Кетрысаў лес. 81- гадовы ашмянец пасадзіў дзве тысячы дрэўцаў

Культура

Народная мудрасць, вызначаючы годнае жыццё чалавека, рэкамендуе пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, вырасціць сына. З гэтай праграмай мінімум даўно справіўся жыхар вёскі Лэйлубка Зыгмунд Іосіфавіч Кетрыс.

За сваё жыццё ён пасадзіў каля дзвюх тысяч дрэў (ужо цяжка палічыць), у асноўным елак, сосен. Ля яго дагледжанага дома красуюцца таксама лістоўніцы, бярозы, жывую агароджу ствараюць роўныя рады ядлоўца. Абараняючыся ад ветру і снегу, які замятае зімой, — хата Зыгмунда  Кетрыса знаходзіцца на ўскрайку вёскі, — ён садзіў дрэвы і каля суседкі.

— Сёлета ўжо меўся адпачываць, — адзначае 81-гадовы дзядуля, — але ж надта хочацца садзіць.

У якасці пасадачнага матэрыялу Зыгмунд Іосіфавіч выкарыстоўвае самасейкі, якія прывозіць з лесу, выкопвае маленькія ліпы і клёны побач з дрэвамі, якія ўжо ўвабраліся ў сілу і пусцілі «дзетак». Кожнае дрэўца дзядуля суправаджае, у такое, як зараз, сухое надвор’е, не лянуецца паліваць.

Пасадку дрэў Зыгмунд Іосіфавіч называе захапленнем, а справай свайго жыцця лічыць будаўніцтва дарог і догляд за імі. Сотні кіламетраў прайшоў яго аўтагрэйдар па ашмянскіх дарогах. З гэтай тэхнікай не разлучаўся мужчына і ў час працы ў міжкалгасных будаўнічых арганізацыях «Аблміжкалгасбуд», Астравецкай перасовачнай механізаванай калоне, ААТ «Будаўнік».

Паколькі тэхніка была ў яго руках, то і сваю вёску ён не крыўдзіў. На працягу некалькіх дзясяткаў гадоў клапаціўся пра тое, каб гравійная дарога ў Лэйлубку мала чым саступала асфальтным аналагам. Дзякуючы ў першую чаргу яго намаганням была закладзена труба для адтоку вады, значна пашырана скрыжаванне.

— Кожную жменю гравію прыбіраў з бакоў і накіроўваў да цэнтра, ствараючы серпавідны профіль, — дзеліцца мужчына. — На роўнай, як стол, дарозе збіраецца вада, а потым утвараюцца ямы.

Нават на пенсіі Зыгмунд Іосіфавіч звяртаўся да сваіх былых кіраўнікоў, заручаўся падтрымкай аднавяскоўцаў, знаходзіў сродкі і падтрымліваў дарогу ў належным стане. Стараста вёскі, ён разам з актыўнымі мужчынамі не раз адгукаўся на просьбу сельвыканкама навесці парадак ля мясцовай дамбы. Разам з Віктарам Вінцаловічам, Леанідам Палянскім, Дзмітрыем Кураловічам выпільвалі старыя дрэвы, прыбіралі смецце.

Зыгмунду Іосіфавічу заўсёды хацелася, каб родны край быў прыгожым. Ён і цяпер, пакуль ідуць ногі, думае галава, пакуль б’ецца сэрца, дбае пра агульны дабрабыт.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *