У Ашмянах прайшло мерапрыемства, прысвечанае беларускай паэтэсе Яўгеніі Янішчыц

Культура

Кожны дзень мы сустракаем сяброў і незнаёмых мінакоў. Многія з такіх сустрэч заўсёды цёплыя і шчырыя. Такія спатканні абавязкова пакідаюць пасля сябе добрыя ўспаміны і дапамагаюць з іншага боку паглядзець на простыя рэчы. Апошнім часам для мяне такімі сталі творчыя сустрэчы ў раённай бібліятэцы, якія разам з бібліятэкарамі арганізоўвае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Галінская. Апошняя адбылася на пачатку снежня.

Гадзіну паэзіі “Будзе вечна блізкім рэхам гучаць твой голас малады” прысвяцілі беларускай паэтэсе Яўгеніі Янішчыц, якой сёлета магло б споўніцца семдзясят гадоў. Мерапрыемства праходзіла ў рамках раённага бібліятэчнага конкурсу “Бібліятэка: кнігі, чытач, творчасць”.


Падчас сустрэчы вядучыя Святлана Галінская і Вольга Швец разам з аматарамі паэзіі перагортвалі старонкі жыццёвай і творчай біяграфіі беларускай Ганны Ахматавай, дзяліліся ўспамінамі сяброў паэтэсы, літаратараў і крытыкаў, арганізоўвалі віртуальную экскурсію ў музей паэтэсы. Разам з дзесяцікласнікамі СШ №1 Ангелінай Адашкевіч, Аляксандрай Кандратовіч, Марынай Бартановіч, Уладзіславам Калпаком і Мацвеем Курневічам яны прачыталі лірычныя радкі Яўгеніі Янішчыц аб каханні, мацярынстве, радзіме, родным доме, прыродзе… Марыя Астрамовіч і Яўгеній Храпіцкі дэкламавалі вершы беларускіх аўтараў, прысвечаныя паэтэсе.
Творы паэтэсы гучалі ў песнях (відэазапісе) барда Таццяны Беланогай, у выкананні ашмянцаў, якія запісалі відэа ў гарадскім парку.

Шчыра і пранікнёна прачытала любімыя вершы Яўгеніі Янішчыц мясцовая паэтэса Ядзвіга Чаплінская. Яна так пранікнулася творчасцю палескай ластаўкі, што прысвяціла ёй верш “Памяці Яўгеніі Янішчыц”. Чароўнымі гукамі скрыпкі, баяна і гітары напоўнілі бібліятэчную залу настаўнікі школы мастацтваў Ірына Асмольская, Алеся Місюкевіч і Вікторыя Андрыеўская.
Няхай паэтэсе Яўгеніі Янішчыц было наканавана пражыць усяго сорак гадоў, але яна паспела расказаць свету, якая яна, і пакінуць сваё імя ў беларускай літаратуры. Талент, дар ад прыроды, ранні творчы дэбют… І цяжкая жыццёвая дарога. Узлёт “палескай ластаўкі” і цяжкае падзенне з небасхілу. Напэўна, выратаваннем для яе былі вершаваныя радкі, але і тыя рвалі душу на часткі, а затым, нібы лекі, загойвалі глыбокія раны…
Завяршылася мерапрыемства аглядам кніжнай выставы “Ластаўка беларускай паэзіі”. Вось і сёння “палеская ластаўка” ўзмахнула крылом на развітанне і, як мантру, паўтарыла самае важнае: “Пачынаецца ўсё з любові, а інакш і жыць немагчыма”.
Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *