“ЛюдскІя назвы і лЮдскія словы”

Культура

Трухтá

З часоў гутарковай мовы, агульнай для усходніх славян, прыкладна ў VIII – IX стст. нашы далёкія продкі для абазначэння бегу каня дробнай рыссю актыўна выкарыстоўвалі гукаперайманне «трух-трух». Гэта значыць слова, утворанае шляхам пераймання тых гукаў, якія ўспрымалі людзі падчас конскага тупату. Ад гукапераймання, мабыць, у гэты ж час утварыўся назоўнік трух ‘павольная рысь, трушок’, затым прыслоўі трухам, трухтом, трушком, назоўнік трушок ‘павольны бег’, дзеяслоў трухцéць, трýхаць ‘бегчы подбегам, бегчы памалу’: Конь адразу разумее Сашу – запавольвае ход, з галопу пераходзіць на трух (У. Дамашэвіч). Лёгкім трухам панесліся коні назад па дарозе (М. Лынькоў). Зімою ў санках каня ніколі не трэба было падганяць – сам трухае ўсю дарогу (У. Дамашэвіч).

Чыйсьці кемлівы, назі-ральны і дапытлівы розум прыкладна ў ХІХ ст. прыгадаў усе гэтыя найменні, калі пажадаў адным словам назваць ‘невысокую, паўнаватую, але жвавую жанчыну’. У выніку творчага пошуку і з’явіўся назоўнік трухтá [ЭСБМ, т. 14]. Думаецца, не для таго, каб абразіць або прынізіць годнасць, а для таго, каб вылучыць словам-назвай тых, хто найбольш падабаецца, з кім прыемна бавіць час – з вясёлымі, непаседлівымі, у меру тоўстымі кабетамі.

Паводле другой версіі, трухтá магло быць утворана ад нямецкага trucht (трухт) са значэннем ‘від бегу каня, сярэдні паміж шагам і рыссю’, якое спачатку было запазычана польскай, а затым і старабеларускай мовай.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *