастра. Якім не было б яго падарожжа – доўгім ці кароткім, запамінальным ці сумным, — з кожнага наш краязнаўца прывозіць мноства ідэй, якія абавязкова знаходзяць увасабленне на Ашмяншчыне.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *