Сустрэча з удзельнікамі вайны ў Афганістане прайшла ў Барунах

Общество

У Барунскай школе ў лютым праходзіць традыцыйны месячнік, прысвечаны ваенна-патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на сустрэчу з вучнямі прыйшлі ўдзельнікі вайны ў Афганістане, якія паходзяць з нашай мясцовасці: Павел Іванавіч Макей, Сяргей Сцяпанавіч Лоўчы, Віктар Мар’янавіч Вярсоцкі, Мікалай Анатольевіч Кавалеўскі.

Класны кіраўнік 9 класа і арганізатар мерапрыемства Валянціна Антонаўна Барткевіч адзначыла, што сучасныя школьнікі вельмі мала ведаюць пра афганскую вайну. Менавіта таму задача дарослых, асабліва тых, хто выконваў інтэрнацыянальны абавязак, — данесці да сэрцаў моладзі той крывавы ўрок і зрабіць усё магчымае, каб ён ніколі не паўтарыўся.

Сустрэча пачалася з прэзентацыі афганскіх фотаздымкаў.  Нашы госці падзяліліся з падлеткамі ўспамінамі аб службе. Ветэраны памятаюць пра жах першых хвілін першага бою, раненых, гібель сяброў.

Пра тое, як чакалі з гарачага Афганістана сына і брата Івана Вацлававіча Астроўскага, расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Тэрэса Вацлаваўна Кошань. Удзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых.

Са сцэны гучалі вершы і песні, прысвечаныя афганскай вайне і яе героям. І хоць прайшлі дзесяцігоддзі, мірнае жыццё зацягнула старыя раны, у сэрцах воінаў-інтэрнацыяналістаў па-ранейшаму жыве невылечны боль.

Алена БРАЖЫЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *