У Крэйванцах адкрылася новая школа. Рэпартаж

Образование События

Першага верасня для жыхароў аграгарадка Крэйванцы стала двайным святам. Па-першае,  пачатак восені абвясціў аб пачатку навучальнага года і заклікаў дзяцей на ўрачыстую лінейку. Па-другое, лінейка гэта прайшла ў новым будынку. Гэтага дня мясцовыя жыхары чакалі больш дзесяці год. І не толькі таму, што будынак  базавай школы ўжо істотна знасіўся і не мог адпавядаць сучасным патрабаванням, але і таму, што малышы не мелі дзіцячага садка. Новая ўстанова адукацыі вырашыла ўсе гэтыя пытанні. Вучэбна-педагагічны комплекс, які ўзнік ў самым цэнтры аграгарадка, на месцы, дзе амаль два дзесяцігоддзі назад і размяшчалася дашкольная ўстанова,  прыме ў сваіх сценах і школьнікаў, і малышоў. Сёлета ў прыгожым і сучасным будынку будуць вучыцца 67 вучняў. Ад бацькоў дашкольнікаў паступіла 18 заяў. Магчыма, іх будзе яшчэ больш.

Шкада, што будаўнікі не змаглі поўнасцю адбудаваць установу да пачатку навучальнага года, аднак гэта акалічнасць не змагла сапсаваць настрой вучням, дашкольнікам, настаўнікам і іх бацькам.  Святочная лінейка сабрала не толькі жыхароў гэтага сучаснага будынка, але і шматлікіх гасцей, кожны з якіх выказаў шчырыя словы віншавання з нагоды такой значнай падзеі.  Старшыня райвыканкама Юрый Адамчык папрасіў прабачэння ў дзяцей за тое, што ім так доўга прыйшлося чакаць гэтага святочнага моманту, што не змаглі раней ў раёне вырашыць пытанне з будаўніцтвам дзіцячага садка-школы ў Крэйванцах. Кіраўнік раёна паабяцаў вучням, што ў хуткім часе побач  з вучэбным комплексам з’явіцца  ўніверсальная спартыўная пляцоўка – праект на яе будаўніцтва ўжо гатовы. Начальнік аддзела адукацыі Наталля Кучынская падзякавала ўсім, хто прымаў удзел у будаўніцтве. А гэта не толькі работнікі ААТ “Будаўнік”, але і настаўнікі, тэхнічныя работнікі, вучні і іх бацькі. Дырэктар  вучэбна-педагагічнага комплексу Генадзь Гіль дадаў, што важкі ўклад у гэтую неабходную справу ўнеслі таксама работнікі мясцовай гаспадаркі, Будзёнаўскага лясніцтва, ААТ “Радыётэхніка”,  мясакамбіната і сыраробнага завода, ваеннаслужачыя-пагранічнікі, прыватныя прадпрыемствы “ЕўраАлвіта” і “Туалсан”.  Шчыра дзякаваў дырэктар і бацькам вучняў, якія амаль усё лета завіхаліся на будаўніцтве: Уладзіміру Зарэцкаму і Ігару Зелянеўскаму, які працаваў разам з сынам.

Каб павіншаваць навасёлаў, на святочную лінейку прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Сцяшанок, дырэктар УКСа Станіслаў Хілінскі, старшыня сельвыканкама Валянціна Вінцаловіч, намеснік старшыні СВК “Крэйванцаўскі” па ідэалагічнай рабоце Алена Жук, ксёндз касцёла Найсвяцейшага імя Марыі в. Мураваная Ашмянка Сяргей Яхімовіч.  Ад імя бацькоў дзяцей і настаўнікаў павіншавала  з пачаткам навучальнага года Людміла Палітаева. Ад кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі маленькія навасёлы атрымалі падарункі.

Самымі галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасці сталі першакласнікі. Восем дзяўчынак і хлопчыкаў нават не зусім ясна ўсведамлялі, што адбывалася ў той дзень. З шырока раскрытымі вачыма яны глядзелі на шматлікіх гасцей, слухалі песні, якія для іх выконвалі вучні старэйшых класаў, прымалі падарункі і словы віншаванняў ад дзевяцікласнікаў і не зусім упэўнена расказвалі для такой вялікай аўдыторыі  першыя вершы. Прыгожа прыбраныя, з вялікімі букетамі, яны стаялі на святочнай лінейцы і назіралі за тым, што адбываецца наўкол. Пасля таго, як старшыня райвыканкама Юрый Адамчык разам з дырэктарам Генадзем Гілем перарэзалі чырвоную стужку і вучаніца дзевятага класа Марына Вінцаловіч разам з першакласнікам Дзянісам Александровічам абвясціла аб першым школьным званку,   малышы разам са сваёй настаўніцай Аленай Даўжук  першымі зайшлі ў школу.

Прыгожая і светлая, яна рада была прыняць не толькі навасёлаў, але і гасцей.   Больш аднаго мільярда сямісот мільёнаў было выдаткавана з раённага бюджэту  на будаўніцтва ўстановы адукацыі. Ва ўсіх класах і кабінетах, сталовай, санвузлах пастаўлена новая мэбля і абсталяванне. Будзе ў вучняў і камп’ютарны клас. Усё гэта абышлося  больш чым ў 60 мільёнаў рублёў. Ацяпляцца пабудова будзе ад аўтаномнай кацельнай, якая знаходзіцца на балансе РУП ЖКГ. Вялікая работа чакае педагагічны і вучнёўскі калектыў па добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі. І хаця асноўную яе частку выканаюць будаўнікі, прыгажосць прыйдзецца наводзіць менавіта гаспадарам.  Побач з новым будынкам размесціцца пладовы сад: яго перанясуць ад старой школы. На тры мільёны закуплена экзатычных  зялёных насаджэнняў, якія ўпрыгожаць тэрыторыю.

Якой будзе школа па сваім змесце, залежыць толькі ад навасёлаў. Яны цяпер гаспадары гэтага шыкоўнага збудавання.  Як заўважыў ксёндз Сяргей,  будынак – гэта яшчэ не школа. Першая школа для вучняў – гэта сям’я. Грамадства – гэта таксама школа. Толькі паважаючы адзін аднаго, памятаючы аб сваім зямным прызначэнні, аб тым, што веды патрэбны не толькі самому, але перш іншым людзям, юныя грамадзяне  стануць  няхай невялічкай, але моцнай цаглінкай, з якой складаецца трывалы падмурак нашай краіны.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *