Новыя факты пра Жупраны

Ва ўсіх даведніках пазначаецца, што Жупраны ўпершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1407 годзе, калі князь Вітаўт ахвяраваў селішча ва ўладанне віленскаму старасце Войцеху Манівіду (Монвіду). Ёсць аднак новыя доказы таго, што пісаная гісторыя мястэчка багацейшая, прынамсі, на некалькі гадоў.

Пра тое, што Жупраны пачалі адлік сваёй афіцыйнай гісторыі ў 1407 годзе, пісаў слынны ашмянскі краязнаўца Чэслаў Янкоўскі. Даследчык адзначаў у першым томе «Ашмянскага павета» (1896 год), што арыгінал дарчай граматы для Войцеха Манівіда з пячаткай ад князя Вітаўта захоўваўся ў канцы XIX стагоддзя ў графскім палацы Чапскіх у Навасёлках. Уладальнікі маёнтка ганарыліся гэтым дакументам, бераглі яго як зрэнку вока і паказвалі толькі самым пачэсным гасцям. Янкоўскі выказваў таксама меркаванне, што сапраўдная гісторыя Жупран пачынаецца нашмат раней, хаваецца ў глыбіні стагоддзяў, ахутаная змрокам таямніц ды невядомасці. Краязнаўца называў мястэчка адным з самых старажытных селішчаў у былым Вялікім Княстве Літоўскім. Пра мінуўшчыну Жупран, паводле яго, сведчыла надзвычай старое гарадзішча побач з селішчам. Верагодна, ён меў на ўвазе ўзвышэнне на беразе ракі Ашмянкі, якое мясцовыя людзі называюць Піліканкай.

Пра першае згадванне Жупран у 1407 годзе інфармаваў і «Геаграфічны слоўнік Польскага Каралеўства і іншых славянскіх краінаў» (2 частка 15 тома з артыкулам пра Жупраны выйшла ў 1902 годзе). Гэты ж год як пачатак летазлічэння мястэчка падавалі беларускія энцыклапедыі ды даведнікі.

Аднак польская даследчыца Ганна Крупская знайшла больш старыя дакументы, у якіх згадваюцца Жупраны. Спадарыня Ганна займалася вывучэннем біяграфіі Войцеха Манівіда і яшчэ ў 1976 года напісала пра яго артыкул для «Польскага біяграфічнага слоўніка». Між іншым гісторык заўважыла, што сапраўды віленскі староста атрымаў у 1407 годзе ад князя Вітаўта ва ўласнасць два маёнткі ў Ашмянскім павеце – Жупраны і Мірклішкі (цяпер Смаргонскі раён). Акрамя іх, Войцеху Манівіду дасталіся яшчэ каля 30 селішчаў у 7 воласцях пад Ашмянамі, Вілейкай, Мінскам і Барысавам. З нагоды шчодрага падарунка баярын адпісаў частку вёскі Мірклішкі з некалькімі падданымі касцёлу Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ашмянах.

Аднак іншая грамата фіксуе, што Манівід яшчэ раней атрымаў Жупраны і Мірклішкі ў арэнду. Дакумент, які пра гэта распавядае, паходзіць з 1403 года. Такім чынам, атрымліваецца, што пісьмовая гісторыя Жупран пачалася на 4 гады раней, чым лічылася папярэдне. Гэта значыць, што сёлета мястэчку спаўняецца 616 гадоў.

Колішні ўладальнік Жупран Войцех Манівід быў адным з самых важных і ўплывовых палітычных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага. Ён паходзіў з даўняга баярскага роду і належаў да самай вярхушкі літоўскай арыстакратыі. У 1413 годзе ён стаў віленскім ваяводам. Найбольш маёнткаў ён меў непадалёку ад Жупран. У 1409 годзе атрымаў у тутэйшых ваколіцах яшчэ вёску Навасёлкі, возера каля Рачун, вёскі Медрыкі, Эймялавічы (Амаляны?) і Наздрачуны. Менавіта жупранскія ўладанні Манівіда сталі падставай багацця яго роду.

Спадарыня Ганна Крупская адзначае, што даўнейшага ўладара Жупран вельмі цаніў князь Вітаўт. Шматлікія прывілеі і зямельныя ўладанні, перададзеныя Манівіду, сведчаць, што гэты літоўскі баярын карыстаўся ў валадара ВКЛ незвычайнай прыхільнасцю і даверам. Ужо ў 1396 годзе ён належаў да паноў-рады вялікага князя Вітаўта, маючы праз гэта вялікі ўплыў на палітычнае жыццё ў ВКЛ. Як давераная асоба князя быў высланнікам да магістра крыжацкага ордэна і вёў перамовы з крыжакамі. Менавіта Войцех Манівід ачоліў Вітаўтава войска па дарозе на Грунвальдскую бітву, як сцвярджаюць нямецкія хронікі. Не адзін раз Манівід выязджаў таксама як пасол ВКЛ у Маскоўскае княства.

Нам, сённяшнім жупранцам, варта было б падумаць, як захаваць памяць пра выбітнага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, з якім былі звязаны першыя пісьмовыя згадкі пра мястэчка.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.

0
Стоит почитать:

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля