“ЛюдскІя назвы і лЮдскія словы”

Культура

Тубылец

Гэтае слова можа быць растлумачана праз такія сінонімы, як ‘мясцовы жыхар, туземец, абарыген, аўтахтон’. Жаночы род — тубыліца, тýбалка, тýбулка і тýлубка (у выніку перастаноўкі літар б – л). Множны лік — тубыльцы, тýбальцы ‘карэнныя жыхары, тутэйшыя’. Прычым у вымаўленні націск можа стаяць як на першым, так і на другім складзе.

Упершыню пачуў гэтыя словы я дзіцёнкам у 70-я гады ХХ стагоддзя ад насельнікаў вёсак Кушлева і Кісялева. У першай з іх стаяла бацькава хата, якую затым у 1979 годзе перавезлі на Станцыю Ашмяны. Ужо і не прыгадаю імя таго, здаецца, 90-гадовага дзеда, які распавядаў нам пра Багушэвіча, пра тое, як стаяў пісьменнік на камені недалёка ад касцёла, што ў Жупранах, і штосьці тлумачыў сялянам. Нагадаю, Ф. Багушэвіч па спецыяльнасці быў юрыстам (адвакатам). Але слоўка запомнілася. Мабыць, таму, што яно старажытнае і наша — спрадвечнабеларускае.

Форма тубылецъ была зафіксавана слоўнікамі старабеларускай мовы ХІІІ–ХVІІІ стст., і з’явілася для таго, каб перакласці юрыдычны тагачасны лацінскі і незразумелы для многіх месцічаў тэрмін incola ‘жыхар’. Для гэтага нашы продкі скарысталі старапольскую мову (tubydliciel), дзе tu абазначала ‘тут’, а bydlić ‘пражываць, жыць’ — ‘пражывае тут; тутэйшы’. Параўнайце падобныя па структуры: тужылец ‘тутэйшы жылец’, туземец (ад праславянскага ‘гэты’ і земьць ‘жыхар’) — ‘жыхар гэтай зямлі’.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *