Калектыў міжраённага аддзела судовых экспертыз наведаў Ашмянскі краязнаўчы музей

Силовые ведомства

У калектыва Ашмянскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз работа напружаная і складаная. Яна вымагае шмат часу, які вельмі часта перастае размяжоўвацца з асабістым. І ў святы, і ў выхадныя прыходзіцца парой ім ахвераваць. Аднак начальнік аддзела Валерый Галамбоўскі лічыць, што для вывучэння гісторыі роднага краю ў калегаў заўжды час знаходзіцца. Ашмяншчына – мясціна цікавая ў многіх аспектах. У яе багатая шматвекавая спадчына, адметныя славутасці і людзі, якія ў розныя часы праслаўлялі гэты край. Таму абавязак тых, хто тут нарадзіўся і жыве, распаўсюджваць веды сярод іншых.

У калектыве міжраённага адзела працуюць спецыялісты з другіх абласцей рэспублікі, з іншых раёнаў. Іх знаёмства з тым месцам, дзе яны ўладкаваліся на працу, пачынаецца з Ашмянскага краязнаўчага музея. Супрацоўнікі гэтай установы заўсёды рады сваім гасцям. Падчас агляднай экскурсіі па залах музея наведвальнікі з цікавасцю знаёмяцца з мінуўшчынай не толькі Ашмян і ваколіц, але і ўсяго павета, з падзеямі, якія звязаны з нашым рэгіёнам. Чарговае наведванне музея калектывам міжраённага аддзела судовых экспертыз прыйшлося якраз на выставу фотакартак калекцыянера Уладзіміра Багданава, прысвечаную тэме Першай сусветнай вайны, хаця і іншыя залы не менш прыцягвалі ўвагу экспертаў-крыміналістаў.

— Гісторыя Ашмяншчыны не менш цікавая, чым мінулае Воранаўскага раёна, адкуль я родам, — адзначыла эксперт-крыміналіст Ілона Ложачнік. – Многія падзеі і постаці, якія пісалі гісторыю, пераплятаюцца між сабой. Імя Францішка Багушэвіча цесна звязана не толькі з Ашмяншчынай, але і з нашым краем. У Доцішках, на Воранаўшчыне, ён працаваў у школе настаўнікам. Прыемна, што мае веды пра беларускага паэта паглыбіліся менавіта тут.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.