Падведзены вынікі віктарыны «Ці добра вы ведаеце беларускую мову?»

Культура

Напярэдадні 21 лютага рэдакцыя газеты «Ашмянскі веснік» прапанавала чытачам паўдзельнічаць у віктарыне, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы.

Свае веды асмеліліся праверыць Наталля Макарэвіч, Аляксей Акінча, Максім Пашынь, Марына Яркевіч, Данута Багушка, Ядзвіга Чаплінская, Алена Урбановіч і Святлана Яблонская.

Сярод пераможцаў, якія найлепш справіліся з заданнямі, — Данута Багушка і Аляксей Акінча. Аляксей выкладае гісторыю ў Граўжышкоўскім ВПК, цікавіцца традыцыямі і нацыянальнай культурай, сочыць за навінамі рэгіёна, а таксама чытае раёнку.

Дануту Багушка (дзявочае прозвішча Гіруць), якая нарадзілася на Ашмяншчыне, лёс закінуў у латвійскі Венспілс. У партовым горадзе наша зямлячка жыве ўжо амаль 30 гадоў, аднак родную мову не забылася.

— З вялікім задавальненнем чытаю ўсё, што пішуць у вас на сайце, — прызнаецца Данута ў сваім электронным лісце. — Цесна звязана з радзімай не толькі каранямі, але і грамадскімі сувязямі — пішу для газеты Саюза беларусаў Латвіі «Прамень».

А каб пераможцы нашай віктарыны і надалей заставаліся ў курсе апошніх навін роднага краю, рэдакцыя газеты «Ашмянскі веснік», як і абяцала, падрыхтавала ў падарунак падпіску на раёнку: для Дануты — электронную, а для Аляксея — звычайную.

Віншуем пераможцаў віктарыны!

Адказы на пытанні віктарыны

Алфавіт. Назавіце 28-ю літару беларускага алфавіта. (Ы)

Свята. Якое свята ў народным календары прысвечана “жывому агню”? (Грамніцы. Стрэчанне)

Фразеалагізм. Што азначае фразеалагізм “бібікі біць”? (гультаяваць)

Побыт. У старажытнай беларускай хаце ля ўваходу справа – мыцельнік i печ. А што paбілі ў мыцельніку? (Мылі посуд.)

Помнік. Якой літары беларускага алфавіта пастаўлены помнік і дзе? (Літары Ў, у Полацку)

Кніга. Дзе і кім была выдадзена першая кніга на беларускай мове? (У Нясвіжы, 1562 г. Сымонам Будным)

Прыказка. Устаўце слова ў прыказку. Старога вераб’я на мякіне не правядзеш.

Словы. Перакладзіце на беларускую мову словы: кукушка — зязюля, шуба — футра, перила — парэнчы, летучая мышь — кажан.

Зямляк. Вядомы верш Францішка Багушэвіча пад назваю «Яснавяльможнай пані Арэшчысе». Каму ён прысвечаны? (Элізе Ажэшка.)

Асоба. Назавіце імя і прозвішча беларускай пісьменніцы, якая стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па  літаратуры. (Святлана Алексіевіч)

Літаратура. Караткевіч nicaў у кнізе «Зямля пад белымі крыламі»:  «…на ўсход ад Беларусі буслы ўжо амаль не водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць…» Закончыце! («…дзяцей».)

Мера. Для паштучнага падліку тавару нашы продкі мелі такую меру, як тузін. Колькі штук уваходзіла ў тузін? (12.)

Страва. Якая беларуская страва напамінае назваю старэйшую родзічку? (Бабка.)

Назва. Даўнейшая назва шклозавода. (Гута)

Традыцыі. Які прадмет з’яўляўся адвечным спадарожнікам чалавека ў жыцці? На вяселлі ў — сватоў, у чырвоным куце, уціральнік, на крыжы, хлеб-соль. (ручнік)

Адзенне. Які прадмет гардэробу называлі шнуроўкамі? (Жаночыя чаравікі, высокія, спераду шнураваліся).

Асветніца. Славутая Еўфрасіння Полацкая была дачкой князя Свя­таслава. Як гучала яе поўнае імя з імем па бацьку? (Прадслава Святаслаўна.)

Псеўданім. Літаратурны псеўданім Івана Луцэвіча (Янка Купала)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *