Адна вайна двух братоў

Общество

Трыццаць год мінула з таго часу, як вялікім чорным крылом ахінула савецкія сем’і вайна ў Афганістане. Яна накрыла гарачымі жоўтымі пяскамі і нашых землякоў, іх сем’і, блізкіх, сяброў і таварышаў. Аб афганскай вайне напісаны сотні кніг, зняты дзясяткі кінастужак, а былыя салдаты і цяпер беражліва захоўваюць здымкі і  пажоўклыя аркушы доўгачаканых лістоў з дому.

Лісты з Афганістана

Нехта з творцаў сказаў, што час лечыць, а памяць, не шкадуючы, сцірае падзеі мінулага. На змену ім заўсёды прыходзяць новыя, і жыццёвы вір працягваецца далей… А воіны-інтэрнацыяналісты ўсё роўна нічога не забываюць, а бывае, нават прачынаюцца сярод ночы ад цяжкіх успамінаў, зноў чуюць галасы душманаў, гучныя выбухі снарадаў і аўтаматныя чэргі, бачаць яркае сонца, схілы высокіх гор і твары баявых таварышаў, што назаўсёды засталіся там…

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў сваімі ўспамінамі з чытачамі раённай газеты падзяліліся і нашы землякі, воіны-афганцы – родныя браты Валянцін і Анатоль Осцікі.

Аб той вайне браты гаварыць не любяць, бо як і сотні юнакоў побач, не звярталі ўвагі на тое, што над галовамі свісталі кулі і паліла гарачае сонца, а проста выконвалі воінскі абавязак і да канца заставаліся вернымі прысязе. Ім даўно не васямнаццаць год, учарашнія юнакі сталі дарослымі, высакароднымі і надзейнымі мужчынамі, стварылі свае сем’і, вырасцілі дзяцей, чакаюць у госці маленькіх унукаў, а аб Афганістане, які стаў часцінкай лёсу, стараюцца не ўспамінаць…

Афганістан… Гэта слова ў сям’і Осцікаў заўсёды выклікала пачуццё трывогі, хвалявання, болю і надзеі. Надзеі на тое, што парог роднага дома хутка пераступяць два сыны — Валянцін і Анатоль. Колькі разоў замірала бацькоўскае сэрца, калі праязджаючы каля дома аўтамабіль збаўляў хуткасць: ці не спяшаецца хто пераступіць парог са страшнай весткай?! У бацькоўскім сэрцы Генрыха Феліксавіча і зараз месцяцца ўспаміны аб тым, як чакаў сваіх сыночкаў і хваляваўся, пісаў лісты і радаваўся, калі за тысячы кіламетраў, нібы птушкі, вярталіся складзеныя аркушы паперы з адказам…

— Валянцін вярнуўся з арміі, а Анатоля адразу прызвалі на службу, — дзеліцца ўспамінамі мужчына. – Я пайшоў у ваенкамат, каб даведацца, на якой падставе яны адправілі ў Афганістан другога сына, а там адказалі проста: “Вашы сыны – годныя людзі!”.

Аб тым, як ідзе служба, у лістах дадому ніхто не пісаў, бо не мелі права. Але бацькоўскае сэрца ведала, дзе нясуць службу Валянцін і Анатоль. Яно магло “ўбачыць” усё і між радкоў. “Жывыя, здаровыя, чакайце дома…” – амаль усё, што мог прачытаць у лістах бацька. Валянцін і Анатоль шкадавалі бацьку і стараліся хаваць ад роднага чалавека страшную праўду пра вайну ў Афганістане.

Як “гараць” горы

Бацька расказвае, што старэйшы сын Уладзіслаў вярнуўся з арміі дамоў і адразу трапіў на праводзіны да роднага брата. Валянцін Генрыхавіч праходзіў службу з 1981 па 1983, цэлы год выконваў інтэрнацыянальны абавязак у гарачай кропцы. Спазнаваць ваенную службу адразу давялося ва ўкраінскай Адэсе і Кіеве, затым маладога салдата накіравалі ў Душанбэ, а адтуль лёс закінуў яго ў Афганістан.

– Куды Радзіма накіравала, туды і пайшоў служыць, — разважае мужчына. – Загады ў арміі ўвогуле не абмяркоўваюцца. Ды і адразу маладым салдатам ніхто не сказаў, куды яны накіроўваюцца. Было вядома толькі тое, што служба пройдзе ў паўднёвай частцы Савецкага Саюза.

Аб тым, з чым прыйдзецца сутыкнуцца падчас службы, Валянцін зразумеў у вучэбным пункце Тэрмеза, адкуль шлях ляжаў у самае сэрца гарачай кропкі. Таму вайсковую прафесію асвойваў заўзята. Вось толькі ніхто не расказваў навабранцам, па якіх традыцыях жыве афганскі народ. З мясцовым насельніцтвам савецкім салдатам давялося знаёміцца ўжывую і пры розных абставінах: то абменьваючыся “добрымі словамі”, то трымаючы адзін аднаго на прыцэле аўтамата.

Тысячы кіламетраў старшы вадзіцель Валянцін Осцік праехаў па Афганістану, служачы ў спецпадраздзяленні КДБ. Даводзілася не толькі кіраваць баявымі машынамі, перавозіць важныя грузы, а таксама весці работу з прызыўнікамі, акружаць кішлакі і весці перамовы з душманамі.

Салдат не раз трапляў пад абстрэл. На шчасце, сур’ёзных раненняў у яго не было, лёгкія драпіны ад пралятаючай побач кулі ён не бярэ ў разлік.

— Вы ніколі не бачылі, як “гараць” горы?!  —  дзеліцца мужчына.  – Разумееце, камні літаральна “гараць” пасля ракетных стрэлаў з самалётаў.

Аднойчы вечарам салдаты вырашылі паглядзець кіно пад адкрытым небам, расставілі апаратуру і сталі сачыць за цікавымі перыпетыямі на экране, але прагляд спынілі, як кажуць, на самым цікавым месцы. Выбух з гранатамёта… і ад імправізаванага кінатэатра засталася вялікая яма.

У 1983 годзе Валянціна чакала доўгая дарога дамоў. На самалёце салдата даставілі ў Душанбэ, але з-за дрэнных умоў надвор’я хутка паляцець дамоў не атрымалася. Разам з саслужыўцамі на цягніку пяць дзён яны дабіраліся ў Маскву, а адтуль іх шляхі разышліся.

Доўгая дарога

дадому

Разглядаючы сямейны альбом са старымі фотаздымкамі, здавалася, што браты зноў прагарталі кнігу свайго жыцця. Вось на старых, пажоўклых ад часу картках, салдаты Валянцін і Анатоль у далёкім Афганістане. На здымках  побач — маладыя, статныя салдаты. Некаторыя з іх так і не вярнуліся дамоў, многія, нібы птушкі, разляцеліся па свеце.

— Што мы будзем служыць у Афганістане, даведаліся толькі недзе пад Ташкентам, — успамінае Анатоль. – Ад Масквы да Ташкента ехалі сем дзён на цягніку, ад Ташкента да Тэрмеза яшчэ двое сутак, далей нас чакалі тры месяцы ў палявым парку і самалёт у Кабул, а адтуль на месца выканання ваеннага абавязку.

За тысячу кіламетраў ад дома Анатоль сустрэў свайго аднакласніка Віктара Дудойця. Калі салдата везлі на каранцін, ён размінуўся з  нашым земляком Сяргеем Залатаровым, калі той выязджаў на апошняе баявое заданне. Убачыцца і паразмаўляць у іх не атрымалася, але ў адным са сваіх лістоў дамоў Сяргей пісаў, што бачыў у Афгане ашмянца Анатоля Осціка.

Сапёр Анатоль Осцік служыў у асобным інжынерна-сапёрным батальёне. Анатоль не расказвае аб тым, як было цяжка.

— Было страшна адразу, жудасна было чуць побач стрэлы і выбухі снарадаў, але праз  тыдзень трывога і хваляванне  адступілі, мы прынялі тое, што побач вайна, — расказвае Анатоль Осцік. — Цяжка было прызвычаіцца да зменлівага клімату – едзеш на перавал, тэмпература плюс пяцьдзясят – шэсцьдзясят градусаў, а наверсе, на гары, мінус дзесяць. Дарэчы, праз горныя перавалы мы маглі ехаць толькі ноччу, даводзілася прабірацца навобмацак, было вельмі цёмна, холадна і небяспечна.

За час службы мужчыне асабліва запомніліся дарогі і ваенныя заданні, якія даводзілася выконваць на мяжы з Савецкім Саюзам, здавалася, працягні руку і “ўбачыш” бацькоўскі дом.

Дамоў Анатоль Осцік дабіраўся месяц, кажа, што так атрымалася. На пятнаццаць дзён затрымаўся ў Ташкенце, дзе “спазнаў” разам з таварышам усходнюю гасціннасць, таксама на некалькі дзён застаўся ў Маскве ў былога саслужыўцы.  А калі прыехаў у Ашмяны, то дома нікога не было, дзверы былі зачынены на замок – усе пайшлі на мотагонкі. Салдат, які прайшоў Афган, не разгубіўся — залез у акно, пераапрануўся і сам накіраваўся на мотакрос. Калі вярнуўся, то за накрытым сталом ужо чакала сям’я.

Самы вялікі

падарунак і ўзнагарода

Мірнае жыццё закружыла юнакоў у віры падзей. Мужчыны стварылі свае сем’і, Валянціна дачакалася любімая дзяўчына Галіна, а Анатоль сустрэў красуню Людмілу. На кожнае свята за вялікім сталом у бацькоўскім доме збіраецца ўся сям’я – сыны, іх жонкі, дзеці Аляксандр, Анастасія, Ігар і Дзмітрый, унукі Валерыя, Ульяна, Яраслаў і Ілья.

Збяруцца браты разам і 15 лютага, у дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана, каб успомніць час службы і сваіх баявых таварышаў. Валянцін Осцік абавязкова пойдзе на мітынг і свята, прысвечанае воінам-афганцам, каб падзяліцца ўспамінамі, пагаварыць і прыгадаць тых, каго забралі нябёсы, але хто назаўсёды застаўся ва ўспамінах, апавяданнях і фотаздымках. І, напэўна, у душы браты яшчэ раз падзякуюць лёсу за самы вялікі падарунак і ўзнагароду — захаваныя жыцці ў той неаб’яўленай вайне, рэха якой і цяпер даносіцца з высокіх гор Кандагара.

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ

і з сямейнага архіву

 Осцікаў.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *