У Ашмянах адбыўся мітынг-рэквіем “Афганістан – гэта памяць і боль”

События


15 лютага 1989 года завяршыўся вывад савецкіх войск з Афганістана. З таго часу мінула трыццаць гадоў, але ў людской памяці гэта вайна будзе жыць яшчэ доўга, таму што яе гісторыя напісана крывёю савецкіх салдат і слязьмі матуляў. Яна будзе жыць у памяці дзяцей, якія засталіся без бацькоў. Яна застанецца ў душах тых, хто прайшоў вогненнымі дарогамі Афгана…

Свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане выконвалі і жыхары Ашмяншчыны. Сярод тых юнакоў і трое нашых землякоў – Сяргей Залатароў, Эдуад Кеда і Сяргей Клінцэвіч. Кожны з іх пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У пятнаццаты лютаўскі дзень на месцах пахаванняў воінаў-інтэрнацыяналістаў у вёсцы Паляны і горадзе Ашмяны адбылося ўскладанне вянкоў, у якім прынялі ўдзел дэлегацыі ветэранаў афганскай вайны, школьнікаў, моладзі і грамадскасці. Як заўсёды, у глыбокім маўчанні стаялі воіны-афганцы ля магіл баявых таварышаў. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання, а ваенныя выпусцілі залпы ў гонар загінуўшых.

Традыцыйна ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў  ля памятнага знака “Сынам зямлі ашмянскай” адбыўся мітынг-рэквіем “Афганістан – гэта памяць і боль”.

Вайна – гэта заўсёды вялікая трагедыя. Нават праз тры дзясяткі гадоў незагойнай ранай ў сэрцах удзельнікаў тых далёкіх падзей, іх родных і блізкіх жыве горыч аб тых, хто не вярнуўся дамоў.

Словы падзякі за мужнасць, годнасць і вытрымку ў часы ваенных выпрабаванняў на працягу мерапрыемства гучалі ў адрас воінаў-афганцаў ад намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Пашкоўскага. Божае бласлаўленне воінам-інтэрнацыяналістам далі настаяцель храма Уваскрасення Хрыстова Пётр Пятлеха і ксёндз касцёла Святога Міхаіла Арханёла Ян Варанецкі.

Старшыня Ашмянскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Лаздзін падзякаваў сваім саслужыўцам, воінам-інтэрнацыяналістам і успомніў загінуўшых у Афганістане.

— Ужо трыццаць гадоў прайшло з таго часу, калі савецкія войскі пакінулі Афганістан. Да сённяшняга дня ідуць спрэчкі аб тым, ці патрэбна была тая вайна, — адзначыў Мікалай Лаздзін. – Але кожны салдат, які там ваяваў ведае, што мы годна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак.

…Усё далей і далей сыходзіць у мінулае вайна ў Афганістане, але час не сцірае з памяці тыя далёкія падзеі. Ціхія гукі метранома адлічылі хвіліну маўчання, а прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з бою і пайменна ўспомнілі загінуўшых землякоў. Да падножжа помніка ляглі вянкі і кветкі, а ў неба ўзняліся тры геліевыя галубы, якія сталі сімвалам памяці аб загінуўшых земляках-афганцах.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *