Аперацыя «Баграціён». На ашмянскім напрамку

75-летие освобождения Беларуси

Ашмянскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў войскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай наступальнай аперацыі, праведзенай 5-20 ліпеня 1944 г., якая ў сваю чаргу з’яўлялася часткай Беларускай аперацыі, вядомай пад кодавай назвай «Баграціён» (праведзена 23 чэрвеня — 29 жніўня 1944).

На ашмянскім напрамку баявыя дзеянні вялі чатыры арміі: 5-я і 11-я гвардзейская агульнавайсковыя, 5-я гвардзейская танкавая і 1-я паветраная. Гэта тлумачыцца тым, што праз раён праходзіла лінія размежавання паміж 5-й і 11-й гвардзейскай арміямі. Танкісты вырашалі задачу найхутчэй дасягнуць Вільнюса і там завязаць баі, а лётчыкі прыкрывалі наземныя часці з паветра, знішчалі варожыя аб’екты ў тыле ворага.

Такім чынам, населеныя пункты, што ачышчалі танкісты ў час іх імклівага наступлення на літоўскую сталіцу (у тым ліку Ашмяны, Жупраны і Гальшаны), фактычна прыйшлося адбіваць у другі раз байцам стралковых дывізій. Тым не менш, паводле афіцыйных крыніц, лічыцца, што названыя вышэй вёскі і Ашмяны вызвалены менавіта танкістамі 29-га (Жупраны) і 3-га гвардзейскага (Ашмяны, Гальшаны) танкавых карпусоў (29-м танкавым корпусам камандаваў генерал-лейтэнант Я.І. Фаміных, 3-м гвардзейскім танкавым корпусам — генерал-маёр І.А. Воўчанка) 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Камандавалі арміямі: 5-й — генерал-лейтэнант М.І. Крылоў; 11-й гвардзейскай — генерал-палкоўнік К.М. Галіцкі; 5-й гвардзейскай танкавай — маршал бранятанкавых войскаў П.А. Ротмістраў; 1-й паветранай — генерал-палкоўнік авіяцыі Ц.Ц. Хрукін.

Захаваўся пералік брыгад і палкоў, якія непасрэдна вызвалялі раённы цэнтр Ашмяны (у дужках — прозвішча камандзіра):

3-я гвардзейская танкавая брыгада (падпалкоўнік К.А. Грыцэнка), 18-я гвардзейская танкавая брыгада (падпалкоўнік В.І. Емчанка; паводле іншых звестак — Есіпенка), 19-я гвардзейская танкавая брыгада (падпалкоўнік Г.А. Пахадзееў), 2-я гвардзейская мотастралковая брыгада (падпалкоўнік К.А. Андронаў), 367-ы самаходна-артылерыйскі полк (падпалкоўнік Ц.Я. Карташоў), 1436-ы самаходна-артылерыйскі полк (падпалкоўнік Г.С.Нямковіч), 1496-ы самаходна-артылерыйскі (маёр М.С. Бурдзянкоў). Усе яны ўваходзілі ў склад 3-га гвардзейскага танкавага корпуса.

К.А. Андронаў, К.А. Грыцэнка і Г.А. Пахадзееў загінулі ў 1944 г. на тэрыторыі Літвы.

5-я армія вызваляла раён не поўным складам, а толькі сіламі 65-га стралковага корпуса, якім камандаваў генерал-маёр Г.Н. Перакрэстаў і які складаўся з 97, 144 і 371-й стралковых дывізій.

У журнале баявых дзеянняў 144-й стралковай дывізіі (камандзір палкоўнік А.А.Данец) адзначана, што 5 ліпеня 1944 г. была ў двух месцах перарэзана чыгунка на перагоне Солы — Ашмяны і адначасова атакавана станцыя Ашмяны. Атака закончылася паспяхова. Аднак да ст. Ашмяны пачалі падыходзіць фашысты, адступаўшыя з боку Сол (рота пяхоты, пагружаная на матавоз з платформамі).

Байцы сустрэлі матавоз агнём, знішчылі яго і платформы з выбуховымі рэчывамі (апошнія прызначаліся для ўзрыву чыгуначнага маста ў Солах, што зрабіць не паспелі). Салдаты праціўніка з 613-й асобнай аўтароты былі часткова знішчаны, часткова ўзяты ў палон. Узарваны таксама два эшалоны з боепрыпасамі.

На станцыі Ашмяны гітлераўцы панеслі значныя страты — каля 50 салдат і афіцэраў параненымі і забітымі. 3ахоплены трафеі: матавоз, 4 платформы, сямітонная аўтамашына, два 81-міліметровыя мінамёты, 2 кулямёты, 50 вінтовак. (Архіў Міністэрства абароны Расіі. Ф. 144 сд. Воп. 524 370 с. Спр. 2-252. Л. 113-114).

У баях за станцыю Ашмяны вызначыліся камандзір 449-га стралковага палка падпалкоўнік І.П.Сітко (загінуў у баях за Вільнюс), камандзір аддзялення малодшы сяржант А.М. Сокалаў, іншыя байцы і камандзіры.

«Страта станцый Солы і Ашмяны не магла не паўплываць на баяздольнасць гітлераўцаў. Больш складана было забяспечваць іх часці боепрыпасамі і харчаваннем, замаруджвалася перакідка падмацаванняў з іншых участкаў — па чыгунцы амаль поўнасцю спынялася эвакуацыя параненых». (Драган П.Г. Виленская Краснознаменная. М., 1977. С. 75.)

144-я стралковая дывізія вызваляла таксама і іншыя населеныя пункты раёна, а 7 ліпеня 1944 г. ужо знаходзілася на подступах да Вільнюса.

У складзе 97-й стралковай дывізіі (камандзір палкоўнік Ф.К. Жэка-Багатыроў) у 3-й роце 136-га стралковага палка служыў камандзір узвода старшы сяржант Дзмітрый Іванавіч Гарбуноў. Ён вызначыўся ў баях пры фарсіраванні рэк Сухадроўка, Бярэзіна і Лучоса. Гераічны подзвіг ён здзейсніў і ў Ашмянскім раёне, захапіўшы з групай аўтаматчыкаў мост цераз раку Ашмянку паміж вёскамі Нарбуты і Зарэчча. Фактычна была выканана такая задача, як і пры ўзяцці станцыі Ашмяны — перарэзана шаша Смаргонь — Ашмяны. За гэты і іншыя гераічныя ўчынкі Дз. І. Гарбуноў атрымаў званне Героя Савецкага Саюза (загінуў пад Каўнасам 28 ліпеня 1944). 7 ліпеня 1975 г. непадалёку ад месца подзвігу групы аўтаматчыкаў быў пастаўлены помнік; у Ашмянах, пачынаючы з лістапада 1975 г., праводзіліся спаборніцтвы па мотаспорце на прыз імя Дз.І.Гарбунова.

З левага флангу 144-й стралковай дывізіі дзейнічала 11-я гвардзейская армія ў складзе 8-га (камандзір генерал-маёр М.Н. Завадоўскі), 16-га (генерал-маёр С.С. Гур’еў) і 36-га (П.Г. Шафранаў) гвардзейскіх стралковых карпусоў.

36-ы стралковы корпус знаходзіўся ў другім эшалоне і ўдзелу ў баях за Ашмяншчыну амаль не прымаў, за выключэннем 16-й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр Е.В.Рыжыкаў).

У складзе 8-га корпуса знаходзіліся 5-я (палкоўнік Н.Л. Волкаў), 26-я (генерал-маёр Чарноў), 83-я (генерал-маёр — А.Г. Маслаў) гвардзейскія стралковыя дывізіі; у складзе 16-га — 1-я (палкоўнік П.Ф. Толсцікаў), 11-я (генерал-маёр Н.Г. Цыганоў) і 31-я (генерал-маёр І.К. Шчарбіна) гвардзейскія стралковыя дывізіі. 7 ліпеня 1944 г. Шчарбіна быў паранены. Яго змяніў генерал-маёр І.Д.Бурмакоў.

Сітуацыя ў часцях 11-й гвардзейскай арміі складвалася ў Ашмянскім раёне наступным чынам. На зыходзе 6 ліпеня 1944 г. нямецкія войскі ў паласе арміі занялі для абароны загадзя ўмацаваны рубеж, пярэдні край якога праходзіў па лініі Жупраны — р. Ашмянка — Куцавічы — м. Баруны. Абарончыя збудаванні гэтага рубяжа, якія пачалі ўзводзіцца ў 1943 годзе, не былі закончаны. Немцы мелі намер пабудаваць тут магутную ўмацаваную сістэму ў якасці асноўнага рубяжа на ўсходзе, таму рубеж і атрымаў назву «Остваль» («Усходні вал»).

Рубеж да пачатку баявых дзеянняў быў заняты войскамі, якія правялі неабходныя ўдасканаленні ў абарончых збудаваннях і сістэме агню.

Абарончая паласа складалася з адной, месцамі дзвюх ліній траншэй і акопаў поўнага профілю, абсталяваных стралковымі ячэйкамі, кулямётнымі пляцоўкамі, былі падрыхтаваны таксама апарэлі для танкаў. У глыбіні абароны былі выкапаны адрэзкі траншэй і акопы. Процітанкавымі і проціпяхотнымі перашкодамі рубеж абсталяваны не быў.

Баі за рубеж пачаліся 7 ліпеня. 11-я гвардзейская стралковая дывізія праследавала праціўніка, адступаўшага з баямі па маршруце Навінкі — Панары — Стрыпуны — Куцавічы — Навасёлкі — Ашмяны — Мураваная Ашмянка. У канцы дня штаб дывізіі знаходзіўся ў Талмінава.

1-я гвардзейская стралковая дывізія рухалася па маршруце Крэва — Старыя Баруны — Трасечаняты — Біюцішкі, у канцы дня выйшла на шашу Ашмяны — Гальшаны ў раёне Мацуты — Каменка.

31-я гвардзейская стралковая дывізія, якая знаходзілася ў другім эшалоне, рухалася па маршруце 11-й гвардзейскай стралковай дывізіі і ў канцы дня сканцэнтравалася ў раёне Ашмян, затым была ўведзена ў першы эшалон, у якім была да заканчэння вызвалення раёна. У 22 гадзіны яна авалодала рубяжом Латавічы — Навасёлкі, а ў 2 гадзіны ночы 8 ліпеня 1944 г. — Ашмянамі.

Цяжка было атакаваць і іншым дывізіям корпуса. Толькі дзякуючы таму, што быў уведзены ў бой 148-ы знішчальна-процітанкавы полк, 11-я гвардзейская стралковая дывізія змагла авалодаць Мірлішкамі, Скірдзімамі, Федзевічамі і Чаркасамі. 1-я гвардзейская стралковая дывізія адбівала контратакі ў другой палове дня 7 ліпеня.

8-ы гвардзейскі стралковы корпус наступаў правым флангам на Гальшаны, у першым яго эшалоне знаходзіліся 83-я і 5-я, у другім — 26-я гвардзейскія стралковыя дывізіі.

Да 17 гадзін 7 ліпеня 83-я гвардзейская стралковая дывізія авалодала Дзертнікамі і выйшла да канца дня да рубяжа Полішча — Рапушыха, дзе немцамі было аказана асабліва жорсткае супраціўленне. Пераадолеўшы яго, дывізія авалодала рубяжом Мар’янава — Палуды — Гарэцкаўшчына, а ў 24 гадзіны ўварвалася ў Гальшаны і авалодала імі.

У другой палове дня 7 ліпеня давялося ўвесці ў бой і 26-ю гвардзейскую стралковую дывізію. Яна авалодала Гейстунамі, Каецянятамі, Лужышчам, Слабадой, на зыходзе дня выйшла на рубеж Слабада — Карабы (дапамагла 83-й гвардзейскай стралковай дывізіі авалодаць Гальшанамі).

8 ліпеня 1944 г. баі ў раёне прадоўжыліся: пад Малынішкамі (11-я гвардзейская стралковая дывізія), Граўжышкамі (1-я гвардзейская стралковая дывізія); уводзілася ў бой 83-я гвардзейская стралковая дывізія (у стык паміж 11-й і 1-й гвардзейскімі стралковымі дывізіямі), якая вяла баявыя дзеянні ў напрамку Чуркі — Вайшнарышкі — Клявіца.

У падпарадкаванні 11-й гвардзейскай арміі знаходзіўся 556-ы палявы перасоўны шпіталь (ППШ; размяшчаўся ў в. Крэва Смаргонскага раёна), у падпарадкаванні 5-й гвардзейскай танкавай арміі 5159-ы і хірургічны палявы перасоўны шпіталь (ХППШ; размяшчаўся ў в. Ліпкі Астравецкага раёна). Начальнікам 556-га ППШ з’яўляўся капітан  П.Г. Крывянкоў, начальнікам 5159-га ХППШ — гвардыі капітан Д.Х. Нурулаеў. У Ашмянах размяшчалася асобная медыцынская санітарная рота 6-й стралковай дывізіі ўнутраных войскаў.

9-га ліпеня 1944 г. баявыя дзеянні праходзілі за межамі раёна — у Літве, на Іўеўшчыне. Наступіла доўгачаканая цішыня. Воіны-вызваліцелі пайшлі на захад, несучы свабоду іншым народам.

Па матэрыялах кнігі «Памяць. Ашмянскі раён».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *