“ЛюдскІя назвы і лЮдскія словы”

Культура

Алéйнік

Сёння ў многіх рэгіёнах Беларусі гэтае слоўка вядома як прозвішча. Побач з такімі, як Алейнікаў, Алейнічэнка. Але перш чым стаць прозвішчам, яно першапачаткова абазначала асобу, што займалася вырабам і (або) продажам алею. Гэта значыць, масла, вырабленага з расліннага насення (па-руску – растительное масло).

Само слова алей лацінскага паходжання – oleum, вядомае з такім жа значэннем многім еўрапейскім мовам: стараславянскай – олѣи, чэшскай, польскай, славацкай – оlej. украінскай – олíй. Калі патрабавалася ўдакладніць гатунак алею, то ўжывалі прыметнік: ільняны алей (выраблены з ільну), канапляны алей (з канопляў), аліўкавы алей (з аліўкаў). У старабеларускую мову назва трапіла прыкладна ў ХІV – ХV стагоддзі. Хутчэй за ўсё, непасрэдна з мовы лацінскай. Ад нас, не выключана, яго перанялі расіяне, бо ў ХІХ стагоддзі вядомы рускі лексікограф Уладзімір Даль занатаваў слова ў сваім «Толковом словаре живого великоросского языка»: оле́й «растительное масло».

Назоўнік алейнік утварыўся дзесьці ў ХV – ХVІ стагоддзі пры дапамозе суфікса -нік- ад вядомага лацінізма: алей + нік = алейнік. Тады ж узнікла і назва жанчыны-прадавачкі – алейніца. Праўда, ужывалася гэтая назва радзей, бо мела яшчэ адно значэнне – гліняны посуд, дзе трымалі алей.

У 20-я гады ХХ стагоддзя назоўнік алейнік пашырыў значэнне. Так у той час называлі маслабойшчыкаў ‘рабочых маслабойнай прамысловасці’. І яшчэ. Пад уплывам рускай мовы слова займела сінанімічнага канкурэнта з характэрным рускамоўным суфіксам (-шчык-) – алейшчык. Па сёння яны ўжываюцца як раўнапраўныя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *