Эксклюзіўныя цацкі знаёмяць з Ашмяншчынай

Культура

Сапраўдны цуд бачаць штораніцы работнікі школы, вучні і госці, калі заходзяць у СШ №3. У холе ўстановы адукацыі размясцілася вялікая колькасць незвычайных ялінак. Цэлы лес вялікіх і маленькіх, пухнатых і стромкіх, строгіх і ў выглядзе казачных чалавечкаў дрэўцаў “вырас” тут у снежні.

Творчая фантазія вучняў, бацькоў і настаўнікаў стварыла гэты цуд з самых розных матэрыялаў: адслужыўшых свой век мабільных тэлефонаў, камп’ютарных дыскаў, пакетаў ад соку, паветраных шароў, паперы, фальгі, тканіны, воўны і кардону, канструктара “Лега” і дроту…

Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Дануты Янцэвіч, у конкурсе на самую незвычайную ёлку прынялі ўдзел усе класы школы. Чыя ёлка стане лепшай, вызначыць онлайн галасаванне.

— Пакуль усе, хто заходзіць у школу, не мінаюць гэты чароўны куток, — адзначыла Данута Францаўна. – Адна з ялінак пераселіцца ў СШ №1, дзе адбудзецца адкрыццё рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Гэта ёлка 1 “Б” класа (класны кіраўнік Наталля Багдановіч), прысвечаная Году малой радзімы. Цацкі, якія ўпрыгожваюць ялінку, адлюстроўваюць славутасці нашага раёна. Па гэтай прыгажуні можна вывучаць гісторыю Ашмянскага краю.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.