Як дом сумеснага пражывання стаў прытулкам для чатырох жыхарак Ашмяншчыны

Культура

Два гады таму ў горадзе адчыніў свае дзверы дом сумеснага самастойнага пражывання для пажылых людзей, які стаў прытулкам і другім домам для чатырох жыхарак Ашмяншчыны – Камеліі Уладзіславаўны Кузняцовай, Ірэны Эдвардаўны Воўчак, Ганны Паўлаўны Козік і Веры Іосіфаўны Ушаковай.

Малодшай жыхарцы — 85 гадоў

Кватэра, у якой жывуць жанчыны, – утульная і сучасная. Тут усё створана для камфортнага правядзення часу і спакойнай старасці: спальныя месцы, у пакоі адпачынку — мяккая канапа і тэлевізар, на кухні — неабходная бытавая тэхніка, санвузел, ванная.

Нягледзячы на тое, што самай старэйшай жыхарцы гэтага дома амаль дзевяноста гадоў, а самай малодшай — восемдзесят пяць, яны імкнуцца жыць насычаным жыццём, і ў гэтым ім дапамагае сацыяльны работнік Людміла Іванова.

сацыяльны работнік Людміла Іванова

Людміла Фёдараўна дапамагае жанчынам планаваць бюджэт, набывае прадукты, гатуе і прыбірае. Калі трэба, то сацыяльны работнік суправаджае жанчын у касцёл ці царкву, аптэку ці бальніцу. Чулы спецыяліст прысвячае ім цэлы дзень, а бывае, выходзіць на працу ў выхадны.
Ёсць у доме і крызісны пакой (дадатковы ложак у адным з пакояў), дзе кожны пажылы чалавек, якому ў сувязі з пэўнымі жыццёвымі абставінамі стала цяжка знаходзіцца ў сям’і, можа часова пажыць з жанчынамі.

Гісторыі жыцця

Адчыніўшы дзверы дома, звяртаеш увагу на цеплыню, якая агортвае амаль адразу, на чысціню і парадак. У зале на століку — газеты і кнігі, якія не паспела прачытаць Вера Іосіфаўна, на тумбачцы ў пакоі Ірэны Эдвардаўны недавязаная кофта… Рознакаляровымі агеньчыкамі зіхацяць вокны, упрыгожаныя бялюткімі папяровымі сняжынкамі, красуецца маленькая зялёная прыгажуня – сімвал Новага года…


Мы сабраліся ў зале з жыхаркамі дома, дырэктарам цэнтра Ліліяй Невяркевіч і псіхолагам Алесяй Карповіч. Пакуль жанчыны выбіралі зручнае месца, жартавалі між сабой ды дзякавалі Богу, што самі могуць зрабіць хоць гэтыя простыя рэчы. На самай справе, яны проста “прыбядняліся”, бо, нягледзячы на сталы ўзрост, выбіраюцца да дзяцей за горад, дапамагаюць сацыяльнаму работніку прыбіраць дома, а летам зноў плануюць разбіць невялікі кветнік і градкі.

Размаўляючы з жанчынамі, разумееш, якія яны цікавыя. У іх вачах, нібы ў люстэрку, адлюстроўваецца вялікі жыццёвы вопыт і надзея. Гісторыі ў іх розныя.

Камелія Кузняцова два гады таму прыехала з апусцелай вёскі Зялёны Бор. Сын Камеліі Уладзіславаўны жыве ў Расіі, а дачка ў Літве, таму яны нячастыя госці на Ашмяншчыне. Канешне, стараюцца хоць раз на год праведаць пажылую маці, якой хутка споўніцца дзевяноста гадоў, і завітаць у бацькоўскі дом.

З Навасядаў сюды перабралася Ірэна Воўчак. Жанчыне споўнілася восемдзесят сем гадоў, але аб спакойнай старасці думаць не прыходзіцца. У яе дапамозе маюць патрэбу родныя – пажылая дачка адна жыве ў Повішнях, хворая ўнучка Святлана ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Жупранах, а трынаццацігадовая праўнучка Алена знаходзіцца ў доме сямейнага тыпу. Яна сваю прабабулю не забывае і стараецца ў вольны час завітаць у госці.

Не пакідаюць унукі і Ганну Козік з вёскі Дакурнішкі (адкуль родам васьмідзесяціпяцігадовая жанчына), прывозяць зеляніну і малочныя прадукты. У Ганны Паўлаўны два сыны, але, на жаль, яны самі хварэюць, таму пасля службы ў царкве жанчына ездзіць да дзяцей.

Самая актыўная жыхарка дома – адзінокая Вера Іосіфаўна Ушакова — прыехала ў Ашмяны з вёскі Драглёўцы. Нягледзячы на тое, што ёй ужо восемдзесят восем гадоў, яна стараецца весці актыўны лад жыцця.

Замест лекаў – праца і выдатны настрой

Кожная з жанчын ніколі не сядзіць без справы, а заўсёды знаходзіць сабе занятак па душы. Камелія Уладзіславаўна любіць гатаваць, рабіць на зіму нарыхтоўкі, а вясной і летам працаваць на вуліцы. Ганна Паўлаўна і Ірэна Эдвардаўна сочаць за кветнікам і займаюцца ўборкай у пакоях. Веры Іосіфаўне падабаецца займацца хатнімі справамі і чытаць, таму псіхолаг Алеся Карповіч, ідучы на заняткі, заўсёды заходзіць у бібліятэку, каб выбраць некалькі выданняў для жанчыны.

На кожным падаконніку нават зімой яркімі фарбамі “гараць” суквецці герані, якія старанна даглядае Ірэна Эдвардаўна. Псіхолаг цэнтра Алеся Карповіч расказала пра геранетэрапію і выдатныя лячэбныя ўласцівасці расліны, таму жанчыны вырашылі, што такі нетрадыцыйны спосаб лячэння ім не пашкодзіць.
Па радасных тварах, шчырых усмешках і бляску ў вачах кожнага члена гэтай сям’і разумееш: менавіта так павінны выглядаць сяброўкі, шчасце якіх у тым, што яны крочаць разам. Кожны вечар жанчыны стараюцца выходзіць на вуліцу падыхаць свежым паветрам, пасядзець на лавачцы, паназіраць за людзьмі, а Вера Іосіфаўна любіць “пакінуць” сябровак каля дома і павольна ідзе на прагулку да фантана “Радыётэхнікі”.

Дома, як у санаторыі

Амаль з адкрыцця дома сумеснага пражывання з’явілася паслуга «Санаторый на даму», якую аказваюць супрацоўнікі раённай бальніцы і псіхолаг цэнтра. Алеся Карповіч выкарыстоўвае нетрадыцыйныя метады аздараўлення — ароматэрапію, фітатэрапію, псіхалагічныя рэлаксацыі і разгрузкі з выкарыстаннем масажораў, гімнастыку, фізічныя практыкаванні.

У дзень нашага візіту ў дом сумеснага самастойнага пражывання быў запланаваны такі занятак з псіхолагам. Жанчыны хутка пераапрануліся ў лёгкую спартыўную форму і занялі свае месцы на крэслах. Паколькі ў доме госці, то гімнастычны занятак скарочаны. Жыхаркі дома чыталі спецыяльныя вершы і выконвалі нескладаныя практыкаванні з хусткамі.

Алеся Карповіч расказала, што комплексы практыкаванняў у іх розныя. Абавязковы “атрыбут” заняткаў – гэта псіхалагічныя размовы, гутаркі аб стане здароўя і правільным харчаванні. Таксама псіхолаг праводзіць рэлаксацыйныя заняткі.

Некалькі разоў на месяц наведвае жанчын і ўчастковы тэрапеўт, урач дае рэкамендацыі, назірае і сочыць за станам здароўя. Не абмінаюць дом і шматлікія спонсары, прадстаўнікі савета ветэранаў, юныя валанцёры СШ №3, пажылыя валанцёры аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей, работнікі ТЦСАН і святары. Апошніх асабліва чакаюць напярэдадні рэлігійных свят. У мінулым годзе, напрыклад, ксёндз прыйшоў да жанчын з падарункамі ў вобразе Святога Мікалая.

Пах бабуліных бліноў з мачанкай

У доме прыемна пахне хатняй ежай. Людміла Фёдараўна расказвае, што меню яна прыдумвае сама, паколькі ўсім жанчынам далёка за восемдзесят гадоў, то і рацыён трэба падбіраць згодна з асаблівасцямі арганізма і медыцынскімі паказаннямі. Раніцай абавязкова на стале каша – манная, аўсяная, грэчневая, чай ці кава з малаком. На абед Людміла Фёдараўна гатуе суп — боршч, халаднік ці курыны булён. На другое звычайна гатуюцца стравы з мяса ці рыбы. Вячэраюць жанчыны сцісла і “дыетычна”.

У выхадныя дні жанчыны могуць дазволіць крыху свавольстваў і прыгатаваць вясковую мачанку з блінамі і салодкія блінчыкі з тварагом. За пліту становіцца Камелія Уладзіславаўна, а абавязкі “су шэфа” тады з вялікім задавальненнем выконвае сацыяльны работнік. Людміла Фёдараўна прызнаецца, што за два гады працы ў доме яна даведалася і запісала не адзін дзясятак гаспадарскіх сакрэтаў, а нататнік папоўнілі некалькі дзясяткаў рэцэптаў смачнай вясковай кухні.

На схіле жыцця сталі сям’ёй

У адной са сваіх кніг Уладзімір Караткевіч напісаў: “Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў”. Цікава, але, назіраючы за сціплымі жанчынамі, за іх шчырымі позіркамі, за павольнымі і крыху нязграбнымі рухамі, за цёплымі натруджанымі рукамі, якімі яны, нібы з вялікага пыльнага куфра са скарбамі, адзін за адным выцягваюць жыццёвыя ўспаміны, разумееш, што гэта сапраўды так. На схіле жыцця сустрэліся незнаёмыя жанчыны пад адным дахам і сталі сапраўднай сям’ёй.

Як і ў кожнай сям’і, у іх доме “замацаваліся” свае традыцыі. Яны пачалі адзначаць рэлігійныя святы і дні нараджэння. Людміла Фёдараўна дапамагае жанчынам накрыць на стол, а Алеся Леанідаўна заўсёды дорыць прыемныя падарункі – партрэты сваіх падапечных. “Вось толькі няма каму аддаваць і пакідаць сваіх партрэтаў”, — з сумам у голасе адзначае Камелія Кузняцова.

Звычайны дзень “нестарэючага квартэта” праходзіць проста. Раніцай кожную з жанчын можна ўбачыць за малітвай, пасля яны гатуюць смачны сняданак і кожны займаецца любімай справай або проста бавіць час каля тэлевізара, назіраючы за перыпетыямі любімых тэлешоу “Давай поженимся”, “Модный приговор”, “Суд присяжных” і “Поле чудес”. У нядзелю суседкі любяць уключыць каталіцкае радыё і паслухаць святую імшу. А яшчэ ім ніколі не бывае сумна, заўсёды знойдзецца тэма для размовы і нагода для жартаў, якія дастае з запаснікоў памяці Ірэна Эдвардаўна.

Птушкі з падбітым крылом

Нягледзячы на камфортныя ўмовы ў доме сумеснага пражывання, адзінокім жанчынам нялёгка пакідаць свае дамы… То светлая ўсмешка ледзь кранала іх вусны, то па шчаках каціліся слёзы, калі мы гаварылі пра іх вёсачкі, пра родныя “гнёзды”, як кажуць жанчыны, самі падобныя да птушак. Вось толькі з падбітым крылом.

…Сваёй цеплынёй і прыгажосцю ахінае зямлю свята Божага Нараджэння. Дываном “карункавых” сняжынак накрыў зямлю студзень. У вясковай цішыні над бязмежнымі палямі з’яўляюцца нядоўгія марозныя сонечныя прамяні, а галінкі высокіх дрэў засцілае іней. З комінаў маленькіх драўляных дамоў вылятае тонкі струменьчык дыму… Цудоўны студзень дорыць надзею і напаўняе жыццё цудамі. Вось такім яно было заўсёды, жыццё ў розных вёсачках, падобных адна на адну, – Навасядах, Драглёўцах, Зялёным Бары і Дакурнішках.

Кацярына РУДЗІК.
Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *