Санкі, лыжы і канькі! Або як адпачываюць ашмянцы?

Культура

Па ўсім бачна, зіма ўвабралася ў сілу. Беласнежным дываном прыцерушыла сцежкі-дарожкі і сонныя палеткі, якія будуць адпачываць да вясны, надзейна укутала лясы, упрыгожыла пухнатымі шапікамі паркі і скверы.


Разам з сабой клапатлівы студзень прыхапіў сапраўднае зімовае надвор’е — з марозам і снегам. Ну чым не раздолле для аматараў актыўнага адпачынку?! Памятаеце, Ніл Гілевіч пісаў:
Вось і прыйшлі жаданыя
Зімовыя дзянькі.
Дык даставай схаваныя
І саначкі каваныя,
І лыжы, і канькі!

Сапраўды, хіба можна ўсядзець дома, калі на заснежанай горцы шум і смех?! Здаецца, там сабраліся ўсе сябры. Адныя катаюцца на санках, новамодных ватрушках і лядзянках, другія пайшлі на каток.


Сённяшнім лагодным зімовым днём многія ашмянцы спяшаюцца на лыжныя трасы і лядовыя пляцоўкі — трэба скарыстаць магчымасць, якую падарыла надвор’е.
Нашы карэспандэнты высвятлялі, якія зімовыя забавы дапамагаюць дзецям і дарослым зрабіць адпачынак вясёлым і карысным.


Яраслаў Чарняк:
— Я катаюся першы год. Ведаеце, канькі чымсьці нагадваюць ролікі, а на роліках я катаюся даўно. Таму і на лёд выйшаў без страху. Спачатку крыху падаў, а зараз нічога — налаўчыўся. Люблю таксама з сябрамі пракаціцца на санках з горкі.

Асвойваю лыжы. Добра, што ёсць снег і можна трэніравацца.


Карына Несцерава:
— Вось прабегла першы круг па школьнай лыжні і вельмі задаволена. Хаця не магу сказаць, што ён даўся надта лёгка — снег крыху ліпне. Сёння і ўсе наступныя дні мы з дзяўчатамі па камандзе будзем рыхтавацца да зімовага шматбор’я, у праграму якога ўключаны лыжы. Так што сумяшчаем прыемнае з карысным.


Андрэй Лукашэвіч:
—  Снежнае надвор’е асабліва радуе настаўнікаў фізкультуры. Шкада, што яно доўга не трымаецца. Выкарыстоўваем кожную магчымасць, з задавальненнем становімся на лыжы, хлопцы гуляюць у хакей. Акрамя таго, актыўна рыхтуемся да Сусветнага дня снегу, які плануем правесці ў сярэдняй школе №1 19 студзеня. Як заўсёды, будзе весела і цікава.


Наталля Кухарава:
— А мы з сяброўкамі любім катацца ў Сухой. Сёння мы — першапраходцы. Вельмі прыемна, што ў нашым раёне ствараюцца добрыя ўмовы для заняткаў спортам, што актыўна падтрымліваецца здаровы лад жыцця. Упэўнена, нашаму прыкладу паследуюць іншыя, і заўтра-паслязаўтра тут будзе яшчэ больш шматлюдна. Тым больш што зіма абяцае затрымацца.


Як адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, умовы для заняткаў зімовымі відамі спорту створаны ва ўсіх пятнаццаці ўстановах адукацыі: пракладваюцца лыжныя трасы, пры паніжэнні тэмпературы заліваюцца каткі, арганізаваны пракат спартыўнага інвентара.


Дарэчы, як паведаміў загадчык сектара спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама Аляксандр Дзенісенка, “скрыжаваць” клюшкі аматары гульні ў хакей могуць і на лядовай пляцоўцы ў горадзе, што ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. На гарадской пляцоўцы ў квартале Будаўнікоў працягваюцца работы па заліўцы катка. І калі слупок тэрмометра пераможа дзённы “нуль” і апусціцца на некалькі дзяленняў ніжэй, гараджане і госці райцэнтра змогуць ацаніць яшчэ адну лядовую пляцоўку.


Зіма, не канчайся!
Людміла РЫБІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *