Праект “ШАГ” у Навасёлкаўскім ВПК

Общество

У гэтай школы няма дырэктара, вахцёра, нават асобнага будынка. Пасля яе заканчэння тут не наладзяць выпускны баль і не выдадуць атэстат.  Аднак у гэтай школе ёсць вучні і ідуць заняткі, якія, хочацца спадзявацца, дадуць свой плён: дапамогуць выгадаваць сапраўднага патрыёта, чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Дапамагчы старшакласнікам зарыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, прааналізаваць розную атрыманую інфармацыю, навучыць фарміраваць уласныя меркаванні па пытаннях грамадскага развіцця – вось галоўная мэта праекта “ШАГ: школа актыўнага грамадзяніна”.

Спачатку з падлеткамі сустрэлася старшыня Навасёлкаўскага сельскага выканаўчага камітэту Ганна Травіцкая. У выніку дыялогу было вырашана садзейнічаць добраўпарадкаванню роднага аграгарадка Навасёлкі. З надыходам спрыяльнага надвор’я валанцёрскія і цімураўскія атрады прымуць удзел у працоўных акцыях па азеляненні вуліц аграгарадка.

Наступны ШАГ запомніўся юнакам і дзяўчатам сустрэчай з медыйнай персонай, што само па сабе ўжо падзея для сельскіх жыхароў. У адзінай гадзіне інфармавання прыняў удзел Фёдар Шведаў, капітан каманды тэлевізійнага клуба “Што? Дзе? Калі?” на АНТ, уладальнік Вялікай крыштальнай савы як лепшы знаўца 2017 года. Сустрэча тады адбылася ў форме ток-шоу “100 пытанняў да дарослага: падзеі, факты, каментарыі”. Госць імгненна ўключыў старшакласнікаў ў інтэрактыў, прадэманстраваўшы некалькі прыёмаў інтэлектуальных гульняў. Потым большасць мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы, праведзеных вучнямі ў лютым, будуць звязаны з інтэлектуальнымі спаборніцтвамі: “Медыяазбука”, “Свая гульня” і інш.

Пры абмеркаванні пытання забеспячэння шматдзетных сем’яў жыллём Фёдар Шведаў, які выхоўвае траіх дзяцей, падкрэсліў, што гэты крок будзе садзейнічаць паляпшэнню дэмаграфічнай бяспекі краіны. Міласэрнасць, суперажыванне, аказанне пасільнай дапамогі тым, каму яна патрэбна – гэта выхоўваецца у сям’і, найперш у шматдзетнай. Як можна прыняць удзел у справах дабрачыннасці, наколькі гэта затратна і цяжка, што нам гэта дае, для чаго важна чалавеку гэта рабіць – роздум над гэтымі пытаннямі потым выльецца ў канкрэтныя справы і дзеці пачнуць дзейнічаць. У рамках дабрачыннага марафона “Усе фарбы жыцця  для цябе!” старшакласнікі атрада валанцёраў “Добрыя сэрцы” кожны тыдзень будуць наведваць адзінокіх састарэлых грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельскага савета. Яны акажуць пасільную дапамогу па гаспадарцы 84 старым. Зробленыя ў школьнай майстэрні навагоднія елачкі-падарункі зоймуць сваё пачэснае месца на паліцах. У належны выгляд прывядзецца тэрыторыя помніка воінам-землякам, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў аграгарадку Навасёлкі. А падчас свята “Сем колераў дабра” на базе цэнтра карэкцыйна-развіваючага  навучання і рэабілітацыі нашы валанцёры правядуць забаўляльна-гульнявую праграму для дзяцей-інвалідаў. Частункі, падарункі, прыгатаваныя сваімі рукамі, будуць чакаць у той дзень кожнае дзіця.

Запомніліся вучням сустрэчы з выпускніцай школы, педагогам Ашмянскага ЦКРНіР К. Млыноўскай, воінам-інтэрнацыяналістам Уладзімірам Гіруцем, успаміны якога падлеткі слухалі з непадробнай увагай.

Кожны з вучняў выносіць з такіх абмеркаванняў нешта новае для сябе. Пры гэтым хтосьці задумаецца, хтосьці паразважае, а хтосьці пачне дзейнічаць: актыўна распаўсюдзіць свае ідэі ў інтэрнэце ў якасці блогера, прынясе канкрэтную дапамогу сваімі намаганнямі…І хоць сустрэчы не займаюць шмат часу,    яны прыносяць свой плён. Бо для падлеткаў  важна выказацца і быць пачутым, ім важна мець цікавага суразмоўцу.

Надзея Чаплінская, педагог-арганізатар Навасёлкаўскага ВПК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *