Якія беларускія кнігі чытаюць ашмянцы

Культура

Кожны беларус чуў імёны Купалы, Коласа, Багдановіча, аднак мала хто можа адказаць на пытанне: “А якія з іх твораў вам падабаюцца?” Узнікае ўражанне, што сваё, беларускае, не чытаецца, бо “няякаснае, нецікавае, незразумелае”. І пісьменнікі нашы не творцы, а выключна песняры “касы ды сахі”. У мяне неяк запыталіся: “З чаго лепш пачаць знаёмства з беларускай літаратурай?”. І я разгубілася. Тут наўрад ці можна даць канкрэтную параду, знайсці той рэцэпт, які вылечыць ад “абыякавасці да роднай літаратуры”, бо ў кожнага свой густ. Для мяне родная літаратура пачалася з маляўнічай кніжкі Васіля Віткі “Ладачкі-ладкі”. Але ж гэта было яшчэ ў дашкольным узросце. Потым былі “Расці, Ганька” Алены Васілевіч і “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра. У старэйшых класах — “Людзі на балоце” Івана Мележа і “Новая зямля” Якуба Коласа. Мне немагчыма ўявіць нашу літаратуру без Васіля Быкава, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Святланы Алексіевіч, Яўгеніі Янішчыц і Наталлі Арсенневай, Кандрата Крапівы, Андрэя Мрыя, Анатоля Сыса, Максіма Багдановіча… У кожнага гэты спіс павінен быць сваім. Дарэчы, можна пачаць з літаратараў, якія жывуць побач: пазнаёміцца з глыбокай і шчырай паэзіяй Алы Клемянок са Смаргоні альбо адкрыць для сябе пранізлівы свет прозы Ніны Рыбік з Астраўца. Моладзь, мажліва, зацікавіць творчасць ураджэнца Ашмян Віктара Марціновіча ці стаўшага “адкрыццём мінулага года” ў сучаснай беларускай прозе Андруся Горвата.

Некалькі год назад выйшла серыя “Мая беларуская кніга”, якая складаецца з 26 тамоў. Беларуская класіка, казкі, легенды, паданні ляглі ў аснову гэтага збору. Трымаючы ў руках кнігу з гэтага выдання, загарэлася жаданнем спытаць у ашмянцаў пра іх беларускую кнігу.

Што чытаюць ашмянцы? Якія беларускія кнігі ім найбольш па душы? Чаму склалася такая сітуацыя, што ў нашай краіне не так многа людзей, якія добра ведаюць уласную нацыянальную класіку?

Кацярына Рудзік, карэспандэнт раённай газеты

— Калі я была маленькай, разам з татам хадзіла ў кнігарню. У Гальшанах яе называлі проста – “другі паверх”. На другім паверсе крамы на паліцах стаялі дзясяткі дзіцячых кніг. Кожная так і прагнула трапіць мне ў рукі, бо я вельмі любіла падарожнічаць разам з літаратурнымі героямі і спасцігаць таямніцы жыцця. І цяпер у нашым доме стаяць выданні, набытыя ў Веры Скадаровай. Яна заўсёды магла даць добрую параду ці проста падвесці за руку да паліцы і сказаць: “Выбірай, што падабаецца!”. Так і было. “Бабуліна варта” Уладзіміра Ягоўдзіка, “Прыгоды памаўзлівай коткі Рыскі” Анатоля Бутэвіча, “Міколка-паравоз” Міхася Лынькова, зборнікі “Вяснянка” і “Беларускія прымаўкі і прыказкі”… Усе яны на беларускай мове. Цікавыя, ілюстраваныя выданні перачытваліся некалькі разоў і лёгка запаміналіся.

“Бабуліна варта” заўсёды была крыніцай натхнення і ведаў. Здаецца, пісьменнік вёў размову са мной, дзяліўся асабістым, вучыў захапляцца навакольным светам. У важкім выданні чаго толькі няма — легенды, паданні, аповесці, загадкі, лічылкі, скорагаворкі… Па гэтай кнізе пісаліся нашы з братам сачыненні ў школе. Некаторыя старонкі засталіся загнутымі па краях, на палях захаваліся запісы, а ў тэкстах – выдзеленыя каляровым маркерам сказы. Гэтае выданне можна перачытваць дзясяткі разоў, і кожны раз знаходзіць нешта новае. Яго можна чытаць з любой старонкі, проста адкрыць наўздагад – і знайсці мудрую падказку…

Доўгімі зімовымі вечарамі люблю перачытаць кнігі Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, гартаць старонкі зборнікаў Рыгора Барадуліна (дарэчы, вельмі рэкамендую чытачам кнігу “Ксты”). Раю пазнаёміцца з новымі творамі Віктара Марціновіча.

Аляксандр Белянкоў, урач-хірург раённай бальніцы

— Калі наведваю нашу бібліятэку, заўсёды цікаўлюся беларускай палічкай. На жаль, там няма кніжных навінак, аб якіх мы даведваемся з інтэрнэту. Папулярнага сёння Віктара Марціновіча чытаю ў электронным варыянце. Спадабаліся яго раманы “Мова” і “Сфагнум”.

Адчуваю гонар, што мы, беларусы, маем свайго нобелеўскага лаўрэата. Гэта ўзнагарода не толькі Святланы Алексіевіч – гэта ўзнагарода нашай культуры, нашай маленькай краіны. Праўда, не ўсе мы гэта ўсведамляем і не папулярызуем творчасць Алексіевіч.

Так як я з Гомельшчыны, то мне вельмі блізкая проза Івана Мележа і маладога аўтара Андруся Горвата. Люблю Янку Брыля, Андрэя Федарэнку і Альгерда Бахарэвіча. “Сабакі Эўропы”- гэта шэсць вялікіх гісторый, сплеценых у адзін мудрагелісты вузел. На амаль дзевяцістах старонках кнігі ўступаюць у складаныя алхімічныя рэакцыі гарады, сюжэты, людзі, алюзіі, словы.

Святлана Баркоўская, начальнік упраўлення адукацыі

— Мая беларуская кніга —гэта зборнік вершаў Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей». Яна са мной са студэнцкіх гадоў. Паэзія Барадуліна для мяне адначасова філасофская і простая жыццёвая, завоблачная і зямная. Не магу сказаць, што я чытаю запар усе вершы ў зборніку. На кожны ў мяне свой час. Перачытваю радкі вершаў «Трэба дома бываць часцей…», «Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя» і іншыя.

Самыя любімыя мае радкі, якія чытаю па памяці, калі проста сумна ці нешта не атрымліваецца: «Месцу, каб стаць Парыжам…» і «Світанняў я з табой не сустракаў…» Адзін з іх пра годнасць, а другі пра светлае юнацкае каханне. Вершы розныя, але настолькі пранізліва светлыя, чыстыя і шчырыя, што заўсёды паднімаюць настрой і здаецца, што ўсё магчыма пераадолець.

Валерый Сайко, ветэран працы

— Беларуская мова ніколі не выклікала цяжкасцей. Пры паступленні ў інстытут здаваў матэматыку на роднай мове. Калі працаваў у Ашмянскім ПТВ, выкладаў фізіку па-беларуску. Таму і айчынную літаратуру люблю і паважаю.

Перачытаў усе творы Івана Шамякіна, Івана Мележа і іншых беларускіх класікаў. Цяпер знаёмлюся з творчасцю сучасных паэтаў і празаікаў: Уладзіміра Гніламёдава, Віктара Шніпа, Віктара Супрунчука, Уладзіміра Праўдзіна, Уладзіміра Саламахі, Уладзіміра Гаўрыловіча, Ніны Рыбік, Міхаіла Папова (расійскі аўтар беларускага паходжання). Асабліва падабаюцца творы Георгія Марчука, аўтара вялікай колькасці раманаў, п’ес і навел, сярод якіх выдзеліў бы раманы “Цветы провинции”, “Без ангелаў”, “Вочы і сон”.

Толькі што прачытаў кнігу Міледзія Кукуця “На сёмым небе”. Аўтар шчыры ў сваіх пачуццях, таму створаныя ім вобразы ўспрымаюцца як рэальныя. Шмат год чытаю часопіс “Полымя”. Спадабаліся нарысы ў апошніх нумарах выдання Алеся Карлюкевіча, творы Алеся Марціновіча.

Двойчы перачытаў кнігу беларускага паэта, пісьменніка і драматурга, ураджэнца Аршанскага раёна Канстанціна Нілава «Есть такая любовь». На словы гэтага таленавітага творцы напісана больш за 50 песень.

У Беларусі шмат таленавітых аўтараў. Пры жаданні кожны зможа знайсці літаратуру па душы. Важна пры гэтым памятаць словы Ларысы Геніюш:

На роднай зямельцы ўсе мы не госці,

Усе мы – чыесьці, усе мы – кагосьці,

Хоць спарахнелі дзядоў нашых косці,

У нашай натуры ёсць іхняе штосьці…

Падрыхтавала Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *