Святочны канцэрт у гонар настаўнікаў прайшоў у СШ №1

Культура Образование События

Цяжка сказаць, што было на душы ў педагогаў, якія завіталі на  традыцыйную на Ашмяншчыне  сустрэчу ветэранаў педагагічнай працы. Хтосьці ўспамінаў  сваю маладосць, свой першы ўрок і са шкадаваннем думаў аб тым, што гэта шчымлівае імгненне ніколі не паўторыцца ў іх жыцці. Для кагосьці такія святы —  магчымасць сустрэцца са сваімі калегамі, распытаць аб навінах і здароўі, аб дзецях і ўнуках, аб тых маленькіх хвілінах радасці, якія напаўняюць  жыццё.  А хтосьці падчас свята  з гонарам адзначыў, што старэйшае пакаленне настаўнікаў можа быць цвёрда ўпэўнена ў тым, што сённяшнія педагогі Ашмянскага раёна  іх не падвядуць. Яны сталі дастойнай зменай  і надзейнымі прадаўжальнікамі багатых педагагічных традыцый у гэтым краі. Гэта падкрэсліла ў сваім выступленні і начальнік аддзела адукацыі Наталля Кучынская. На працягу  апошніх год  аддзел адукацыі раёна ўваходзіць у тройку лепшых у вобласці. Па выніках  работы  за 2010 год сістэма адукацыі раёна заняла першае месца сярод аддзелаў сваёй групы ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы. Чатыры ўстановы адукацыі сталі лаўрэатамі конкурсу “Брэнд сістэмы адукацыі вобласці -2010”: сярэдняя школа №1, школа-інтэрнат, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці горада і яслі-сад аграгарадка Гальшаны. Не можа не радаваць у гэтым годзе і такі факт, як стопрацэнтнае паступленне медалістаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. У цэлым у вну паступіла сёлета 66,2 працэнта выпускнікоў раёна.   Прыемна зазначыць, што 33 выпускнікі абралі для сябе педагагічныя спецыяльнасці. Хочацца спадзявацца, што праз некалькі год яны “ўльюцца” ў дружную педагагічную сям’ю ашмянскіх настаўнікаў. Гэтак як і 22 маладыя спецыялісты, якія прыйшлі ва ўстановы адукацыі ў гэтым годзе.

Сёлета эстафету свята пераняла сярэдняя школа №1. У яе  сценах  такія сустрэчы праводзяцца ў трэці раз. Сама ж традыцыя налічвае больш дзесяці год. Калісьці яе прапанаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч. Аддзел адукацыі  гэтую ідэю падтрымаў.  І яна стала адным з самых цёплых і запамінальных мерапрыемстваў, дзякуючы якому раз у два гады збіраецца пад адно крыло дружная педагагічная сям’я раёна.

Сёлета больш двухсот настаўнікаў і выхавацеляў, работнікаў аддзела адукацыі ( не паварочваецца язык назваць іх былымі) прыйшлі ў СШ №1, каб разам адзначыць сваё прафесійнае свята – Дзень настаўніка. Госці былі прыемна ўражаны тэрыторыяй гэтай установы адукацыі. У Нават і цяпер, у кастрычніку, яна працягвае радаваць вока мяккім шапаценнем позніх кветак, супакойвае душу нетаропкай мелодыяй  празрыстых ручайкоў, што разбягаюцца па тэрыторыі  ад фантана-крынічкі.

Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў свята стала канцэртная праграма, якую падрыхтавалі вучні школы, удзельнікі ўзорных калектываў ”Званочкі”, “Палёт” і “Эфект”.  Свае віншаванні гасцям і падзяку за нястомную працу на педагагічнай ніве Ашмяншчыны выказалі  начальнік аддзела адукацыі Наталля Кучынская і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч.

Свята прадоўжылася  ў  прасторным холе школы, дзе ва ўтульнай хатняй абстаноўцы за багата накрытымі сталамі пад мелодыі мастацкага калектыву Мураванаашмянкоўскага сельскага Дома культуры ўсе разам успаміналі  працоўную дзейнасць, сваіх вучняў і калегаў. Дырэктар СШ №1 Міхаіл Гружэўскі з цеплынёй расказаў аб  людзях, якія  былі прыкладам і памочнікамі ў станаўленні яго як кіраўніка. Гэта ў першую чаргу Уладзімір Пятроўскі, Андрэй Захаркевіч, Дзмітрый Саламонаў і Валянцін Ган.  Вялікім гонарам было працаваць у калектыве СШ №2 разам з заслужанымі настаўнікамі БССР Зінаідай Арцем’евай, Ганнай Бабарыкінай, Галінай Шумскай, Віктарам Саковічам. Заўсёды адчуваў ён падтрымку   свайго намесніка па вучэбна-выхаваўчай рабоце, сапраўднага прафесіянала  Міхаіла  Луні.

Вельмі рады быў запрашэнню на святочную сустрэчу былы загадчык аддзела адукацыі Рычард Вярцінскі, які на працягу дзесяці год працаваў затым у Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. Наведваючы ўстановы адукацыі другіх абласцей, ён увесь час  параўноўваў іх  са сваімі, ашмянскімі, якія заўсёды былі і будуць, упэўнены Рычард Эдмундавіч,  установамі высокай культуры і ўзорнага парадку.

Шмат цёплых слоў у адрас  калег і арганізатараў свята выказалі Крысціна Яблонская, Жанна Загорская, Галіна Шумская, Людміла Міхневіч, Алена Лісава, Алег Дзедзюль, Уладзімір Карасёў, Ніна Ляшок…

Амаль у кожнай школе раёна працуюць і працавалі сямейныя пары. Адна з іх – Іван Мацвеевіч і Жанна Міхайлаўна Кірышчэнкі з Мураванай Ашмянкі – хутка адзначыць залатое вяселле. Яны падзяліліся на свяце сакрэтамі сямейнага даўгалецця. Нягледзячы на ўзрост, іх вочы выпраменьваюць дабрыню і святло, якія дапамагаюць пераадольваць цяжкасці і ісці па жыцці адкрыта, з павагай і любоўю адзін да аднаго і да людзей.

Святочная імпрэза прайшла на адным дыханні. Яна была па-сапраўднаму душэўнай і цёплай. Гэта было бачна  і па гасцях, якія нягледзячы ні на што,  адчувалі сябе маладымі і энергічнымі. Яны пакінулі дома ўсе клопаты і турботы, каб у чарговы раз вярнуцца, няхай сабе і  ва ўспамінах,  да   лепшых  гадоў свайго жыцця, жыцця, якое цалкам было аддадзена самай высакароднай прафесіі на Зямлі.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *