«Ашмянскі веснік»: 80 год пішам гісторыю разам з вамі

75 лет Гродненской области События

Газета “Ашмянскі веснік” – галоўны летапісца нашага краю. І сёлета ў яе вялікі і даволі значны юбілей. Ёй – 80! У кастрычніку 1939 года тыражом 3000 экзэмпляраў выйшаў у свет першы нумар ашмянскай раёнкі. Выйшаў пад назвай “Знамя Свабоды”. Усяго да вайны ў рукі чытачоў трапілі 174 нумары газеты, апошні, перадваенны нумар датаваны 19 чэрвеня 1941 г.

А потым было выпрабаванне агнём, болем, нястачай, разрухай. Вялікая Айчынная вайна не злітавалася ні над кім. Аднак і ў самы складаны і суровы час раёнка была для сваіх чытачоў глытком свежага паветра. У палявых умовах, у паходнай друкарні выдавалася падпольная газета “Знамя свабоды” на працягу некалькіх месяцаў 1943 – 1944 гадоў, ажно да канца вайны.

Сёння мы прапануем некалькі інфармацыйных матэрыялаў з першага года жыцця раёнкі – з 1939-га з захаваннем стылю і тагачаснай арфаграфіі.

21 кастрычніка 1939 года

Пісьмо працоўнай моладзі г. Ашмяны Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну

“…Зараз, у гістарычныя дні выбараў дэпутатаў у Народнае Сабранне Заходняй Беларусі, мы абяцаем Вам, дарагі Іосіф Вісарыёнавіч, што мы будзем галасаваць за дэпутатаў, адданых справе працоўнага народа. Галасуючы за народных дэпутатаў, мы будзем галасаваць за перадачу памешчыцкай зямлі сялянам, за нацыяналізацыю буйнай прамысловасці і банкаў, за далучэнне Заходняй Беларусі да Беларускай Совецкай Соцыялістычнай Рэспублікі – гэта значыць да вялікага Совецкага Саюза – бацькаўшчыны працоўных усяго свету…”

Раздача зямлі сялянам

У Ашмянскім павеце цэлыя сотні гектараў зямлі трымалі ў сваіх руках граф Чапскі, памешчыкі Стругач, Бернат і другія… А тысячы сялян з сваімі сем’ямі мелі ў сваім карыстанні невялікія кавалачкі зямлі і ад цямна да цямна працавалі на паноў за мізэрную плату.

Гераічная рабоча-сялянская Чырвоная армія прагнала ўсіх гэтых дармаедаў, а зямлю аддала сялянам. Зараз сяляне павета праводзяць раздзел быўшай памешчыцкай зямлі паміж сабой. Ужо закончан раздзел зямлі ў Дзевянішскай, Смаргонскай і Сольскай валасцях. У астатніх валасцях хутка таксама закончыцца раздзел памешчыцкай зямлі.

У пераважнай большасці сяляне на атрыманай зямлі засеялі жыта. Многія праводзяць зімняе ворыва, загатаўляюць насенне для веснавой сяўбы.

 

28 кастрычніка 1939 года

Новая школа для дарослых

У былой польскай дзяржаве большасць працоўнага насельніцтва не мела магчымасці атрымаць нават пачатковую адукацыю. Польскія незадачлівыя заправілы справу народнай асветы, як і ўсё, рабілі прадметам сваёй нажывы. Для таго, каб правучыцца, працоўны павінен быў заплаціць у год каля паловы свайго заробку за навучанне, не лічачы іншых расходаў на вучобу. Вядома, што пры такой пастаноўцы справы народнай асветы дзеці рабочых і сялян не мелі магчымасці атрымаць нават пачатковай асветы.

Зараз па рашэнню аддзела народнай асветы пры Часовым упраўленні Ашмянскага павета ў горадзе Ашмяны адкрываецца вячэрняя школа для дарослых. У школу будуць прымацца ўсе рабочыя і служачыя, незалежна ад падрыхтоўкі. Навучанне ў школе бясплатнае. Школа будзе забяспечана высокакваліфікаванымі выкладчыкамі.

 

9 снежня 1939 года

Беспрацоўныя атрымліваюць работу

…Аддзел кадраў пры Часовым упраўленні павета штодзённа наведвае вялікая колькасць людзей, жадаючых атрымаць працу. Іх жаданні задавальняюцца. Звыш 200 чалавек – былых беспрацоўных – аддзелам кадраў накіраваны на работу. Сярод іх ёсць бежанцы з Вільна, Варшавы і г.д. Так, доктар Шапіра, бухгалтар Лідэс, быўшыя доўгі час беспрацоўнымі, цяпер атрымалі работу па спецыяльнасці. Такіх прыкладаў многа.

Шырыцца сетка бальніц

150 тысяч злотых у год затрачвалі польскія заправілы на ахову здароўя ў павеце. Адна бальніца і тры амбулаторыі – вось і ўсе медыцынскія ўстановы павета. Не дзіўна, чаму працоўнае насельніцтва, асабліва ў вёсках, было без медыцынскага абслугоўвання.

Зараз на ахову здароўя звернута сур’ёзная ўвага. Па рашэнню Часовага ўпраўлення павета адкрываюцца 4 новыя бальніцы, 2 паліклінікі, 4 фельчарскія і 15 акушэрскіх пунктаў. Апрача стацыянарных зубалячэбніц у Ашмянах і Смаргоні, пры кожнай амбулаторыі і паліклініцы адкрываюцца зубныя аддзелы. У Ашмянах і Смаргоні адкрываюцца радзільныя дамы.

На медыцынскае абслугоўванне працоўных павета ў 1940 годзе будзе затрачана больш 3-х мільёнаў рублёў.

Прыступілі да будаўніцтва дома соцкультуры

…Па рашэнню Часовага ўпраўлення павета ў горадзе Ашмяны распачата будаўніцтва дома сацыялістычнай культуры.

Дом соцкультуры будзе вялікі і прыгожы двухпавярховы будынак. Ён будзе мець 38 метраў даўжыні і 29 – шырыні. У ім вялікая глядзельная зала на 500 месц, вялікае файе і 8 пакояў для гурткоў мастацкай самадзейнасці. На будаўніцтва будзе затрачана 300 тысяч рублёў.

Будаўніцтва клуба мяркуецца закончыць да 1 мая 1940 года. Зараз на будаўніцтве штодзённа працуюць 50 чалавек.

Новыя магазіны

Па нашаму павету шырока разгортваецца дзяржаўны і кааператыўны савецкі гандаль.

У горадзе Ашмяны арганізавана 6 прадуктовых магазінаў. Зараз у магазінах ёсць цукар, макарона, запалкі, яблыкі і другія тавары. Днямі ў магазіны павета паступае вялікая колькасць цукру, газы і солі. У горадзе таксама працуе магазін культтавараў.

З 7 снежня ў горадзе Ашмяны распачала работу хлебапякарня павятовага спажывецкага саюза. На днях адкрыецца некалькі хлебных магазінаў. Гарадскі спажывецкі саюз праводзіць падрыхтоўчую работу па загатоўцы сельскагаспадарчай сыравіны.

Кааператыўныя магазіны арганізаваны ва ўсіх валасцях павета. Працоўныя з вялікай ахвотай уступаюць у члены кааператыўных арганізацый. Напрыклад, у Крэўскай воласці зараз ужо налічваецца 1212 пайшчыкаў. Яны ўжо ўнеслі 10200 рублёў паявых узносаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *