У сям’і Загурскіх з Граўжышак дзве Валянціны і Валянцін

Культура

Кожны чалавек марыць, каб яго сямейнае жыццё было шчаслівым, напоўненым цеплынёй, спагадай і каханнем. А як зразумець, што шчасце ўжо на парозе? Вельмі проста! Калі кожны дзень хочацца вяртацца дадому, калі ў сям’і ты кожную хвіліну адчуваеш падтрымку і радасць, знаходзіш ўзаемаразуменне. Менавіта, гэта і ёсць складнікі жыцця цікавай і сціплай жанчыны – Валянціны Загурскай. Напярэдадні дня ўсіх закаханых (Дня Святога Валянціна) мы даведаліся, што ў сям’і Загурскіх дзве Валянціны і Валянцін…

На Ашмяншчыну Валянціну Іванаўну лёс закінуў з суседняга Іўеўскага раёна. З будучым мужам Валянцінам Стэфанавічам дзяўчына пазнаёмілася на вяселлі брата, які быў аднакласнікам Валянціна. Напэўна, гэта было каханне з першага погляду, таму юнак не стаў марнаваць часу і цвёрда вырашыў дзейнічаць. Гісторыя іх кахання пачалася дваццаць пяць гадоў таму.

— Вяселле ў брата было 11 верасня, а 19 верасня на мой дзень нараджэння Валянцін прыехаў і прапанаваў выйсці за яго замуж, — усміхаецца Валянціна Загурская. – Такі вось незвычайны падарунак атрымаўся.

Сваім сямейным караблём Валянціна Іванаўна і Валянцін Стэфанавіч заўсёды кіруюць разам. У штодзённых клопатах незаўважна праляцелі два дзясяткі гадоў. У сям’і Загурскіх нарадзілася трое дзяцей — сыны Мікалай, Аляксандр і дачка Валянціна.

Свой працоўны шлях Загурскія пачалі ў мясцовай гаспадарцы ў Граўжышках. Каля дваццаці гадоў Валянціна Іванаўна займала пасаду бухгалтара, а пасля галоўнага эканаміста. У 2013 годзе, калі шматдзетная сям’я Загурскіх атрымала кватэру ў горадзе, жанчына вырашыла з мужам перабрацца ў Ашмяны. Таму і месца працы змяніла – уладкавалася ў  ў Ашмянскую ЦРБ бухгалтарам. Але ў горад пераехаць так і не атрымалася – муж, механізатар у гаспадарцы, распачаў адну пасяўную, другую… Так  вёсцы і не здрадзілі.

У Граўжышках у Загурскіх свой прысядзібны ўчастак, агароды, вялікая хатняя гаспадарка. Шчырыя і руплівыя гаспадары доўгі час займаліся добраўпарадкваннем свайго дома, — тут усё зроблена іх працавітымі рукамі. Кожны куточак вакол сябе яны стараюцца зрабіць утульным і прыгожым, займаюцца хатнімі клопатамі і чакаюць у госці любімых дзяцей.

У сям’і ўсё робяць разам: і працуюць, і адпачываюць. Сям’я збіраецца разам на вялікія каталіцкія святы. У нядзелю яны ходзяць у касцёл. Дзецям падабаецца наведваць пастэрку – імшу ў калядную ноч. Валянціна Іванаўна ўсміхаецца і дадае, што ёсць яшчэ адна традыцыя – муж часта радуе сваіх Валянцінаў духмянымі блінамі, праўда адразу гаспадыня падрыхтуе расчыну… Гэтыя традыцыі яшчэ больш згуртоўваюць сям’ю, робяць яе сапраўднай крэпасцю, дзе кожны адчувае сябе ўпэўнена і пад абаронай.

Па радасных тварах і шчырых усмешках кожнага члена сям’і разумееш: менавіта так павінна выглядаць сям’я,  шчасце якой у тым, што яны крочаць разам.

Дачка нарадзілася 14 лютага ў дзень Святога Валянціна. Таму імя дзяўчынцы доўга не выбіралі – бацька адразу сказаў, што нарадзілася Валянціна. Хоць жонка была супраць, Валянцін Стэфанавіч сказаў, што і думаць няма чаго. З  дзяцінства маленькая Валя была самастойнай дзяўчынкай. Валянціна Іванаўна ўспамінае, як толькі пераехалі ў Граўжышкі, дачцы было чатыры гады, але камунікабельная Валя адразу знайшла сабе сяброў.

Фота з старонкі «Вконтакте» Валянціны Загурскай

Цяпер Валянціна – студэнтка педагагічнага ўніверсітэта, яна будучы настаўнік матэматыкі і інфарматыкі. Сыны скончылі Маладзечненскі політэхнічны каледж. Мікалай  зараз працуе на прадпрыемстве электрычных сетак электрыкам, а  Аляксандр — механік  на хлебзаводзе ў Гродне.

Жыццё ў вёсцы дыктуе свой рытм. За пастаяннымі клопатамі жанчына паспявае працаваць, дапамагаць суседзям, наведваць сельскі клуб, каб паслухаць мілагучныя спевы “Граўжанцаў”. Доўгімі зімовымі вечарамі Валянціна Загурская любіць пачытаць. Сярод любімых выданняў – “Унесенные ветром” М. Мітчал, “Королек –птичка певчая” Рашада Гюнтэкіна. Не забывае Валянціна Іванаўна і пра класіку, яна паспела прачытаць амаль усе творы Фёдара Дастаеўскага, кнігі якога лічыць крыніцай жыццёвых парадаў.

І ўсё ж цікаўлюся, ці святкуюць Загурскія Дзень Святога Валянціна. Асаблівай традыцыі святкаваць ў Загурскіх няма. Звычайна, гэта проста дзень нараджэння дачкі. Кожнае лютаўскае свята са школы дачка прыходзіла з поўным заплечнікам “валянцінак”. І зараз дома захоўваецца вялікі канверт, запоўнены чырвонымі садэчкамі  розных памераў. Валянціна і бацькам дарыла маленькія сардэчкі, зробленыя сваімі рукамі.

…У чым жа рэцэпт сямейнага шчасця? Можна пражыць доўгае жыццё або адкрыць любую кнігу, прагартаць сотні старонак у інтэрнэце, каб адказаць на гэтае пытанне. На жаль, агульнага рэцэпту не існуе. У кожнага ён асабісты. Валянціна Загурская ўпэўнена, галоўнае кахаць і паважаць адзін аднаго, згладжваць вострыя вуглы размовамі і заўсёды давяраць адзін аднаму.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *