Напісанае сэрцам. У Ашмянах прайшла творчая сустрэча з пісьменніцай Нінай Рыбік

Культура

Раённая бібліятэка запрасіла на чарговую сустрэчу ў аматарскае аб’яднанне, якое за гады cвайго існавання падарыла ашмянцам шмат цёплых і незабыўных спатканняў з таленавітымі паэтамі і празаікамі, мастакамі, самадзейнымі кампазітарамі, майстрамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і музыкантамі. Тым самым узбагаціла нашы веды аб мастацтве і краязнаўстве, дазволіла паглядзець на сваіх герояў, нашых з вамі землякоў, крыху па-іншаму, прыадчыніўшы таямніцы іх багатага ўнутранага свету.

Сустрэчы з Нінай Аляксееўнай Рыбік, пісьменніцай і галоўным рэдактарам астравецкай раёнкі, абрадавалася як ніхто іншы. І хаця спатыкаемся мы з ёй не так ужо і рэдка, аднак больш, безумоўна, па рабоце, калі абмяркоўваем надзённыя журналісцкія праблемы падчас семінараў і калегій у абласным цэнтры. Не, як пісьменніцу Ніну Аляксееўну я таксама ведаю.  Практычна ўсё, што выходзіць з-пад пяра калегі, праглынаю вельмі хутка, бо адкласці яе кнігу немагчыма: усе справы, нават тэрміновыя, адступаюць тады на задні план. Мне нават пашчасціла бачыць яе двойчы ў ролі драматычнай актрысы, якая сыграла адну з роляў у сваёй жа п’есе — “Калядным вечары”: адзін раз астравецкія артысты прыязджалі са спектаклем у Ашмяны, у другі раз ставілі пастаноўку на шчучынскай сцэне ў Дзень беларускага пісьменства. Узрушэнне, якое я атрымала ад прагляду, немагчыма перадаць словамі. Яно — сведчанне таго, што піша Ніна Аляксееўна найперш сэрцам: у яе творах няма ні граму фальшу.

Знаёмства з гераіняй творчай гасцёўні вядучая Святлана Галінская распачала з біяграфічных звестак і адказу на пытанне, як ураджэнка Хойніцкага раёна трапіла на Астравеччыну. Між іншым, было зразумела, што ўдзельнікі вечарыны з аўтарам, хоць і завочна, аднак знаёмы: на сталах у некаторых ляжалі кнігі пісьменніцы, дый пытанні, якія яны адрасавалі журналістцы, сведчылі аб тым, што яны, як кажуць, у тэме.

Ніна Аляксееўна Рыбік кіруе рэдакцыяй раённай газеты «Астравецкая праўда» больш за дваццаць пяць гадоў. За гэты час яна займела шырокае прызнанне і ў раёне, і ў рэспубліцы, бо часта выступае з матэрыяламі самай рознай тэматыкі на старонках рэспубліканскай перыёдыкі. Аднак важна тое, што ў віры журналісцкіх, а найперш рэдактарскіх клопатаў яна знаходзіць час і для сапраўднай мастацкай прозы.

Пісьменніцкі дэбют Ніны Рыбік адбыўся на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», дзе было змешчана апавяданне «Эвакуацыя». Потым гэты твор увайшоў у першы выпуск кнігі “Прайсці праз зону”, прысвечанай 10-годдзю Чарнобыльскай трагедыі, а затым разам з іншымі апавяданнямі лёг у аснову першай кнігі пісьменніцы “Права на адсяленне”.

— Дарэчы, пісаць я пачала дзякуючы свайму земляку, вядомаму паэту Міколу Мятліцкаму, — заўважыла Ніна Рыбік. — Мы з ім двойчы землякі: яго вёска таксама трапіла ў зону адчужэння, а другой радзімай стала Астравеччына, радзіма яго жонкі. Ён неяк ці то жартам, ці то сур’ёзна сказаў: «Ты павінна пісаць! У цябе атрымаецца!». Сама не ведаю, чаму ён так вырашыў, да таго часу і радка маіх апавяданняў не прачытаў. Ну, я і аддала яму сваю «Эвакуацыю» — пра тое, як высялялі пасля Чарнобыля нашу вёску — маіх бацькоў, аднавяскоўцаў, яна амаль дакументальная … А пасля я і сама зразумела: калі не напішу я, ніхто не напіша пра мае Уласы і маіх аднавяскоўцаў…

Да чарнобыльскай тэмы Ніна Аляксееўна будзе звяртацца пастаянна, бо менавіта яна заўсёды будзе балець у яе душы. А пасля атрымаецца так, што перакладзены дачкой Аленай на нямецкую і англійскую мовы нарыс “Чернобыль без мифов” прынясе ёй першую прэмію ў конкурсе, што праводзіў нямецкі часопіс Spiegel. Справа ў тым, што падчас фотавыставы ў Астраўцы яна пазнаёмілася з выдатным чалавекам, таленавітым фотамастаком, манахам Карнэліем Консэкам. Яны разам пабывалі ў роднай для Ніны Рыбік вёсцы Уласы, у Чарнобылі і Прыпяці, у царкве, дзе яе хрысцілі. Вынікам той паездкі стаў сумесны праект — нарыс «Чернобыль без мифов», ілюстраваны Карнэліем.

А затым будзе перамога ў прэстыжным расійскім конкурсе “Живое слово”. За гэтымі перамогамі ізноў і ізноў будуць з’яўляцца новыя творы: аповесці, апавядані, казкі для дарослых. Частка іх увойдзе ў зборнік “Скрыжаванні”, рукапіс якога будзе названы сярод пераможцаў абласнога пісьменніцкага конкурсу імя Цёткі.

На пытанне, калі звычайна прыходзіць натхненне, журналістка ўсміхнулася і адказала:

— Натхненне – гэта вялікая раскоша, якой я дазволіць сабе не магу. Проста, саджуся і пішу. Часцей – ноччу, каб ніхто не перашкаджаў. У мяне і зараз ляжыць шмат матэрыялаў. Вось спадзяюся, выйду на пенсію, тады і выдам свае “маленькія гісторыі”…

А пакуль яе рабочы дзень распісаны па хвілінах. Здаецца, работа паглынае яе без астатку. Аднак тут абавязкова знаходзіцца час, каб сыграць у “Што? Дзе? Калі?”. Інтэлектуальны рух пад яе кіраўніцтвам і пры падтрымцы мясцовай улады стаў у раёне добрай традыцыяй. Якім бы напружаным ні быў рабочы графік, трэба запланаваць адпачынак, хоць і невялікі. Яна вельмі любіць падарожнічаць.

— Куды выпадае адправіцца: у экскурсію па раёне, па вобласці ці па Беларусі, у блізкае ці далёкае замежжа — туды імкнуся ехаць, — прызнаецца Ніна Рыбік. — Заўсёды адчуваю радасць і прадчуванне новых уражанняў і пачуццяў ад сустрэч. Сёння можна знайсці любую інфармацыю ў інтэрнэце, але гэта не тое, эмоцыі не тыя. А калі не выпадае адправіцца ў вандроўку, то хочацца хоць з чужых слоў даведацца пра цікавыя мясціны і людзей.

Апошнім часам яе дарога больш скіравана ў бок Глазга: там жыве яе любы ўнук Оскар. І Ніна Аляксееўна з гонарам жартуе, што яна цяпер “аскараносная” бабуля.

Акрамя гэтага, бадай, самага важнага, у Ніны Рыбік шмат і іншых званняў: «Чалавек года Гродзеншчыны — 2015», лаўрэат прэміі імя Аляксандра Дубко ў намінацыі «Журналіст года», лаўрэат рэспубліканскай журналісцкай прэміі “Залатое пяро”…

— Мая самая галоўная перамога – гэта мае дзеці і “Астравецкая праўда”, — заўважыла  падчас бліц-апытання гераіня літаратурнай сустрэчы. – Я задаволена сваімі дзецьмі.  Мне прыемна, што наша раёнка карыстаецца аўтарытэтам сярод жыхароў не толькі нашага рэгіёна. А што тычыцца таленту, то  ён даецца чалавеку не проста так, і грэх гэтым не скарыстацца.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *