Праект “Гісторыя аднаго здымка”. Якімі былі старыя Ашмяны і іх жыхары?

Культура

Час праходзіць. Ён мяняе архітэктурныя дэкарацыі горада. А горад Ашмяны сапраўды ўнікальны ў сваім родзе. Ён вылучаецца сваёй лінейнай планіроўкай: галоўныя вуліцы цягнуцца ўздоўж ракі Ашмянкі. Доўгі час горад быў цэнтрам павету: цэнтрам адміністрацыйным і культурным. Большасць будынкаў у Ашмянах былі драўляныя, таму з цягам часу яны трухлелі, перабудоўваліся ці саступалі новабудоўлям.

Некалькі год таму на канферэнцыі «Гальшанскія чытанні» мне давялося пазнаёміцца з цікавым навукоўцам, які так расказваў пра наш горад, падкрэсліваў яго ўнікальную архітэктуру, што здавалася ён тут нарадзіўся ці пражыў не адзін год. Гэта быў Сяргей Сяргеевіч Сергачоў, доктар архітэктуры, прафесар, загадчык кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх пабудоў БНТУ.

У 1973 годзе ён праязджаў праз Ашмяны і вырашыў зайсці ў мясцовае Бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Атрымаўшы патрэбныя звесткі, ён выйшаў на ганак і застаў такую карціну: на падводу грузілі старыя паперы з БТІ, каб вывезці іх на сметнік. У архіве патлумачылі, што дамоў гэтых ужо даўно няма і паперы па іх будуць знішчаны.  Сяргей Сяргеевіч папрасіў дазволу ўзяць некаторыя дакументы для навуковай працы. Так ён выратаваў некалькі дзясяткаў дамовых спраў. Некаторыя нават змяшчалі ў сабе фотаздымкі і планы дамоў, іх папярэднія адрасы і прозвішчы былых уласнікаў.

З цягам часу прафесар выслаў мне канверт з гэтымі фотаздымкамі. У пісьме ён выказаў спадзяванне, што гэтыя дакументы павінны захоўвацца ў Ашмянах, тут яны важнейшыя.

Я раскладваю іх на пісьмовым стале, і перада мной паўстаюць Ашмяны, якіх ужо няма. Тут ёсць дом Марыі Іпалітаўны Буйніцкай па вуліцы Польнай 14; дом Вікенціі Сташкевіч па вуліцы Савецкай 16 (20) з паметкай «знесены»; пракуратура па вул. Савецкай (64-66-70), домаўпраўленне №2 па Савецкай 44 (46) і іншыя.

Узгадваюцца вуліцы Гальшанская, Горная,  Савецкая, Міцкевіча, Дзяржынскага, Чырвонаармейская, Польная, завулак Павяжскі. А ўсе пазначаныя прозвішчы добра знаёмыя: Буйніцкія, Андрыеўскія,  Талочка, Сташкевічы, Лісоўскія, Тарасевічы, Сінкевічы, Гарлуковічы.

Вашай увазе прадстаўляем адзін з атрыманых фотаздымкаў: Савецкая, 130 (1953 г.). На шыльдах можна прачытаць надпісы «магазін», «ларёк №1», два астатнія не чытаюцца. Давайце разам паспрабуем узгадаць, дзе стаяў гэты будынак, і што ў ім размяшчалася.

Якімі былі тыя старыя Ашмяны і іх жыхары? Многае пайшло ў нябыт, страчана, знішчана войнамі і забыта людзьмі. Але час ад часу ўсплываюць новыя фотаздымкі, замалёўкі, планы горада ці ўспаміны яго жыхароў. І вось, ідучы па Савецкай, а раней па вуліцы Пілсудскага, ты ўжо дакладна можаш сказаць, што было на месцы райвыканкама, дзе знаходзілася аптэка Амасовічаў і цукерня Эпштэйна. Будзем шукаць.

Алена АПАНЭЛЬ.

Шаноўныя чытачы, наш новы праект “Гісторыя аднаго здымка” мае шанец на жыццё толькі дзякуючы вашай дапамозе і неабыякавасці. Падыміце свае сямейныя архівы, прагартайце старонкі даўнейшых фотаальбомаў, узгадайце гісторыі, якія “схаваліся” ў куточках вашай памяці, якія вы чулі ад сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў.

Вельмі часта на фотаздымках канца ХІХ – ХХ стагоддзяў адлюстроўваліся цікавыя асаблівасці тагачаснага жыцця. Усяго на адным здымку можна убачыць цэлую гісторыю, шчаслівы або трагічны лёс чалавека або нават сям’і. А яшчэ старыя здымкі, зробленыя на Ашмяншчыне, – своеасаблівыя адгалоскі гістарычных падзей, сведкамі якіх сталі героі фота. Здымкі і гісторыі можна даслаць на электронны адрас oshvest@mail.grodno.by, або па пошце: г. Ашмяны, вул. Савецкая, 103. Тэлефоны для сувязі – 7-09-37, 4-51-65.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *