Памідорны край — для працавітых рай

События

У суседнім райцэнтры — Іўі, якое да гэтага часу многія лічаць гарадскім пасёлкам (між тым статус горада суседзям быў прысвоены ў 2000 годзе), — хаця б праездам, быў, лічы, кожны ашмянец. Усходнія вароты па трассе М6 ветліва сустракаюць не толькі выпадковых спадарожнікаў, але і мэтанакіраваных турыстаў, у ролі якіх на гэты раз апынуліся калегі-журналісты.

СМІшнікі — народ дапытлівы, а калі яшчэ і тэма цікавая — за каўнер не адцягнеш… Хто б мог падумаць, што ў суседнім раёне (маўляў, колькі там таго Іўя) мы зробім столькі адкрыццяў, якімі так карціць падзяліцца з чытачамі. Але аб усім па парадку.

Як набыць кватэру на Чырвонай горцы?

Знаёмства з Іўеўшчынай пачалося з завочнай вандроўкі, якую прапанаваў нам старшыня райвыканкама Аляксандр Булак. Аказваецца, шмат меншы за наш па колькасці насельніцтва (на 7,5 тысячы чалавек), Іўеўскі раён займае значна большую плошчу (трэці ў вобласці па велічыні) — раскінуўся ён на 1845 квадратных кіламетрах. Праўда, амаль дзве трэція з іх — пад балотамі і лясамі. Аднак іўеўчане не скардзяцца, яны старанна працуюць.

У прамысловы патэнцыял раёна, а ён таксама ёсць, уваходзяць прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, лесаматэрыялаў, больш за 400 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Аграпрамысловы статус раёна пацвярджаюць не толькі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, але і 54 сялянска-фермерскія гаспадаркі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на плошчы 1,5 тысячы гектараў. Яшчэ больш як 200 участкаў знаходзяцца ў арэндзе руплівых іўеўчан (чытай: татараў). Гэтыя лічбы, лепш за любыя іншыя довады, сведчаць аб самазанятасці мясцовых жыхароў.

Сапраўды, хто не бачыў, што Іўе патанае ў парніках, якія з’яўляюцца не толькі крыніцай даходаў, але і прадметам пастаянных клопатаў. Хто не спытаў смаку мясістых іўеўскіх памідораў, якія часам «даяжджаюць» і да Ашмян. Праўда, у асноўным сельскагаспадарчая прадукцыя суседзяў — таматы, шчыпяры маладой цыбулі, радыска — адпраўляюцца ў Ліду, Маладзечна, Мінск. Бліжэй да восені іўеўскія памідоры ахвотна купляюць расіяне — оптам яны пастаўляюцца ў Смаленск, Маскву.

У суседзяў нават з’явілася свая прыказка: «Кожны паважаючы сябе іўеўчанін павінен мець кватэру на Чырвонай горцы». Маецца на ўвазе адзін з новых мікрараёнаў у Мінску. Жарт жартам, але за два — тры сезоны найбольш дбайныя гаспадары, кажуць месцічы, увасабляюць яго ў жыццё.

Беларускі Вавілон

Іўе з’яўляецца горадам чатырох рэлігій, яго па праву называюць маленькім Іерусалімам, беларускім Вавілонам. Тут здаўна — а сёлета суседзі адзначаць 575-годдзе з часоў першай згадкі ў летапісах — у згодзе пражывалі і пражываюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў: праваслаўныя, католікі, мусульмане, іудзеі. Як сімвал іх мірнага суіснавання ў горадзе ўстаноўлены манумент «У гонар дружбы і адзінства канфесій Іўеўскага раёна».

Аднолькава свабодна, як нам падалося падчас наведвання мясцовай школы, адчуваюць сябе хрысціяне і дзяўчаты-мусульманкі з хусцінкамі на галовах.

Іх самабытныя традыцыі знайшлі адлюстраванне ў музеі нацыянальных культур. З экспазіцыямі адзінага ў Беларусі музея такога кшалту пашчасціла пазнаёміцца і нам.

Іўе лічыцца сталіцай беларускіх татараў. Буйнейшая ў Беларусі татарская абшчына, якая тут пражывае, налічвае больш як паўтысячы чалавек. Гэтыя землі продкам мясцовых татараў за верную службу падарыў яшчэ князь Вітаўт. А вось свой храм — мячэць — з’явілася ў іх значна пазней. У 1882 годзе ўладальніца Іўя графіня Эльвіра Замойская не толькі дазволіла пабудаваць мячэць, але і падарыла татарам, якіх лічыла здольнымі земляробамі і майстрамі гарбарных спраў, патрэбную колькасць драўніны.

Так у Іўі «вырас» храм, які сёння з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства. Ад хрысціянскіх святыняў ён адрозніваецца прастатой і аскетычнасцю, а яшчэ тым, што падзелены на дзве паловы — мужчынскую і жаночую. Пакінуўшы абутак у калідоры, заходзім у малельны зал, дзе імам і па сумяшчальніцтве настаўнік беларускай мовы і літаратуры Адам Радзецкі знаёміць нас з некаторымі асаблівасцямі сваёй культуры. Ён шчыра прызнаецца:

— Беларускія татары мову забыліся, а рэлігію — не. Яна нас аб’ядноўвае.

Трэба адзначыць, што аб’ядноўвае на працягу не аднаго стагоддзя: іўеўская мячэць — адзіная ў Беларусі, якая не зачынялася нават у савецкія часы.

Іўе-дэ-Жанейра

Так ахрысцілі сталіцу беларускіх татараў шматлікія турысты, якія наведваюць гэты гасцінны край. Падставай для такой назвы стала статуя Ісуса Хрыста, якая узвышаецца побач з касцёлам у Іўі. Як і сама святыня, размясцілася статуя вельмі ўдала, на адной з найвышэйшых кропак горада. З 2002 года Ісус Хрыстос быццам абдымае іўеўчан. А ўсё дзякуючы пробашчу парафіі Яну Гавецкаму і майстру з Ашмянскага раёна Мар’яну Казару, які выканаў паменшаную копію знакамітай скульптуры ў Рыа-дэ-Жанейра.

Гэтая статуя карыстаецца ледзь не большай папулярнасцю ў турыстаў, чым сам касцёл і кляштарныя карпусы, якія нягледзячы на ўзрост і выпрабаванне часам і войнамі нагадваюць аб былой велічы.

Адметная асоба і самаго ксяндза Яна Гавецкага, які з задавальненнем сустракае гасцей, расказвае пра гісторыю храма і нават дэманструе магчымасці аргана, гукі якога ахутваюць прыхаджан.

Паколькі няўмольныя стрэлкі гадзінніка ні на хвілінку не запаволілі свой бег, журналістам прыйшлося спяшацца, са шкадаваннем пакідаючы па-за ўвагай іншыя цікавыя аб’екты. Сярод іх, дарэчы, царква Святога Гаўрыіла Беластоцкага, таварыства з абмежаванай адказнасцю «ЛідаТэхмаш», аграсядзіба «Марынскае».

З культурнымі напрацоўкамі раёна прадстаўнікі СМІ пазнаёміліся падчас наведвання Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Адныя засталіся ў захапленні ад народных рамёстваў, другія — ад пастаноўкі дзіцячага тэатра, трэція — ад майстар-класаў, удзельнікамі якіх змаглі стаць…

Іўеўскі край у гэты дзень кожны пакідаў з часцінкай цеплыні яго месцічаў — драўляным, саламяным або ільняным сувенірам, невялічкай туйкай, якія рэалізуе гадавальнік Іўеўскага лясгаса, з незабыўнымі ўражаннямі, адбітак якіх лёг у дзясяткі нататак падарожнікаў.

Людміла РЫБІК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *