У Ашмянах на суботніку плануецца пасадзіць амаль паўтысячы дрэў

Общество

20 красавіка ў Беларусі пройдзе рэспубліканскі суботнік, у якім абавязкова прымуць удзел і жыхары Ашмяншчыны. Зрэшты, работы па навядзенні парадку ў раёне працягваюцца ўжо на працягу месяца.

Дзякуючы сумесным намаганням работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожных служб, арганізацый і прадпрыемстваў, маладзёжным актывістам, валанцёрам і проста неабыякавым людзям, якія прывыклі быць гаспадарамі на сваёй зямлі, горад і сельскія населеныя пункты прыхарошваюцца. Чыстымі вуліцамі і тратуарамі, добраўпарадкаванымі тэрыторыямі, дагледжанымі скверамі і паркамі сустракаюць гасцей райцэнтр і вёскі. Ідзе навядзенне парадку ля помнікаў воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ля гісторыка-культурных каштоўнасцей. Ва ўсю кіпіць работа ля сцен Гальшанскага замка.

Акрамя маштабных работ па ўборцы, выдаленні аварыйных дрэў, прывядзенні ў парадак прыдарожных палос, мясцовых могілак, у раёне ажыццяўляецца пасадка дрэў.

Як паведаміла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ірына Ромме, у рамках суботніка запланавана пасадзіць амаль паўтысячы дрэў.

Новыя алеі з’явяцца на пяці пляцоўках. Ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу будзе закладзена алея да 75-годдзя Гродзенскай вобласці, алея “Бэз Перамогі – сад міру” будзе пасаджана ў перавулку Міцкевіча. Па вуліцы Усходняй дзякуючы актывістам БРСМ з’явіцца “Сямейная алея”. Другое жыццё елкам дадуць школьнікі, якія высадзяць ялінкі ў кадках па вуліцы Школьнай. Азеляненне чакае таксама ўрочышча Сухая і тэрыторыя каля цэнтральнай раённай бальніцы.

У пасадцы маладых клёнаў, дубоў, бяроз, ліп, рабінак, ясеняў і ялінак прымуць удзел арганізацыі раёна.

На тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў пасадка дрэў ідзе ўжо на працягу двух тыдняў. Каля 140 саджанцаў ужо цягнуць свае маладыя галінкі да сонца.

Хто, калі не мы, дапаможа роднаму краю стаць прыгожым і чыстым, квітнець і радаваць вока?!

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *