У аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей адкрылася выстава Клаўдзіі Васілеўскай

Общество

Некалькі год у горадзе працуе аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Для шматлікіх жыхароў Ашмяншчыны яно з’яўляецца не проста дзяржаўнай установай, а месцам душэўных сустрэч сяброў і знаёмых. Цішыню вялікіх пакояў незнарок парушаюць звонкія галасы наведвальнікаў, прыгожыя мелодыі музычных кампазіцый і чароўныя радкі вершаў. Кожны з сяброў аддзялення знайшоў занятак па душы, удзельнічае ў цікавай рабоце аб’яднанняў і клубаў, “спаборнічае” ў шматлікіх конкурсах, займаецца спортам, знаёміцца з камп’ютарам, вучыцца карыстацца “навамоднымі” смартфонамі. Некаторыя наведвальніцы аддзялення знайшлі сябе ў валанцёрстве…

Нездарма кажуць, што ўзрост не ў пашпарце, а ў душы. Маладыя душой, актыўныя, таленавітыя, творчыя, — яны кожны дзень спяшаюцца ва ўніверсітэт мудрасці і даўгалецця, дзе іх заўсёды з усмешкай і добрым словам сустракаюць супрацоўнікі аддзялення Аксана Бітэль, Ларыса Сурынава і Людміла Барабанава. У гэты раз добрай нагодай сабрацца ў сценах аддзялення стала адкрыццё выставы наведвальніцы Клаўдзіі Маркаўны Васілеўскай, якая напярэдадні адзначыла свой васьмідзясяты юбілей.

Разглядаючы цудоўныя вышываныя карціны Клаўдзіі Васілеўскай, усведамляеш, колькі цікавых і таленавітых людзей мы сустракаем на сваім шляху. Яны напаўняюць наша жыццё яркімі фарбамі, станоўчымі эмоцыямі і душэўным цяплом. Усё гэта ў свае працы ўклала і Клаўдзія Маркаўна. Сярод цудоўных рознакаляровых выяў жывёл і людзей можна ўбачыць невялікі сілуэт Леніна ў шэрых танах… Клаўдзія Маркаўна расказвае, што вышыла яго ў шасцідзясятых гадах, але шкада было развітвацца з гэтай працай, таму і захавала. Пачэснае месца ў хатняй калекцыі займаюць карціны па рэлігійнай тэматыцы, некаторыя з іх жанчына аздобіла пацеркамі і бісерам. Большасць цудоўных работ з выявамі святых майстрыха паспела асвяціць у храме.

Творчасцю Клаўдзія Маркаўна займаецца з маленства. Канешне, працы дзесяцігадовай дзяўчынкі адрозніваюцца ад цяперашніх, але яны вельмі дарагія сэрцу, таму і засталіся на памяць. Захоўваюцца і ручнікі, абрусы, сурвэткі, кашулі з вышытымі ўзорамі. Як скарб,  знайшлі сваё месца на паліцах ручнікі з вяселляў унучак Клаўдзіі Маркаўны. Самую вялікую карціну “Развітанне Алега з канём” жанчына вышывала некалькі месяцаў. Можна смела казаць, што кожная праца жанчыны — адлюстраванне яе самой, унутранага свету і мараў. У кожнай карціне яе думкі, пачуцці і эмоцыі… Мноства сваіх вырабаў жанчына падарыла родным – дачкам Святлане і Галіне, унукам Сняжане, Аляксандры, Алене і Аляксандру і праўнучкам Варвары, Майі і Злаце.

Пасля прэзентацыі творчых работ Клаўдзіі Маркаўны студэнты ўніверсітэта мудрасці і даўгалецця перамясціліся ў кафэ “Забота”, дзе за кубкам чая правялі час ў сяброўскай атмасферы. Святочны настрой, як заўсёды, стваралі супрацоўнікі аддзялення, а сёння і агенты выдатнага настрою — Аксана Бітэль і Ларыса Сурынава.

На вялікім экране змяняліся здымкі з сямейнага архіва Васілеўскіх, на якіх адлюстраваліся самыя важныя моманты жыцця. Паўсюдна панаваў добры настрой, гучалі галасы пажылых людзей і гучныя апладысменты, час ад часу залу напаўнялі мілагучныя кампазіцыі валанцёра Аляксандра Найраноўскага.

Сяброўская сустрэча ва ўніверсітэце мудрасці і даўгалецця яшчэ раз прадэманстравала, што тут сабраліся творчыя, яркія і актыўныя асобы, якіх на Ашмяншчыне нямала. Сённяшнія наведвальнікі аддзялення запэўніваюць, што жыццё на пенсіі толькі пачынаецца, галоўнае — выйсці за дзверы сваёй кватэры і сустрэць такіх жа неабыякавых людзей. Для нашых “студэнтаў” выхад на заслужаны адпачынак – гэта пачатак новага і цікавага падарожжа ў жыцці. А з такімі суседзямі любая прыгода ў радасць!

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.