У гімназіі №1 г. Ашмяны прайшоў Тыдзень славеснасці

Общество

Мова…родная песня…душа… Гэта часткі нашай генетычнай памяці, тое святое, што беларускаму народу трэба захаваць для нашчадкаў. Пад мілагучным дэвізам: «Да роднага слова гарнуся душой» з 18 па 23 лютага ў гімназіі № 1 прайшоў Тыдзень славеснасці.

Праз разнастайныя конкурсы, моўныя турніры, інтэлектуальныя гульні нам, настаўнікам-філолагам, хацелася далучыць гімназістаў да багацця роднага слова, выклікаць жаданне вывучаць сваю мову, паважаць, любіць і берагчы яе.

На пачатку Тыдня была арганізавана ранішняя сустрэча «Добры дзень, мы вам рады». Вучні 9-ых класаў у беларускіх уборах сустракалі настаўнікаў, гімназістаў і іх бацькоў, абвяшчалі запланаваныя мерапрыемствы і запрашалі прыняць удзел у праекце «Размаўляем па-беларуску».

Сацыяльнае апытванне, праведзенае педагогам-псіхолагам на тэму: «Настрой на ўроках беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры”, выявіла, што вучні адчуваюць сябе на ўроках камфортна і спакойна.

У дзень роднай мовы прайшла інтэлектуальная гульня «Моўны турнір». Удзел у турніры, вядучымі якога выступілі вучні 11 класа Кацярына Бернат і Антон Хам’юк, прынялі гімназісты 6, 8 і 10 класаў, такім чынам, каманды атрымаліся зборныя. Падчас мерапрыемства Міхаіл Рамейка і Ксенія Кругляк дэкламавалі вершы на памяць. Завяршыўся “Моўны турнір” праглядам буктрэйлера “Мая малая радзіма” (аўтар Дар’я Дзенісенка).

З мэтай развіцця пазнавальнай актыўнасці, даследчыцкіх навыкаў і творчых здольнасцей для вучняў 10-ых – 11-ых класаў была арганізавана лінгвістычная гульня «Наша ўтульная хатка».

У рамках праекта «Камера глядзіць на вас» вялася відэаздымка. Гімназісты 11 класа запыталіся ў дырэктара, настаўнікаў, вучняў і бацькоў пра ролю роднай мовы ў іх жыцці.

Тыдзень быў багаты і на мерапрыемствы на рускай мове. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ларыса Гендрыкаўна Канцавая з вучнямі 9 класа правяла інтэлектуальную гульню «…Великий, могучий, свободный и правдивый русский язык».

Сняжана Генрыхаўна Шэпет для гімназістаў 5 класа арганізавала пазакласнае мерапрыемства «Знатоки русскокого языка и литературы».

Тыдзень славеснасці завяршыўся выставай малюнкаў «Душа жадае тварыць і маляваць».

Дзякуючы зладжанай працы вучняў і настаўнікаў, Тыдзень атрымаўся цікавым, сабытным і багатым на розныя мерапрыемствы.

Марына СВІРБУТОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *