“Жыццё – Радзіме! Чэсць – нікому!” Як падлетак з Ашмян вучыцца ў сувораўскім ваенным вучылішчы

События

Наша дружба – назаўжды

Так гучыць слоган на адным з білбордаў, які вітае цябе, калі трапляеш на вуліцы сталіцы, спускаешся ў падземку альбо адпраўляешся ў наш абласны цэнтр. Тры хлопчыкі-сувораўцы, не па гадах сур’ёзныя і мужныя, скіроўваюць свой позірк у будучыню. Заўтрашнія абаронцы Айчыны і сваёй сям’і! Гонар бацькоў! Нават настрой падымаецца, калі глядзіш на маладое пакаленне: з ясным поглядам на жыццё і канкрэтна пастаўленай мэтай – стаць вайскоўцам. Першы крок у ажыццяўленні сваёй мары падлеткі ўжо зрабілі – паступілі вучыцца ў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча.

Мала хто ведае, што сярод хлопчыкаў, сфатаграфаваных на гэтым рэкламным палатне, ёсць і наш зямляк – ашмянец Вадзім Галамбоўскі, які ўжо другі год кіруецца дэвізам: “Жыццё – Радзіме! Чэсць – нікому!”

А пачалося ўсё з дзіцячай мары – спачатку стаць ваенным лётчыкам, а пасля махнуць ажно да зор! Быць падобным на Юрыя Гагарына і беларуса Алега Навіцкага. Насіць прыгожую вайсковую форму, лятаць на самалёце, прыгаць з парашутам… Вадзім заварожана глядзеў у неба, праважаў позіркам рэактыўныя «Альбатросы» падчас вайсковых парадаў і ўяўляў сябе на месцы гордых і мужных авіятараў. У дзіцячай бібліятэцы ён не прапускаў ніводнай кніжкі пра космас і авіяцыю. Цікавіўся гэтай тэмай у інтэрнэце. Аднойчы выпадкова даведаўся, што пасля вучобы ў сувораўскім вучылішчы стаць курсантам Ваеннай акадэміі намнога лягчэй.

Сваімі думкамі вучань пачатковых класаў СШ № 3 падзяліўся з бацькам, Андрэем Адвардавічам, якому давяраў усе свае дзіцячыя сакрэты.

Афіцэр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях не стаў адгаворваць сына. На сямейным савеце было вырашана спачатку з’ездзіць у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча на дзень адкрытых дзвярэй, адкуль Вадзім вярнуўся з цвёрдым намерам падцягнуцца ў вучобе, нягледзячы на тое, што вучыўся ён на выдатна, і настаўніца Тэрэза Іванаўна Асінская заўсёды хваліла свайго стараннага і адказнага вучня. Другі дзень адкрытых дзвярэй канчаткова замацаваў жаданне стаць сувораўцам.

І Вадзім пачаў рыхтавацца. У дзень па некалькі гадзін займаўся матэматыкай, пісаў дыктоўкі. Але і гэтага хлопчыку было мала. Дапазна сядзеў за кнігамі. Часта бываў у  раённай дзіцячай бібліятэцы, дзе яго не раз выбіралі лепшым чытачом па выніках года. Пры паступленні ў вучылішча трэба было здаваць экзамен не толькі па матэматыцы і мове (рускай альбо беларускай – на выбар), але і фізічную падрыхтоўку. Андрэй Адвардавіч змайстраваў у двары турнік і разам з сынам штодня падцягваўся на спартыўным снарадзе і рабіў прабежкі.

Падчас паступлення Вадзім добра здаў фізічныя практыкаванні, прайшоў псіхалагічнае тэсціраванне, справіўся з дыктоўкай па беларускай мове і іспытам па матэматыцы — і вось доўгачаканае рашэнне: залічаны ў першакурснікі!

За два тыдні да пачатку навучальнага года сувораўцам трэба было прыбыць у вучылішча. Мама Людміла Мар’янаўна перад ад’ездам вучыла сына карыстацца прасам і прышываць гузікі: будучыя вайскоўцы ўсё павінны рабіць самастойна – нянек за імі не будзе.

І калі першага верасня бацькі разам з дачкой Наташай накіраваліся ў Мінск і перад імі роўным строем прайшлі першакурснікі, Вадзіма было не пазнаць. Вочы Людмілы Мар’янаўны напоўніліся вільгаццю. Гэта былі слёзы гонару за сына і адначасова шкадаванне, што дзяцінства ў яе хлопчыка скончылася. Вось ён крочыць, такі яшчэ маленькі, адзінаццацігадовы, і такі дарослы, у прыгожай чорнай форме з чырвонымі лампасамі, з гордай, амаль афіцэрскай выпраўкай. Гэты дзень запомніўся і Вадзіму. Па традыцыі першакурснікаў пасвяцілі ў сувораўцы і ўручылі пагоны.

На маё пытанне, ці складана было прывыкаць да новага рэжыму, ці нудзіўся ён па бацьках, суворавец адказаў сур’ёзна і па-даросламу:

— Не. Складана будзе на трэцім курсе: у старэйшых класах трэба вызначыцца з далейшым выбарам. А яшчэ мы будзем рыхтавацца да ўдзелу ў парадзе на Дзень Незалежнасці. Для нас гэта гонар і вялікая адказнасць – пачынаць парад. Мы не можам падвесці нашу навучальную ўстанову і нашых камандзіраў.

Вадзім прызнаецца, што сядзець без справы і сумаваць па родных, аднакласніках і карлікавым пінчары Боні яму няма калі. Тут строгі распарадак. У 7.00 пад’ём, затым зарадка. Яе сувораўцы робяць разам з прабежкай на набярэжнай Свіслачы, калі няма праліўнога дажджу ці галалёду. Сняданак у вучылішчы адрозніваецца ад хатняга, гэтак жа як і абед і вячэра. Кашы, салаты, запяканкі, ніякіх салодкіх ласункаў. Затым урокі. Усё так, як і ў школе. Вадзім вучыцца ў фізіка-матэматычным класе, таму ўхіл робіцца менавіта на гэтыя прадметы. Пяць гадзін на тыдзень – англійская мова. Урокі доўжацца прыкладна да трох гадзін. Пасля абеду некалькі гадзін на самападрыхтоўку, выкананне дамашняга задання. Вольнага часу зусім мала. Яго сувораўцы выкарыстоўваюць для таго, каб патэлефанаваць мамам і татам. У холе стаіць некалькі таксафонаў. Мабільныя тэлефоны забаронены. Сацыяльныя сеткі хлопцам замяняюць рэальныя стасункі з сябрамі. Адбой у 22.00.

У вучэбную праграму ўключаецца ваенная падрыхтоўка. Вадзім без запінкі выдае мне характарыстыкі пісталета Макарава. Прызнаецца, што ўмее разабраць і сабраць аўтамат. Вучыцца страляць, хаця пакуль з трапнасцю яшчэ ёсць пытанні.

Напачатку насцярожаны, Вадзім хутка асвойваецца і расказвае мне, што як і ў арміі, ён заступае ў нарады. Стаіць на тумбачцы. Дзяжурыць у сталовай. Умее памыць падлогу і пачысціць снег на пляцы. Калісьці хлопчыкі ўпершыню трымалі ў руках нітку з іголкай. Сёння яны акуратнымі сцяжкамі прышываюць сабе падкаўнерыкі. Нават здзіўляецца, што я не ведаю, што такое ПХД і хто такі днявальны, якія абавязкі кладуцца на яго плечы!

— У вучылішчы мне падабаецца. Жывём мы дружнай сям’ёй. Падтрымліваем адзін аднаго. Наш афіцэр-выхавацель Аляксандр Валянцінавіч Салагуб і камандзір 1 роты Сяргей Уладзіміравіч Лялека справядлівыя і строгія. Мы адчуваем, што з імі зможам пераадолець любыя нашы праблемы, — адзначае Вадзім Галамбоўскі. – У выхадныя і святочныя дні часта ходзім у кіно і тэатр, на экскурсіі ў музеі і на выставы. Нядаўна былі на чэмпіянаце Еўропы па фігурным катанні, у аквапарку і тэатры юнага гледача. Адно шкада – не хапае часу на чытанне кніг. Нават калі еду з сястрой дамоў, чытаю ў электрычцы. Бяру кніжкі дахаты. Любоў да чытання прывіла мне мая настаўніца Тэрэза Іванаўна Асінская, і я ёй за гэта вельмі ўдзячны. А яшчэ – у мяне цудоўная сям’я, для бацькоў мае мары – гэта не пусты гук. Яны мяне разумеюць і чуюць.

— Выхаваць мужчыну нялёгка, — разважае падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы Андрэй Галамбоўскі. – Дзеці капіруюць нас, дарослых. Таму стараюся быць для сына прыкладам. Я ніколі не раскручваў яму “цукерку”, усё мы рабілі і робім разам: займаемся спортам, рамантуем веласіпед, ходзім на лыжах, дапамагаем маме прыбірацца ў доме, нават абед можам прыгатаваць. Гэта ўсё звычайныя і простыя рэчы, з якіх і складаецца выхаванне асобы.

На прыгожым адпрасаваным кіцелі Вадзіма блішчыць медаль. Гэта першая ўзнагарода юнага сувораўца. Юбілейнага медаля ў сувязі з 65-годдзем вучылішча Галамбоўскі быў удастоены за ўзорныя паводзіны і добрую вучобу. На кіцелі яго бацькі такіх знакаў намнога больш. Але ж у Вадзіма ўсё яшчэ наперадзе. Важна толькі быць настойлівым і рабіць усё неабходнае для спаўнення сваёй мары.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з сямейнага архіва Галамбоўскіх.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *