“ЛюдскІя назвы і лЮдскія словы”

Культура

У Год малой радзімы распачынаем новую рубрыку, названую “ЛюдскІя назвы і лЮдскія словы”.

Яе вядоўца наш зямляк Уладзімір Куліковіч – загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта плануе распавядаць пра разнастайныя назвы, якія існавалі, працягваюць існаваць, магчыма, стануць больш актыўна выкарыстоўвацца ў беларускай нацыянальнай мове.

Абрáнец

Па падліках вучоных, суфікс -ец- – адзін з самых пашыраных у беларускай мове XIX – пач. XX стст. У гэты час, як сведчыць слоўнік (1870) Івана Насовіча, ад дзеепрыметніка абраны (паходзіць з праславянскага *bьrati) быў створаны назоўнік абранец. Тагачасныя жыхары Віленскага краю называлі ім жаніха, нарачонага, любімца ‘той, каго асабліва любяць; улюбёнец’: Абранец панскі. Абранцу свайму ўсё дазваляе рабіць (І. Насовіч).

У перыяд БССР аўтары слоўнікаў адмовіліся ад суфікса -ец- і на ўзор рускай мовы стварылі назоўнік абраннік як адпаведнік рускаму «избранник». Яго і рэкамендавалі ўжываць паўсюдна.

У канцы ХХ – пач. ХХІ стст. распачаўся адваротны працэс. Тыя, хто піша па-беларуску, часцей выкарыстоўваюць абранец і абазначаюць ім: 1) чалавека, якога абралі для выканання высокіх, адказных абавязкаў: Усяго сем месяцаў праседзеў на кіеўскім стальцы абранец і ўлюбёнец народу Усяслаў Чарадзей (У. Рычка); 2) каханага чалавека, жаніха, нарачонага: Мой незнаёмец, мой абранец. Наперад! Вы мой Цінта Брас! (В. Кустава); 3) асобу, якую цэняць, любяць, паважаюць: абранец лёсу, абранец Бога; 4) чалавека, ад прыроды надзеленага незвычайным талентам, розумам: Абранец роднае зямлі (У. Ліпскі).

Натуральна гучыць і ўтвораны ад яго назоўнік жаночага роду – абранка. Вось некалькі прыкладаў: Са сваёй абранкай, маладзенькай князёўнай Гальшанскай, кароль сустрэўся даволі выпадкова («Воранаўская газета»). Дзень добры, Пані настальгія — Абранка смутку і надзея (Р. Барадулін).

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *