«Зараз кожная хвіліна на кошт золата». Дваццаць гадоў механізатар КСУП “Гальшаны” прымае ўдзел у пасяўной

Сельское хозяйство

“Вясенні дзень год корміць” – гэта народная мудрасць вядома Івану Шавелю не па чутках. Кожную вясну на працягу больш за дваццаць гадоў механізатар КСУП “Гальшаны” прымае ўдзел у пасяўной. Сёлетняя – не выключэнне. З самага ранку трактарыст  ужо ў полі. На энерганасычаным трактары з плугамі  і ўвосень, і вясной рыхтуе глебу.

Наша кароткая сустрэча адбылася ў полі каля вёскі Сакацяняты, дзе руплівы  працаўнік  рыхтаваў глебу да пасеваў кукурузы. Перад тым, як араць, па полі раскідалі арганіку і яе патрэбна хутка закрыць у глебу, бо за плугамі адразу пойдуць дыскатар і культыватар. Унясуць мінеральныя ўгнаенні і прымуцца за сяўбу.

– Зараз кожная хвіліна на кошт золата, —  энергічна расказвае  Іван Шавель. — Вясна сёлета ранняя, і вільгаць вельмі хутка пакідае глебу. А каб зерне прарасло і набралася моцы, трэба шмат спрыяльных умоў, адна з якіх – пэўная яе вільготнасць.

З гэтай прычыны і працуе механізатар не гледзячы, які час на гадзінніку. У кабіне трактара працуе  радыё: гучыць музыка, адна за другой ідуць навіны і паведамленні.  Дома няма часу чытаць і быць у курсе падзей, а тут —  такая магчымасць!

– З ранку і, бывае, да позняга вечара, пры святле фар працуем, каб своечасова выканаць намечанае. А што зробіш, на тое яна і вясна. Узімку адпачылі, зараз пара і папрацаваць, — усміхаецца мой суразмоўца.

Не марнуючы час на размовы, Іван Іванавіч спяшаецца да трактара, бо  зямля чакае руплівых і надзейных рук.

Пасля работы дома яго сустракаюць жонка Алена, дачка Таццяна і маленькі Жэнька. Старэйшы Арцём  вучыцца ў Лідскім каледжы. Ёсць і хатняя гаспадарка. У бягучым годзе здымак гаспадара сям’і ўпрыгожвае раённую Дошку гонару. З павагай ставяцца да яго кіраўніцтва і калегі па працы.

Ганна ДАВІДОВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *