Аўтарскія калекцыі прадстаўлены на выставе “Кола часу” у Ашмянскім музеі

Культура

Людская памяць – дзіўная рэч. У яе закутках захоўваецца столькі ўспамінаў, што немагчыма нават падлічыць. Яна старанна зберагае, нібы старонкі важных выданняў, усё тое, што сустракала і працягвае сустракаць нас на звілістых дарогах жыцця. Вось толькі чалавечае жыццё не бясконцае, сціраюцца межы, далёкія падзеі і знаёмыя твары… Але памяць аб цудоўных людзях працягвае жыць у рэчах, якія беражліва захоўваюцца ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча.

— Сёння ў фондах музея захоўваецца каля дваццаці пяці тысяч музейных прадметаў, — расказвае дырэктар установы Настасся Навіцкая. — Пачынаючы з 1952 года некалькі пакаленняў музейных супрацоўнікаў карпатліва, метадычна, дзень за днём збіралі матэрыяльныя сведчанні аб развіцці нашага краю. Зараз – гэта ўнікальныя калекцыі дакументаў і фотаздымкаў, зброі і вайсковага рыштунку, нумізматыкі і баністыкі.

Кожны год у фондах музея з’яўляюцца і новыя экспанаты – свае дарагія сэрцу рэчы перадаюць жыхары Ашмяншчыны. Самыя цікавыя аўтарскія калекцыі сёння прадстаўлены на выставе “Кола часу”.

На мінулым тыдні ў музеі адбылася сустрэча “Родны свой край любі і ведай” з аўтарамі прадстаўленых калекцый Аляксандрам Багданавым, Валянцінай Рэут і Валянцінай Лабунінай. Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі дзевяцікласнікі СШ №1 разам з класным кіраўніком Наталляй Дэрвіс, ганаровая жыхарка города, краязнаўца і фатограф Тамара Філіповіч, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Святлана Галінская.

Працоўны шлях жыхара города Аляксандра Багданава складае амаль сем дзясяцігоддзяў. Мужчына шмат гадоў аддаў працы на мясакамбінаце і сельгастэхніцы (сучасная “Аграпрамтэхніка”). За гэты час Аляксандр Кузьміч неаднаразова быў узнагароджаны падзячнымі лістамі, граматамі, знакамі “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў” і медалямі, якія ён і перадаў у музей. Падчас сустрэчы Аляксандр Кузьміч расказаў аб працы і самых значных узнагародах, падзяліўся ўспамінамі і даў важныя парады падрастаючаму пакаленню.

Пачэснае месца на выставе “Кола часу” занялі асабістыя дакументы дырэктара СШ №1 (з 1939 і да пачатку 1950-х гадоў), доктара біялагічных навук, прафесара Вільнюскага ўніверсітэта, загадчыка лабараторыі Акадэміі навук Літоўскай ССР, заслужанага дзеяча навукі Літоўскай ССР Якава Міхайлавіча Цукерзіса. Дарэчы, у гэтым годзе спаўняецца 110 год са дня нараджэння педагога і вучонага.

Каб зразумець, які гэта быў адказны і апантаны чалавек, дастаткова прачытаць ўспаміны Якава Цукерзіса аб аднаўленні школы ў 1944 годзе, якія былі надрукаваны ў раённай газеце за 1989 год: “Калі ў першы дзень пасля вызвалення Беларусі я прыйшоў у школу, то сустрэў жанчыну, якая пасвіла ў двары кароў. Яна катэгарычна заявіла: “Тут няма ніякай школы, тут ніхто не будзе вучыцца!”. З цяжкасцю ў гэта верыў і я. У класах, дзе быў у вайну нямецкі штаб, было пуста – ні парт, ні лаў. Знайшлі іх на сметніку каля ракі, прынеслі, адрамантавалі. Сталі склікаць вучняў. І прыйшло ў першы год усяго шэсцьдзясят чалавек – недаверлівых, калючых, многія з дзіцячага дому, з пакалечанымі вайной лёсамі. Было цяжка, але мы пачалі…”.

Якаў Міхайлавіч вельмі любіў Ашмяны і невыпадкова ва ўзросце васьмідзесяці гадоў прыязджаў у наш горад, сустракаўся з педагогамі і вучнямі СШ №1. Супрацоўнікі музея без перабольшвання адзначаюць, што асабістыя дакументы Якава Цукерзіса сталі аднымі з каштоўнейшых экспанатаў установы.

Дакументы ў музей перадала настаўнік СШ №3 Валянціна Фёдараўна Рэут. Іх сем’і мелі цёплыя стасункі, а сама Валянціна Фёдараўна сябравала з дачкой Якава Міхайлавіча Таісай, падчас летніх канікул ездзіла ў госці да Цукерзісаў у Вільнюс.

Жанчына і цяпер падтрымлівае сувязь з Міхаілам – сынам Якава Міхайлавіча. Падчас апошняй сустрэчы ён і перадаў асабістыя дакументы бацькі Валянціне Фёдараўне. Разглядаючы паперы, жанчына даведалася, што бацька Якава Міхайлавіча быў ганаровым жыхаром Ашмян, апекуном яўрэйскага вучылішча і выкладчыкам Торы ў школе.

У сэрцы Валянціны Фёдараўны цепляцца ўспаміны аб цудоўнай сям’і Цукерзісаў, іх парады нават і цяпер дапамагаюць перажываць шматлікія жыццёвыя няўзгоды, а ў нататніку  засталося некалькі рэцэптаў багатай яўрэйскай кухні.

Не менш цікавую калекцыю паштовак краязнаўчаму музею перадала краязнаўца Валянціна Лабуніна. Большую частку жыцця Валянціна Сцяпанаўна пражыла ў Гальшанах, але яна часта падарожнічала, знаёмілася з цікавымі людзьмі з розных куткоў свету, калі ездзіла на аздараўленне ў санаторыі… Нібы птушкі, з розных гарадоў ляцелі лісты і паштоўкі ў Гальшаны. Кожная паштоўка – гэта памяць аб чалавеку, рукой якога былі напісаны шчырыя радкі і зваротны адрас. У музей жанчына перадала сто пяцьдзясят прысвечаных Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі і чатырыста навагодніх паштовак.

Валянціна Лабуніна расказала, што нават цяпер, у час камп’ютарных тэхналогій, яна любіць адправіць лісты і паштоўкі за некалькі соцень і тысяч кіламетраў сваім сябрам і з нецярпеннем чакае, калі прыйдзе доўгачаканая паштоўка ў адказ.

— Паштоўкі – гэта не толькі аркуш паперы, гэта яшчэ і твор мастацтва. Гледзячы на іх, я не перастаю здзіўляцца, як мастакі ўкладвалі душу ў кожную з іх, — дзеліцца Валянціна Лабуніна. —  Невялікія аркушы паперы адлюстроўваюць шматлікія важныя рэчы і наша разнастайнае жыццё.

Падчас працы ў бібліятэцы Валянціна Сцяпанаўна арганізавала аб’яднанне па інтарэсах “Голас юнага чытача”, дзе юныя мастакі і карэспандэнты самі стваралі незвычайныя паштоўкі. Валянціна Сцяпанаўна прызнаецца, што заўсёды збірае  тое, што нагадвае ёй аб знаёмых людзях – лісты, паштоўкі, фотаздымкі… Яна любіць дастаць іх, патрымаць у руках, яшчэ раз прачытаць прыемныя і цёплыя радкі, напісаныя ад рукі.  А каб павіншаваць суседзяў  са святамі, яна стварае вялікую паштоўку-плакат з пажаданнямі і ўпрыгожвае пад’езд.

Яшчэ адна калекцыя, якая папоўніла фонды музея, – кнігі апантанага чалавека, таленавітага паэта Пятра Шаколы. Вялікую каробку з творамі перадаў пляменнік паэта. Яшчэ пры жыцці Пётр Валяр’янавіч дарыў краязнаўчаму музею зборнікі, якія выдаваў на ўласныя грошы.

Цёплымі ўспамінамі аб шчырым земляку і спагадлівым чалавеку, аб творчых сустрэчах, аб інтарэсах і захапленнях творцы, падзялілася загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Святлана Галінская. Вучаніцы 9-га класа СШ №1 прачыталі пранікнёны верш Пятра Шаколы “Мой шлях”.

Напрыканцы сустрэчы студэнт аграрна-эканамічнага каледжа Уладзіслаў Канапелька-Шумкоўскі выканаў музычную кампазіцыю. Хоць мерапрыемства і скончылася, але кола часу ніколі не спыняецца, можа толькі на імгненне, каб важныя моманты захаваліся ў памяці назаўсёды, таксама, як і гэта сустрэча – па-сяброўску цёплая і ўтульная.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *