У Ашмянах падвялі вынікі мінулага года ў сферы культуры

Культура

У актавай зале раённага цэнтра культуры сабраліся спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнікі і спецыялісты ўстаноў культуры раёна, дырэктары, настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў, каб падвесці вынікі мінулага года, расказаць пра свае дасягненні, падзяліцца вопытам, а таксама абмеркаваць планы на бягучы год.

— Вынікі  працы ў сферы культуры бачныя тады, калі канцэртныя залы запаўняюцца гледачамі, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Каханоўская, — калі аб мерапрыемствах кажуць жыхары і госці раёна, а музейныя і кніжныя фонды папаўняюцца навінкамі.

Сярод такіх знакавых для Ашмяншчыны падзей — фестываль сярэдневяковай культуры “Гальшанскі замак”, адкрыты фестываль-конкурс “Музыкі ля замка Сапегаў”, навукова-практычная канферэнцыя “Гальшанскія чытанні”, міжнародная канферэнцыя “Дуга Струвэ: мінулае і сучаснасць”, рэалізацыя творчага праекта раённай бібліятэкі “Ашмяншчына – малая радзіма вядомых людзей”. Ужо  некалькі год запар у аграгарадках і вёсках Ашмяншчыны праходзяць брэндавыя мерапрыемствы “Гальшанскі кірмаш”, “Мядовы кірмаш”, “Вясковы сыравар”, “Стальная магістраль” і іншыя.

Важкі ўклад у культурнае выхаванне юных талентаў унеслі настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў. Пацвярджэнне таму – узнагароды выхаванцаў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Заахвочанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі атрымалі сем навучэнцаў устаноў адукацыі горада і раёна. Вучань Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксей Кузьміч стаў стыпендыятам абласнога аддзялення Беларускага фонду міра, Вользе Астаневіч, вучаніцы Гальшанскай школы мастацтваў, была ўручана прэмія “Надзеі Ашмяншчыны”.

Пра работу бібліятэк у мінулым годзе і аб праектах, рэалізаваных на базе ўстаноў, распавяла дырэктар цэнтральнай бібліятэкі Марына Белавус. Яна адзначыла, што кніга па-ранейшаму застаецца запатрабаванай сярод сельскага насельніцтва, таму ўстановы стараюцца актывізаваць работу па папулярызацыі кнігі сярод вяскоўцаў. Напрыканцы свайго выступлення Марына Рамуальдаўна выказала надзею аб тым, што з’явіцца магчымасць адкрыць бібліятэку ў мікрараёне Заходнім.

Пра тое, як на Ашмяншчыне за-хоўваецца гісторыка-культурная спадчына, прысутным расказала дырэктар гісторыка-­краязнаўчага музея імя Багушэвіча Настасся Навіцкая. Па словах Настассі Васільеўны, мінулы год быў багатым на наведвальнікаў. Ва ўстанове было арганізавана шмат выстаў, якія зацікавілі не толькі жыхароў горада, але і гасцей з-за мяжы.

Людміла Каханоўская падзякавала прысутным за прафесіяналізм, апантанасць, шчырасць і адданасць выбранай прафесіі, а лепшым работнікам, калектывам і ўстановам уручыла ўзнагароды ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Са словамі ўдзячнасці да работнікаў сферы культуры звярнулася Наталля Станкевіч, намеснік старшыні райвыканкама.

Граматай упраўлення культуры аблвыканкама была адзначана плённая праца намесніка дырэктара раённай бібліятэкі Вольгі Тарашкевіч.

Падчас пасяджэння былі агучаны вынікі штогадовага раённага конкурсу “Установа культуры і адукацыі года”. Сярод сельскіх клубных устаноў лепшымі сталі аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Кальчуны (загадчык Марына Палсцюк), сельскі клуб аграгарадка Станцыя Ашмяны (загадчык Таццяна Лапата) і сельскі клуб вёскі Будзёнаўка (загадчык Анастасія Дорняк). Сярод бібліятэчных устаноў першае месца атрымала сельская бібліятэка аграгарадка Каменны Лог (бібліятэкар Алена Таўкінь), другое — у сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны (бібліятэкар Таццяна Іванова), трэцяе атрымала  бібліятэка аграгарадка Мураваная Ашмянка (бібліятэкар Таццяна Ціхановіч).

Традыцыйна на працягу года бібліятэчнымі ўстановамі праводзіўся конкурс “Бібліятэка: кніга, чытач, творчасць”, перамогу ў якім атрымаў калектыў сельскай бібліятэкі вёскі Будзёнаўка (бібліятэкар Наталля Молчан). Таксама сярод  лепшых калектывы сельскай бібліятэкі аграгарадка Кальчуны (бібліятэкар Алена Шкелда) і раённай дзіцячай бібліятэкі (загадчык Гелена Гардзей).

Напрыканцы пасяджэння начальнік аддзела Людміла Каханоўская вызначыла перспектывы на 2019 год і адзначыла, што бягучы год таксама павінен быць поўны на новыя ідэі, цікавыя творчыя праекты і    адкрыцці.

Кацярына РУДЗІК.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *