Пісьмо – у Будзёнаўку, паштоўку – у Ашмяны

Культура

Прафесія паштальёна – асаблівая, бо няма такой навучальнай установы, дзе б можна было ёй навучыцца. Яна жаночая. Мужчына-паштальён хутчэй выключэнне з правілаў. На памяць прыходзіць хіба што Печкін з любімага мною мультфільма, ды дзядзька Алёша з майго дзяцінства, які ездзіў на веласіпедзе з сіняй вялікай сумкай праз плячо, набітай газетамі.

Шмат часу прайшло з тае пары, аднак сельскія паштальёны па-ранейшаму ездзяць на веласіпедах. І сумкі ў іх такія ж вялікія. І ім гэтак жа рады ў любой хаце.

Людзі па-ранейшаму чытаюць газеты, пішуць пісьмы, віншуюць адзін аднаго святочнымі паштоўкамі. Работнікі гарадскога паштовага аддзялення адзначылі, што сёлета напярэдадні калядных і навагодніх свят паштоўкі разыходзіліся вельмі актыўна. Прыемна, што і да нас вяртаецца гэта незаслужана забытая цёплая традыцыя.

Канешне, газет у сумцы паштальёна стала менш. Маладое пакаленне спатольвае інфармацыйны голад у інтэрнэце. У любы момант можна дастаць з кішэні свой гаджэт і адшукаць патрэбную інфармацыю, пры чым, намнога хутчэй, чым надрукуецца газета і яе даставіць да падпісчыка паштальён.

Для людзей сталага веку газета – гэта абавязковы атрыбут жыцця. Газету чакаюць. Яе выпісваюць нават тады, калі раззлуюцца і скажуць, што ў ёй няма чаго чытаць. Выразкі з яе захоўваць у асобных папках ці фотаальбомах. Берагуць, каб паказаць сваім дзецям і ўнукам.

Наклады газет змяншаюцца. Новыя тэхналогіі выцясняюць яе папяровы варыянт, і з гэтым, на жаль, нічога не зробіш. У такой сітуацыі апынуліся і буйныя выданні рэспубліканскага ўзроўню, і невялікія, накшталт раёнак. Асноўныя падпісчыкі раённых газет і нашага “Ашмянскага весніка” у тым ліку, – людзі старэйшага ўзросту. Выпісваць мясцовую газету для большасці з іх стала традыцыяй. Як правіла, на раёнку падпісваюцца дзесяцігоддзямі.

Валянціна Іосіфаўна Суравец

— Маркотна без газеты, — прызнаюцца падпісчыкі Валянціне Іосіфаўне Суравец, якая абслугоўвае жыхароў квартала Будаўнікоў. – Навін бракуе. Сядзіш у хаце і не ведаеш, што адбываецца навокал.

Паштальён гарадскога аддзялення Валянціна Іосіфаўна Суравец разносіць карэспандэнцыю, а разам з ёй і пенсіі, пасылкі, тавары паўсядзённага попыту з 2005 года. Калісьці прыйшла на падмену водпуску, усяго толькі на месяц, а затрымалася ўжо на 13 гадоў. Работа ёй падабаецца. Да гэтага яна працавала бухгалтарам. Была сам-насам толькі з лічбамі, а тут штодня цябе чакаюць зносіны з людзьмі. Вядома ж, людзі розныя бываюць: хто з адкрытай душой, а хто і з раздражненнем. За гэтыя гады Валянціна Іосіфаўна пазнаёмілася з усімі сваімі падпісчыкамі, ведае іх настрой, густ і перавагі. Каму часопіс прапануе, каму – рэспубліканскую газету. А раёнку дык і рэкламаваць не трэба: яе ўсе ведаюць.

У чарговую падпісную кампанію Валянціна Іосіфаўна сярод гарадскіх паштальёнаў перавыканала даведзены план падпіскі на раённую газету і разам з Аксанай Станіславаўнай Осцік, якая сярод сельскіх паштальёнаў зрабіла найбольшы ўклад у павелічэнне тыражу “Ашмянскага весніка”, аформіўшы падпіску на 253 экзэмпляры газеты, атрымалі грашовае заахвочванне ад рэдакцыі раённай газеты.

Аксана Станіславаўна Осцік

Паштальёнскі стаж Аксаны Станіславаўны складае толькі год, аднак гэта не стала перашкодай у выкананні даведзенага ёй плана па падпісцы. У Будзёнаўскім паштовым аддзяленні яна працуе пакуль часова: замяшчае ў дэкрэтным адпачынку сваю сястру. Дзеліць участак разам са сваёй калегай Валянцінай Альбертаўнай Круцько, у якой і пасцігае тонкасці нялёгкай, аднак цікавай прафесіі. Спрыту гэтай маладой жанчыне не займаць. І хаця зараз прыходзіцца хадзіць больш пяшком, яна хутка абходзіць Будзёнаўку і Повішні, а затым спяшаецца дамоў. Аксана – шматдзетная мама: трэба маленькага Мікіту з садка забраць, прыгатаваць абед і дапамагчы зрабіць урокі Вадзіму і Максіму, дома прыбраць, а таксама знайсці хвіліну на адпачынак, каб назаўтра ізноў ісці знаёмым маршрутам да людзей, якія яе чакаюць.

Аліна САНЮК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *