Гісторыя аднаго здымка. Каміла шукала шчасця

Культура

Ад гэтай сямейнай гісторыі застаўся толькі адзін фотаздымак.

На ім — пані Каміла з Мінейкаў Абранпольская (прадстаўнікі зна­камітага роду Мінейкаў жылі ў маёнтку Балванішкі ля Ашмян).  Яшчэ ў дзявочыя гады яна пазнаёмілася ў Вільні са статным афіцэрам царскай арміі. Распачаўся неверагодны раман, але аб шлюбе не магло ісці нават размовы. Бо, па-першае, ён быў праваслаўным рускім афіцэрам, а яна каталічкай, а, па-другое, сям’я Мінейкаў была супраць такога шлюбу.

У хуткім часе Камілу выдалі замуж за Леанарда Абранпольскага. У 1916 годзе ў іх нарадзіўся сын Андрэй. Але гэты саюз не быў для маладой жанчыны шчаслівы, бо не яна выбрала сабе лёс, а так вырашылі бацькі.

У 1917 г. сям’я Абранпольскіх была запрошана на карнавал у Вільню. Там Каміла зноў убачыла свайго афіцэра, і каханне ўспыхнула з новай сілай. Яны дамовіліся сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі (у доме брата Камілы ў Камянец-Падольскім), там яны павінны былі вырашыць свой далейшы лёс.

Каміла пакінула дома сына і мужа і накіравалася ў Камянец-Падольскі. Калі ж настаў доўгачаканы дзень сустрэчы,  каханы не прыехаў. У роспачы Каміла знайшла толькі адно таму тлумачэнне — ён перадумаў, не кахае яе, усё было дарэмна. Увечары таго ж дня яна здзейсніла самагубства — атруцілася.

На наступны дзень прыехаў знерваваны афіцэр, папрасіў прабачэння за спазненне: яго затрымалі важныя службовыя справы. Ён прасіў аб сустрэчы з Камілай. Брат Камілы расказаў яму пра трагічныя падзеі, правёў афіцэра ў салон, дзе стаяла труна, і пакінуў яго там аднаго. Цішыня паглынула дом, а праз некаторы час сцены судрыгнуліся ад моцнага рэвальвернага стрэлу. Ён выстраліў сабе ў сэрца. Так скончылася іх трагічнае каханне.

Аб гэтай сямейнай гісторыі піша ў сваёй кнізе «У Ашмянскім павеце ўчора і сёння» Станіслава з Мінейкаў Навіцкая. У сваім фотаальбоме яна зберагла фота прыгожай паненкі Камілы, якая так хацела быць шчаслівай.

Алена АПАНЭЛЬ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *