У раённай бібліятэцы прайшла сустрэча з удзельнікамі вайны ў Афганістане

Культура

Прайшло трыццаць гадоў з таго дня, як апошні савецкі салдат пакінуў афганскую зямлю. За гэты час вырасла новае пакаленне, якое ведае гэтую вайну па дакументальных і мастацкіх фільмах, а таксама па расказах бацькоў і дзядоў.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 30-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі арганізавалі сустрэчу з удзельнікамі вайны ў Афганістане. На мерапрыемства “Афганістан – дарога болю” былі запрошаны навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа.

Вядучыя Святлана Галінская і Вольга Швец  прагарталі трагічныя старонкі падзей афганскай вайны, расказалі аб вывадзе савецкіх войскаў з Афгагістану, аб болю і аб стратах нашага народа.

З-за высокіх гор Гіндукуша доўгі час не было інфармацыі, толькі паветраныя “чорныя цюльпаны”, якія дастаўлялі цынкавыя труны, нагадвалі аб тым, што ідзе вайна. Трое нашых землякоў так і не вярнуліся з чужой зямлі — Сяргей Залатароў, Эдуард Кеда і Сяргей Клінцэвіч. Іх памяць, а таксама памяць тых, хто загінуў на афганскай вайне ўшанавалі хвілінай маўчання.

На сустрэчу з чытачамі бібліятэкі завіталі воіны-афганцы — старшыня Ашмянскага раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Станіслававіч Лаздзін і удзельнік вайны Уладзімір Генрыхавіч Гіруць.

У гэты дзень госці мерапрыемства гаварылі аб гераізме і подзвігах, аб вайне, якой амаль нічога невядома. Аб вайне, якой ў падручніках па гісторыі прысвечана ўсяго некалькі радкоў. Прысутныя даведаліся пра нягоды вайны, пра страту сяброў, пра лісты дадому. Ім было цікава паслухаць аб ваеннай тэхніцы і побыце салдат.

Будучыя салдаты моўчкі слухалі аповеды воінаў-інтэрнацыяналістаў аб вайне. Сёння госці падзяліліся сваімі ўспамінамі, хоць звычайна не любяць гаварыць аб перажытым.

Мікалай Станіслававіч таксама распавёў аб ветэранскай арганізацыі, яе задачах і тым, чым яны займаюцца сёння. Расказаў аб памятным знаку “Сынам зямлі Ашмянскай”, які быў адкрыты некалькі год таму. Баявая дэсантная машына БМД-1, якая прайшла крывавымі дарогамі Афганістана, сімвалізуе памяць жыхароў раёна аб падзеях той вайны.

Напрыканцы мерапрыемства прысутныя паглядзелі відэаагляд кніжнай выставы “Афган – мой боль і вечная памяць”, дзе былі прадстаўлены дакументальныя і мастацкія кнігі, публікацыі з перыядычных выданняў. Словы вядучых падмацоўваліся слайдамі прэзентацыі, песнямі, трэйлерам да фільма «9 рота», дзе адным з прататыпаў герояў фільма, быў наш зямляк, легенда Афганістану — Франц Клінцэвіч. Дарэчы, у кніжным фондзе бібліятэкі знаходзіцца кніга Георгія Андрэеўца “Капітан Франц”, на старонках якой можна прачытаць аб знакамітым земляку. Спецыяльна да сустрэчы цудоўныя аб’ёмныя дэкарацыі і выявы афганскіх гор стварылі мастакі Станіслаў Лапушэўскі і Віталь Аляксееў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *