Населены пункт у сем жыхароў. Гісторыя адной вёскі ў Ашмянскім раёне

Год малой родины Культура

Напэўна, у кожнага чалавека ў душы захоўваюцца цёплыя ўспаміны аб невялікім куточку, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе ўтульна, прыгожа і нават дыхаецца лёгка… Калі круціш глобус, то мімаволі шукаеш месца, дзе жывеш. І тая маленькая, зусім непрыкметная кропачка ў вялікім свеце – твая радзіма. Такіх кропак на карце Ашмяншчыны — некалькі дзясяткаў. Усе яны, хоць і маюць розныя гісторыі і розныя назвы, але падобныя найперш спагадлівымі і працавітымі жыхарамі. Здаецца, яшчэ дваццаць гадоў таму вёска Цюпішкі Гальшанскага сельскага Савета была вялікай і шматлюднай, але цяпер усё больш па занесеных снегам вуліцах “блукаюць” успаміны апошніх гаспадароў… Пра тое, што тут калісьці віравала жыццё, гучалі спевы, не змаўкалі вясельныя бомы на конях, нагадваюць вялікія амбарныя замкі на дзвярах зачыненых дамоў, пахіленыя платы і здзічэлыя сады…

Успаміны жывуць у сэрцы

Я добра памятаю гаманлівую вёску, яе руплівых і шчырых гаспадароў, якія часта, асабліва летам, выходзілі ў цэнтр да крыжа, каб, чакаючы аўтамагазін, пасядзець на прызбе ў старасты Івана Пянькоўскага і абмеркаваць штодзённыя гаспадарскія клопаты. Летам мы з бабуляй Ядзвігай часта хадзілі ў госці да вяскоўцаў. Памятаю, я зусім маленькая, схаплю моцна-моцна бабулю за руку і амаль бягу, толькі б не адстаць. Мы маглі выйсці з дома раніцай, а вярнуцца толькі вечарам!

каля бабулінага дома

Бабуля жыла на суседнім хутары, але яе заўсёды цягнула ў родную вёску… Невялікі бацькоўскі дом “бурачковага” колеру і зараз выглядае з-пад белага зімовага футра, якім яго клапатліва ахінула зіма. Побач жылі Эдуард і Гелена Амбражэвічы – стрыечны брат бабулі і родная сястра дзядулі, а насупраць, у мініяцюрнай, нібы казачнай, хаце і зараз жыве Брыгіда Люткоўская (зімой яна звычайна едзе ў Вільнюс да дзяцей). Вось тут каля калонкі мясцілася дагледжаная сядзіба Ганны Гугновіч, паводдаль дом Фелікса і Ядзвігі Люткоўскіх. У гэтым канцы (вуліцы не мелі назваў) яшчэ жылі Ганна і Станіслаў Арлоўскія, у суквеццях жоўтых здзічэлых кветак назаўсёды ў дзіцячай памяці захаваўся касабокі дом Франца Сярпейкі  і драўляны, напалову павалены, без шыбаў на вокнах, будынак магазіна, у якім шмат гадоў працавала Людміла Вайшнаровіч. Дарэчы, у магазін заўсёды любілі зазірнуць старэйшыя ўнукі Ядзвігі і Эдмунда Бразоўскіх. А як жа інакш!? Без кілаграма цукерак ці печыва маленькія гарэзы дамоў не вярталіся. Назаўсёды запісаны ў летапісе вёскі Цюпішкі імёны Марыі і Мар’яна Янскіх, Гелены Янскай, Рамана Люткоўскага, Клемянціны Залескай, Часлава і Леакадзіі Цімаховічаў, Соф’і і Вацлава Люткоўскіх, Антона і Аліцыі Зянкевічаў (жанчына нядаўна пераехала ў Карабы)…

Цяпер студзеньскай завеяй, прабіваючыся па занесеных снегам вуліцах, цяжка адрозніць пустыя хаты ад жылых. На жаль, большасць з іх закінутыя і пакрысе разбураюцца. Здаецца, зусім нядаўна мы з братам хадзілі ў жакі ў вёску, частаваліся неверагодна смачнымі, дух-мянымі пірагамі Марыі Янскай, набывалі яйкі ў гаспадыні Аліцыі Зянкевіч, жоўтае тлустае масла ў Ядзвігі Люткоўскай і яблыкі розных гатункаў у Амбражэвічаў. На школьную лінейку мы заўсёды ішлі з вялікім букетам півонь вясной і шыкоўным букетам руж восенню з кветніка Сядлецкіх. Памятаю,  як  аднойчы прыехала на веласіпедзе за ружамі, а гаспадыні не было дома, Франц Станіслававіч вырашыў дапамагчы і нарэзаў букет, вось толькі ружы былі ну вельмі кароценькія… Нічога, пасля ў школе думалі, што мама набыла мне спецыяльны “экзатычны” букет.

Франц Сядлецкі

Вельмі шмат самых цёплых успамінаў звязана з Цюпішкамі і яе жыхарамі. Кажуць, што вёска памірае, а ў душы ўсё роўна цепліцца надзея, што яна будзе жыць не адзін дзясятак гадоў… А раніцай, як толькі падымецца сонца з-за гарызонту і дасць першы кліч певень, пачуецца гучнае: “Выганяй кароў!”. І з двух канцоў вёскі выйдуць пастухі, каб вывесці ў поле дзве вялікія “кулейкі” (статак) кароў. У той час кожная сям’я трымала адну, дзве і нават тры каровы. Цяпер амаль не засталося хатняй гаспадаркі ў месцічаў, але не могуць яны сядзець без справы каля прапаленай печы, а “цюпаюцца”, як кажуць, пакуль хапае сіл і здароўя.

Населены пункт у сем жыхароў

Вёска Цюпішкі сустрэла нас цішынёй і спакоем: на вуліцы амаль ні душы, толькі Іван Казіміравіч Пянькоўскі пакарміў сабаку і спяшаўся схавацца ў цёплы дом ад студзеньскай завеі. Гаспадыня Леакадзія Іосіфаўна ўсміхаецца і кажа: “Мы ўжо як на хутары жывём!”. І сапраўды, перад паездкай у Цюпішкі прагартала кнігу “Памяць” і заўважыла, што ў 1904 годзе ў Цюпішках было 33 жыхары, у 1997 – 22 двары, 44 жыхары, а ў 2002 годзе 18 двароў і 31 жыхар. Сёння ў Цюпішках засталося ўсяго сем добрых, нераўнадушных і спагадлівых жыхароў — Іван Казіміравіч і Леакадзія Іосіфаўна Пянькоўскія, Вінцэнт Віктаравіч Юрэвіч, Брыгіда Уладзіславаўна Люткоўская, Ірэна Чаславаўна і Франц Станіслававіч Сядлецкія і Яніна Іванаўна Гардзей.

Іван Пянькоўскі

З сумам у голасе Пянькоўскія ўспамінаюць, якой была вёсачка раней. Расказваюць, як  раніцай ці ўвечары ў кожным доме “свяціліся” вокны. Як у кожнай сям’і было некалькі вяселляў, ды і ўвогуле заўсёды была нагода для свята. Хоць Пянькоўскія кажуць, што і добра жывуць, дзеці часта прыязджаюць і ўнукі, але думкамі яны ўсё роўна ў тым часе, калі былі маладымі. Ну і нічога, што няпростым было жыццё! Усё змаглі і перажылі, а лёсам было наканавана пражыць доўгае, поўнае цікавых падзей жыццё. Іван Казіміравіч і Леакадзія Іосіфаўна разам пяцьдзясят тры гады.

Леакадзія Іосіфаўна расказвае, што жыццё не заўсёды было лёгкім і простым. У дзяцінстве, калі памёр бацька, а маці забралі ў бальніцу з цяжкім запаленнем лёгкіх, яна разам з братам і дзвюма сёстрамі засталіся адныя дома. Трохгадовая Лёдзя ўсяго за некалькі дзён стала дарослай, навучылася даглядаць малодшых дзяцей, гатаваць і нават даіць карову. Застаўшыся адныя, дзеці ўспомнілі, што трэба зварыць ежу свінням. Насыпалі ў гаршкі бульбу, а паставіць у печ не змаглі, росту ды сілы не хапіла. Тады малыя знайшлі бацькоўскую пілу, каб адрэзаць калодку, стаць на яе і адправіць гаршчок на печ. Дарэчы, дарабіць справу дапамог сусед і навучыў, як правільна печ тапіць, як дровы складаць.

Хоць і маленькая тады была Леакадзія, але памятае, як, абняўшы гэту калодку, качалася на падлозе і плакала, маці клікала і тату шкадавала. У той жа вечар дзеці адправіліся на печ спаць і хату чуць не запалілі ад лямпы…

Розным было жыццё ў вёсцы. Гаспадары дома шчыра дзеляцца з намі, гасцямі,  успамінамі.

Леакадзія Пянькоўская

— Дома жыла разам з намі сястра Гелена, — расказвае Леакадзія Іосіфаўна. — Добра было нам разам, сядзем на зэдлікі, што змайстраваў муж, каля вытапленай печкі цёпла і ўтульна, спяваем песні розныя – касцёльныя і вясёлыя розныя “брындушкі”. Аднойчы суседка Брыгіда заходзіць і кажа: “Я думала, у вас госці песні тут спяваюць”. А нядаўна памерла мая Гелена, а ў Янскіх адна я засталася.

— Раней у вёсцы вяселлі часта былі, — дзеліцца Іван Казіміравіч. – Вялікія былі – шэраг з дваццаці коней ехаў, звінелі бразгуны. У Барунах каля касцёла не было месца вольнага, дзе стаць. Па вёсках дарогу закладуць жэрдкай і без цукерак ці гарэлкі не выпусцяць маладых.

— А яшчэ памятаю, як першы тэлевізар з’явіўся ў доме Тэрэзы Амбражэвіч, яна ездзіла ў Рыгу на заробкі і прывезла адтуль, — усміхаецца Леакадзія Іосіфаўна. — Вечарамі пасля працы вёскай дружна збіраліся, каб паглядзець на гэта дзіва. Такая навіна была! Памятаю, выйшла на вуліцу і дзіўлюся, як жывыя людзі ў скрыні ходзяць.

Развітаўшыся з гаспадарамі, мы адправіліся ў госці да Яніны Іванаўны Гардзей, каб яна таксама падзялілася сваімі ўспамінамі аб вёсцы, якая калісьці стала родным куточкам.

У бабуліных шкарпэтках цёпла і ўтульна

Яніна Гардзей прыехала ў Цюпішкі на працу з суседняга Смаргонскага раёна. Яшчэ ў дзяцінстве дзяўчынка вырашыла, што звяжа сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Маці ў той час працавала звеннявой у калгасе.

Яніна Гардзей

— Памятаю, як маці за-віхалася, як любіла лён, прыносіла нават дамоў яго прыгожыя блакітныя суквецці і, нібы золата, цалавала перад тым, як пачаць працу з ім, — расказвае Яніна Іванаўна. – Аднойчы мама вярнулася дамоў з упраўлення з кватаранткай Воляй. Малады спе-цыяліст — аграном прыехала на працу ў калгас, менавіта яна і падштырхнула мяне ісці вучыцца ў Навагрудскі тэхнікум. Памятаю, як яна на жарабцы ў брычцы ездзіла на поле і заўсёды мяне маленькую брала з сабой.

Пасля вучобы ў тэхнікуме ў 1969 годзе маладога спецыяліста накіравалі ў Гінеўцы ў гаспадарку загадчыцай аддзялення. Яніна Іванаўна ўспамінае, што маладой дзяўчыне адразу прадставілі “вялікі фронт работы” – ферма на семдзясят галоў, майстэрня, шмат тэхнікі… Але яе намаганні не прайшлі дарма, спецыяліст атрымала грамату Вярхоўнага Савета (у 1969 годзе быў высокі ўраджай збожжа).

Праз дзесяць гадоў разам з мужам і дзецьмі Яніна Іванаўна прыехала ў Цюпішкі і засталася назаўсёды. У той час зачынілі Шанцілаўскую школу і дачка ўжо наведвала пачатковую ў Лужышчы, а маці знайшлося месца ў гаспадарцы. За некалькі дзясяткаў гадоў Яніне Іванаўне прыйшлося перажыць шмат гора і страт, адышлі ў вечнасць блізкія людзі… У мінулым годзе і Яніну Іванаўну падвяло здароўе, “схапіў” інсульт. Жанчына кажа, што толькі дзякуючы ўрачам Ашмянскай ЦРБ Вераніцы Янушкевіч і Браніславу Ясевічу ўстала на ногі.

Яніна Іванаўна, як і раней, жыве ў Цюпішках з сабакам Мушкай, падобным да маленькага ката, як у гарадской кватэры. Зяць Валерый дапамог зрабіць рамонт, правесці ў дом ваду і наладзіць каналізацыю. Дзеці часта прыязджаюць, каб дапамагчы матулі і падтрымаць. Вось нядаўна сабраліся на чарговае свята, тады Яніна Іванаўна падарыла дзесяць пар шкарпэтак, якія за месяц паспела звязаць. На вуліцы снег, а ў шкарпэтках бабуліных заўсёды цёпла і ўтульна.

Сын Яніны Іванаўны Віталь першую адукацыю атрымаў спартыўную, выступаў на спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе ў Літве, Польшчы, Венгрыі. Віталій Гардзей – майстар спорту міжнароднага класу па лёгкай атлетыцы, трохразовы чэмпіён Беларусі па спартыўнай хадзьбе.

— Сын стаў спартсменам не проста так, — дзеліцца Яніна Іванаўна. – Разам з другім спартсменам Іосіфам Бразоўскім у “зялёнай школе” на гарадзішчы ўрокі прагульвалі. Едзем мы зерне сеяць вясной, глядзім, нейкае дзіця ідзе, спыніліся, падвезці вырашылі, а яно не сядае. Дык Віталік ішоў урокі прагульваць. Вось і хадзьба спартыўная…

Калісьці патрэбныя будынкі ферм і канюшні, якія належалі калгасу, зараз разбурае і засаджвае дрэвамі прырода. Канешне, без спагадлівага гаспадара нават самыя моцныя збудаванні не захавае час і не выратуе. Так сталася і з будынкам лазні, якую калісьці не прапускалі ніколі месцічы і госці вёскі. Заўсёды галоўным “баншчыкам” і нязменным гаспадаром тут быў Фелікс Люткоўскі.

Вяселле са снегам і завірухамі

… Доўгая цюпішская вуліца, шэраг драўляных дамоў, якія з кожным годам пусцеюць і знікаюць, аканіцы дамоў зачыняюць, непатрэбныя калодзежы забіваюць. Толькі адзінокія жыхары засталіся, каб кожны дзень выглядаць у вокны і бачыць прыгожыя пейзажы за вокнамі і аднаго-двух мінакоў, якія тут рэдкія госці…

— Дзяцей  многа раней у вёсцы было, клуб, дзве фермы, канюшня. У клубе заўсёды танцы, кіно, на полі ў футбол ганялі. Ох, і грымела вёска. У жакі хадзілі, у валачобнікі, а цяпер глуха, разляцеліся ўсе і не вернуцца ніколі, — махнула рукой яшчэ адна жыхарка Ірэна Чаславаўна Сядлецкая. Ды і людзі цяпер змяніліся – раней жылі бліжэй адзін да аднаго, хадзілі на вячоркі, мелі нагоды для размовы.

Ірэна Сядлецкая

Сядлецкія разам амаль пяцьдзясят гадоў. Яны і зараз жывуць насычаным жыццём, займаюцца хатнімі клопатамі і чакаюць у госці любімых унукаў. Нягледзячы на ўзрост, яны ніколі не сядзяць на месцы. Любяць працаваць на агародзе, на ўчастку, самастойна нарыхтоўваюць дровы і сена для каня. На прысядзібнай тэрыторыі заўсёды чысціня і парадак.

— Вяселле наша было са снегам і завірухай, — дзеліцца Ірэна Чаславаўна. – Памятаю, як да гусенічнага трактара прычапілі сані і везлі маладога з Гальшан. Распісваліся ў Маладзечна, таму давялося ісці амаль трыццаць кіламетраў пешшу. Па дарозе зайшлі ў магазін, а бабкі кажуць: “Што, дзеткі, вучыцца ідзяце?”. Адказваем: “Не, жаніцца!”.

Ірэна Чаславаўна цікавіцца навінамі, як па тэлебачанні, так і нашу раёнку не забывае пачытаць. Ёй заўжды цікава, што адбываецца на Ашмяншчыне. На сцяне ўжо прымацаваны новы каляндар “Ашмянскага весніка”, на стале пад акулярамі  — апошні нумар раёнкі і газеты “Сябра пенсіянера”. Пошту прывозяць толькі раз на тыдзень – у суботу, таму навіны ў дом “прыходзяць” крыху са спазненнем. Самі гаспадары ў Гальшаны дабіраюцца на кані ці пешшу:

— Ідзём на прыпынак раніцай, цёмна вельмі, — кажа Франц Станіслававіч. – Кажам, як раней уся вёска зіхацела бы ў агнях, а цяпер глуха, як быццам нікога няма.

Заходзячы за калітку, адразу звяртаеш увагу на дагледжаны  і акуратны двор, на вялікую канструкцыю з вінаграда над ганкам. Гаспадары “прыбядняюцца” і кажуць, што да парадку далёка, фарбу купілі і рамонт хацелі восенню зрабіць, але адклалі на вясну ўжо. Раней унукі на ўсё лета прыязджалі, а цяпер ім сумна тут. Школьнікі цэлае лета былі, дапамагалі дзядулі з бабуляй сена вазіць. Усе хацелі “таптаць” на возе, ледзьве не біліся, таму прыходзілася ўсталёўваць чаргу.

Да “Маяка” на экскурсію

За апошнія гады ў Цюпішках не будаваліся новыя дамы і ніхто з вяскоўцаў не вярнуўся ў роднае гняздо назаўсёды, вось толькі летам дачнікі прыязджаюць.

Памяць аб мінулым вёскі Цюпішкі, аб яе жыхарах, несумненна, захоўваецца і ў рэчах, якія яны зрабілі сваімі рукамі. Добра ў Цюпішках памятаюць народнага ўмельца Франца Сярпейку, які вырабляў цудоўныя рэчы з залатой саломы. Цудоўныя вырабы майстравала і Леакадзія Пянькоўская, вышываныя і вязаныя рэчы і зараз упрыгожваюць дом.

Не забываюць вёску і турысты, якія наведваюць геадэзічны пункт Дугі Струвэ, які месцічы заўсёды называлі “Маяк”. Раней на ўзвышшы часта стаялі салдаты, праводзілі спецыяльныя вучэнні і ставілі вышку, якую і называлі “маяком”.

— Па вёсцы і цяпер часта ездзяць турысты ў пошуках Дугі Струвэ, — расказваюць Сядлецкія. — Дарога, праўда, да яе толькі летам ёсць. А так то размые дажджом, то снегам засыпе.

… «Дрэвы паміраюць, калі перастаюць пазнаваць змены года і не адгукаюцца рэхам; вада – калі забывае, куды ёй плыць, і нікому не спатольвае смагі…”, – пісаў у сваім вершы Максім Танк. А вёска? Калі памірае вёска!? Напэўна, яна не памірае, а знаходзіць працяг у сваіх жыхарах, якія засталіся тут назаўсёды.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *